Больш за 300 бізнес-планаў ад Мінскай вобласці ўдзельнічаюць у конкурсе

На конкурс сумеснага праекта Мінэканомікі Беларусі і Праграмы развіцця ААН, што фінансуецца ЕС, пададзена больш за 2 тыс бізнес-ідэй. Аўтарам лепшых ідэй акажуць фінансавую падтрымку.

У праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Беларусі" удзельнічаюць 12 раёнаў краіны. Мінскую вобласць прадстаўляюць удзельнікі з Барысаўскага і Маладзечанскага раёнаў.

На першым этапе быў праведзены конкурс бізнес-ідэй для ацэнкі прадпрымальніцкага патэнцыялу, на які паступіла больш за 2 тыс заявак. Лідарамі аказаліся прадстаўнікі Мінскай вобласці- 365 ідэй на два раёны. Зараз праходзіць другі этап-прыём заявак для ўдзелу ў конкурсе на фінансаванне ініцыятыў, накіраваных на развіццё інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва.

Для прадстаўнікоў кожнага з рэгіёнаў падчас другога этапу арганізавалі навучальны семінар у Мінску. У ім удзельнічала 67 чалавек. Сярод іх каманды з райцэнтраў, з сельскай мясцовасці. Аўтары заявак плануюць стварыць інфраструктуру для падтрымкі сацыяльнага прадпрымальніцтва, фермерства і арганічнага земляробства. Ёсць і прапановы, звязаныя з інфармацыйнымі тэхналогіямі для бізнесу. Усяго 36 ідэй на два раёны.

Дарэчы, бюджэт на падтрымку бізнес-інкубатараў складзе $1 млн 320 тыс. Ініцыятывы, якія атрымаюць фінансаванне, будуць вызначаны ў канцы восені гэтага года.

Дадаткова

Праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Беларусі" прадугледжвае 4 механізмы фінансавай падтрымкі: стартапаў і кластарных ініцыятыў, бізнес-інкубатараў, арганізацый — пастаўшчыкоў паслуг па мікрафінансаванні і суб'ектаў сацыяльнага прадпрымальніцтва. Таксама ў рамках праекта будзе распрацоўвацца механізм працы фонду падтрымкі прадпрымальніцкіх сацыяльна значных ініцыятыў.

Чытаць 40 разоў

1