Мемарыяльны комплекс «Хатынь»

Былая вёска Лагойскага раёна Мінскай вобласці Хатынь стала сімвалам трагедыі беларускага народа, журботнай старонкай гісторыі часоў Вялікай Айчыннай вайны.

У Хатыні жылі звычайныя беларускія сяляне, якія апрацоўвалі зямлю, вырошчвалі ўраджай, гадавалі дзяцей, спраўлялі вяселлі і святы.

Трагедыя напаткала Хатынь ў марозны сонечны дзень 22 сакавіка 1943 года. Раніцай атрад карнікаў акружыў вёску. З дамоў выгналі старых, дзяцей, жанчын і мужчын. Хворых і нямоглых падштурхоўвалі прыкладамі. Усіх іх сагналі ў хлеў на ўскраіне і падпалілі. Згарэлі 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей. Тых, хто спрабаваў выратавацца, расстрэльвалі. У полымі, якое ахапіла усю вёску, зніклі 26 дамоў. Цудам выратаваліся 5 дзяцей і 1 дарослы - Іосіф Камінскі (прататып скульптуры «Няскораны чалавек»).

На месцы былой вёскі (54 км ад Мінска) у памяць пра ахвяр фашызму на тэрыторыі Беларусі узведзены мемарыяльны комплекс «Хатынь». Архітэктары: Ю. Градаў, В. Занковіч, Л. Левін, скульптар С. Селіханаў. Комплекс паўтарае планіроўку былой вёскі, уключае элементы «Могілкі вёсак», «Плошча Памяці», «Сцяна Смутку», «Дрэва жыцця».

Мемарыял адкрыты 5 ліпеня 1969 года, з тых часоў стаў месцам ўсенароднага пакланення. Наведвальнікаў сустракае бронзавая скульптура Непакорнага чалавека, які паўстаў жывым з агню, вынес адтуль цела мёртвага хлопчыка і нясе яго, нясе праз гады, як бы прамаўляючы сваімі сціснутымі вуснамі вечны праклён фашызму, праклён любому злу на Зямлі.

Побач, на месцы хлява, дзе фашысты спалілі жыхароў Хатыні, чорная пліта, якая нагадвае дах, якая стала апошнім прытулкам загінулым. На брацкай магіле Вянок Памяці з белага мармуру са словамі наказу мёртвых жывым: Людзі добрыя, помніце: мы любілі жыццё і Радзіму нашу, і Вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: хай жалоба і смутак абернуцца ў мужнасць вашу і сілу, каб змаглі вы зацвердзіць вечна мір і спакой на Зямлі. Каб з гэтага часу нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыццё не памірала!. З іншага боку вянка адказ жывых загінуўшым: Родныя вы нашы. Галовы ў смутку вялікім схіліўшы, стаім перад вамі. Вы не скарыліся фашысцкім забойцам ў чорныя дні ліхалецця. Вы прынялі смерць, але полымя любові да Радзімы нашай савецкай давеку не згасне. Памяць пра вас у народзе несмяротная, як вечная наша Зямля і вечна яркае сонца над ёю.

Былая вясковая вуліца выкладзеная шэрымі (пад колер попелу) жалезабетоннымі плітамі. На месцы кожнага спаленага дому - вянок зруба з шэрага жалезабетону, усярэдзіне яго абеліск у выглядзе коміна з мемарыяльнай плітой, на якой прозвішчы і імёны спаленых жыхароў дома, наверсе - звон; у кожнага вянка зруба жалезабетонная веснічкі. 26 хатынскіх званоў разносяць па свеце горкую памяць зямлі беларускай. Завяршае мемарыяльны комплекс “Дрэва жыцця” з назвамі 433 вёсак рэспублікі, знішчаных разам з жыхарамі і адноўленых пасля вайны.

Мемарыяльны комплекс “Хатынь” - сімвал народнай памяці. Мала дзе ў свеце бывае такая задуменная, напружаная цішыня, як у Хатыні, - толькі шоргат крокаў на бетонных сцяжынках, толькі глухія ўдары званоў. Сумная цішыня ... Яна хавае ў сабе і гул лютага агню, і дзіцячы плач, і адчайныя крыкі маці, і гнеўныя праклёны паміраючых у полымі мужчын. Суровай і лаканічнай мовай распавядае мемарыял аб мужнасці і непахіснасці беларускага народа.

За 33 гады існавання мемарыяльны комплекс наведалі каля 35 мільёнаў чалавек больш чым са 100 краін свету. У ліку ганаровых наведвальнікаў комплексу - сакратары ААН У Тан і Х. Перэс дэ Куэльяр; дзяржаўныя лідэры Рычард Ніксан, Раджыў Гандзі, Фідэль Кастра, Ясір Арафат, Урхо Калева Кеканена, Нурсултан Назарбаеў, Роберт Качаран, Ху Цзіньтаа і многія іншыя.

Мемарыяльны комплекс «Хатынь» быў цалкам адрэстаўраваны да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На гэтыя мэты было выдзелена каля 1,2 мільярда рублёў, у тым ліку Мінскім аблвыканкамам - 400 мільёнаў рублёў.

Першага ліпеня 2004 года дзяржаўны мемарыяльны комплекс “Хатынь” наведалі Прэзідэнты Беларусі, Расіі і Украіны.