«Цяпер мы брэндавы аграгарадок». У Дзешчанцы Узденскага раёна адкрылі сімвалічны знак Бульбе
«Цяпер мы брэндавы аграгарадок». У Дзешчанцы Узденскага раёна адкрылі сімвалічны знак Бульбе

Кожная краіна мае свой гастранамічны брэнд, які бясконца піярыць. На Усходзе частуюцца сушы, на Захадзе — піцай і макаронамі. Харчовая «візітная картка» нашай краіны — бульба. На Міншчыне ёсць месца, дзе яе любяць асабліва — аграгарадок Дзешчанка Уздзенскага раёна. Кожную восень тут ладзяць бульбяныя ярмаркі, кірмашы, фэсты. Не стаў выключэннем і гэты год: сёння ўсіх, хто не можа жыць без «другога хлеба» запрашаюць на рэгіянальны фестываль-ярмарку «Бульбяны фэст”. Фішка свята — адкрыццё сімвалічнага знака Бульбе. Дарэчы, пасадзейнічаў гэтаму непасрэдна старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын.

Увогуле, з бульбай у жыхароў Дзешчанкі асаблівыя адносіны. Яшчэ 11 год таму (15 верасня 2010 года) на базе мясцовага вучэбна-педагагічнага комплекса «Дзешчанскі дзіцячы сад-сярэдняя школа» з’явіўся першы на Беларусі музей бульбы. Чаму менавіта тут? Усё проста: раней на месцы ўстановы адукацыі знаходзілася эксперыментальная база імя Суворава, дзе спецыялісты вырошчвалі новыя насенныя сорты бульбы беларускай селекцыі. Пасля тут пабудавалі дзіцячы сад-сярэднюю школу, і, каб зберагчы гісторыю населеннага пункта, на яе базе стварылі музей бульбы. Экспанаты збіралі, як кажуць, усім светам — і хутка іх набралося пад сотню. Але чагосьці ўсё роўна не хапала…

Як адзначыла кіраўнік школьнага музея бульбы Людміла Жандармава, калі ёсць музей — павінен быць і знак бульбе! Дзеці разам з бацькамі прыдумалі макеты, распрацавалі дызайн магчымага сімвалічнага знака, але ўсё гэта так і засталося на паперы.

Пакуль 1 верасня 2020 года ўстанову адукацыі не наведаў Аляксандр Турчын. Школьнікі запрасілі кіраўніка вобласці ў школьны музей бульбы, і пад час размовы з старшынёй аблвыканкама вучаніца 11 класа  Хрысціна Жылюк адзначыла: не перашкодзіла б стварыць у аграгарадку знак у гонар брэндавай агародніны. Аляксандр Турчын ініцыятыву вучняў падтрымаў, параіў правесці конкурс на лепшы дызайн сімвалічнага знака і паабяцаў дапамогу ў яго вырабе.

На працягу года школьнікі, іх бацькі і настаўнікі выбіралі лепшы праект будучага знака. Варыянтаў, між тым, было шмат: бульба з вусамі і чубам, бульба з саламяным капелюшом, бульба з дзяржаўным флагам. Нарэшце, пасля ўсеагульнага галасавання, быў вызначаны макет-пераможца — камень, на якім зверху ўсталяваны кошык з бульбай. Непасрэдна выбарам месца, распрацоўкай макета займаўся актыўны жыхар Дзешчанкі, паважаны жыхар Уздзеншчыны Вадзім Лойка. А вось фінансавыя рахункі ўзяў на сябе кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі «Алімп-Агра» Юрый Лойка.

Юрый Лойка  з жонкай Аленай

Сёння мара жыхароў аграгарадка здзейснілася: знак у гонар смачнага беларускага брэнда з’явіўся побач з установай адукацыі. На свята бульбы завітаў і Аляксандр Турчын.

— Калі б не падтрымка кіраўніка вобласці, мы б дагэтуль яшчэ марылі пра сімвалічны знак у гонар бульбы. Ён падтрымаў нас, і справа пайшла на лад! Цяпер мы брэндавы аграгарадок! — з гордасцю кажа Хрысціна Жылюк. — Спадзяёмся, што знак бульбе стане славутасцю ўсяго Уздзенскага раёна, а з часам ператварыцца ў папулярнае месца для турыстаў.

Дарэчы, як адзначыў Аляксандр Турчын, фестываль-ярмарка «Бульбяны фэст» мае ўсе шанцы выйсці за межы вобласці:

— У гэтым годзе свята мае лакальны характар, але я ўпэўнены, што ў будучым яно перарасце ў маштабнае свята! Калі не міжнароднага ўзроўню, то рэспубліканскага адназначна! Для гэтага ўсё ёсць. Да таго ж, бульба — гэта не проста культура, гэта брэнд краіны. Многія асыцііруюць Беларусь менавіта з бульбай!

