Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту «Строчыцы»

Музей знаходзіцца ў прыгараднай зоне Мінска, у 4-х кіламетрах на паўночны захад ад яго, паміж вёскамі Азярцо і Строчыцы. Тут злучаюцца воды ціхай Пцічы і гістарычна вядомай Менкі. Ва ўтульным асяроддзі размешчаны помнікі народнай архітэктуры з розных гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі. Тут, побач з гарадзішчам, злучыліся Гісторыя і Культура, каб з'явілася новае, музейнае жыццё...

Пастанова аб стварэнні Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту была прынята Вярхоўным Саветам рэспублікі ў 1976 годзе. З гэтага часу вядзецца праца па стварэнні музея пад адкрытым небам. Тэрыторыя музея – помнік геалагічнай гісторыі і эвалюцыі ландшафтаў Беларусі – знаходзіцца амаль у цэнтры Мінскага ўзвышша, недалёка ад вышэйшай ў рэспубліцы кропкі над узроўнем мора. Тут сыходзяцца ўзвышшы Беларусі з усходу і захаду, поўначы і поўдня.

У аснову навукова абгрунтаванай структуры яго экспазіцыі пакладзена раянаванне матэрыяльнай культуры беларусаў, у адпаведнасці з якім тэрыторыя рэспублікі дзеліцца на наступныя рэгіёны: Паазер'е, Падняпроўе, Цэнтральная Беларусь, Усходняе і Заходняе Палессе, Панямонне (Падзвінне). Асобна прадугледжаны сектары “Мястэчка” і “Унікальныя помнікі”. Кожны рэгіён прадстаўлены фрагментам тыповага паселішчы XIX - пачатку XX стст. з традыцыйнай забудовай (гаспадарчыя і культавыя пабудовы, сядзібы і двары, вытворчыя будынкі, малыя формы і мемарыяльныя помнікі).

Праводзяцца экскурсіі для дарослых і дзяцей. Сярод іх “Народная архітэктура рэгіёнаў”, “Беларускае народнае ткацтва”, “Інтэр'еры гаспадарчых пабудоў”, “Чароўны куфар”, “Па адзенні сустракаюць”, “Каласок” і іншыя. Госці могуць наведаць выставы “Ветраныя млыны Беларусі”, “Транспартныя сродкі”.

Шаша Масква-Брэст на поўдні і вядомая з X стагоддзя дарога Мінск-Гарадзішча-Івянец - на поўначы служаць злучнымі звёнамі з іншымі транспартнымі камунікацыямі і іншымі музеямі вобласці: у Прылуках, Ратамцы і Заслаўі.