Адзначыў старшыня Мінаблвыканкама і поспехі беларускіх вучоных у развіцці бульбаводства:

— Мяркую, што яны на правільным шляху, бо вельмі шмат сортаў бульбы даюць добрыя ўраджайнасці, моюць добрыя смакавыя якасці, — падкрэсліў Аляксандр Турчын. — Хацелася б, каб мы такія вынікі атрымлівалі паўсюдна па краіне. Пакуль жа ўраджайнасцю і смакам мы занадта пахваліцца не можам. Таму нам ёсць, да чаго імкнуцца. І гэта тычыцца не толькі бульбы. Маецца на ўвазе ўвогуле садавіна і агародніна, што прапаноўваюць нашыя вучоныя. Асабліва тая прадукцыя, якая вывозіцца за межы краіны.

Пасля адкрыцця сімвалічнага знака Бульбе школьнікі запрасілі Аляксандра Турчына на выставу дасягненняў навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, а таксама сельскагаспадарчых арганізацый Уздзенскага, Дзяржынскага, Стаўбцоўскага і Лагойскага раёнаў. Азнаёміўся кіраўнік вобласці і з працай сялянска-фермерскай гаспадаркі «Алімп-Агра».

Наведаў Аляксандр Турчын вучнёўскую эксперыментальную лабараторыю, што працуе на базе вучэбна-педагагічнага комплекса «Дзешчанскі дзіцячы сад-сярэдняя школа». Дзевяцікласнікі Ганна Клімашэвіч і Улад Іваноў расказалі пра цікавае даследаванне бульбы:

— У лабараторыі мы праводзім розныя доследы. Так, у пазамінулым годзе вывучалі ўласцівасці бульбы, хацелі высветліць, ад чаго залежыць яе смак! — тлумачыць Ганна. — Чыталі шмат літаратуры і прыйшлі да высновы, што смак «другога хлеба» залежыць ад колькасці крахмалу, бялка, глюкозы, цукру, саланіна. І ўжо пасля бралі розныя сорты бульбы і вывучалі, які змяшчае больш крахмалу, бялка. Як ўвогуле саланін ўплывае на смак бульбы!

Вучні даследавалі 5 сортоў бульбы, у тым ліку «Першацвет», «Каралева Ганна», «Радрыга».

— Аказалася, што ўсе яны амаль не адрозніваюцца па колькасці таго ж крахмалу (прыкладна 13-18%), бялка. Усе ўніверсальныя, іх можна выкарыстоўваць для прыгатавання розных страў! — аўтарытэтна заявіў Улад. — Аднак з таго ж «Скарба» атрымліваецца самае смачнае пюре. «Брыз» лепей падыходзіць для бульбы-фры. А вось «Радрыга» — ідэальны для варкі і салатаў!

Школьнікі наглядна прадэманстравалі, як праводзілі вопыты, а пасля прапанавалі прадэгуставаць вараны «Скарб» і бульбу-фры з «Брызу».

— Фры, канешне, не самая карысная ежа, аднак адзін раз можна! — пажартаваў Аляксандр Турчын. І расказаў пра свае смакавыя перавагі:

— Для мяне смажаная бульбачка з цыбулькай, а калі яшчэ грыбоў дадаць — самы выдатны смак! Ну і, канешне, дранікі! Хаця іх добра прыгатаваць трэба, каб смачныя былі!

Між справай, старшыня пацікавіўся ў вучняў, куды плануюць паступаць, ці вызначыліся з будучай прафесіяй.  Хрысціна Жылюк падзякавала Аляксандра Турчына за дапамогу ва ўсталяванні сімвалічнага знака Бульбе і прапанавала зрабіць сумеснае фота на яго фоне.

І ўсе ж пабываць на свяце ў гонар бульбы і не паспрабаваць яе — непрабачная памылка. Тым болей, что выбраць тут было з чаго: бульба вараная, смажаная, у збаночках, клёцкі… Я нават пашкадавала, што дома добра паснедала. Але ўсё ж не ўтрымалася: пачаставалася свежаспечанымі дранікамі са смятанкай! Смаката!

Пакуль адны госці фэсту дэгуставалі «вінавайцу ўрачыстасці» — іншыя бавілі час на спартыўнай пляцоўцы, інтэрактыўных «Шашкібульб», «Горад майстроў». Тут жа можна было ацаніць працы ўдзельнікаў конкурса-выставы малюнкаў і вырабаў з бульбы.

Паклапаціліся арганізатары фестывалю-ярмаркі і пра самых маленькіх гасцей: для іх наладзілі «Бульбяныя забавы», дзіцячыя атракцыёны.

За добры настрой пад час фэсту адказвалі аматарскія калектывы і прафесійныя выканаўцы Уздзенскага, Дзяржынскага і Стаўбцоўскага раёнаў. І са сваёй задачай яны спраўляліся на «выдатна»! А вечарам, калі крыху сцямнее, пачнецца дыскатэка. Тэматыка, мяркую, вам зразумела — бульбяная!

Галерея изображений