Жодзінскі пісьменнік Віталь Жураўскi ў ліку пераможцаў рэспубліканскага літаратурнага конкурсу
Жодзінскі пісьменнік Віталь Жураўскi ў ліку пераможцаў рэспубліканскага літаратурнага конкурсу

«Выдавецкі дом «Звязда», рэдакцыя часопіса «Вожык» і Мінскае гарадское аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі падвялі вынікі літаратурнага конкурсу, прысвечанага 80-годдзю старэйшага дзяржаўнага выдання сатыры і гумару. Жодзінскі пісьменнік у ліку пераможцаў рэспубліканскага конкурсу.

На разгляд прафесійнага журы, у склад якога ўвайшлі вядомыя пісьменнікі, дасведчаныя ў справах сатыры і гумару, паступіла 170 твораў ад 57 аўтараў. У іх ліку і гумарэска нашага земляка Віталя Жураўскага «Сем кантынентаў».

Члены журы ўважліва вывучылі ўсе атрыманыя творы і, як прызналіся, шчыра насмяяўшыся, вызначылі пяцёрку пераможцаў. За ўменне пісаць творы ў няпростым жанры сатыры і гумару трэцяе месца прысуджана жодзінцу Віталю Жураўскаму. Трэба адзначыць, што наш зямляк не навічок гумарыстычнай нівы. Творчасць пісьменніка і раней была звязана з «Вожыкам», у часопісе ён пачынаў друкавацца, доўгі час з’яўляўся яго пастаянным аўтарам.

Пішу гэта ў мінулым часе, бо стала вядома, што часопіс па эканамічных абставiнах перастаў друкавацца. Свой прыз – паўгадавую падпіску – Віталь, на жаль, пакуль не зможа атрымаць.

Віталь Жураўскі – аўтар некалькіх гумарыстычных і гістарычных кніг. Іх можна знайсці ў гарадской бібліятэцы і кніжным магазіне.

Пісьменнік Віталь Жураўскі – аўтар дэтэктыва “Похищенный орден”, зборніка аповесцяў і апавяданняў “Літоўскія прыгоды троіцы”, аповесці “Кот с колокольчиком на шее”, гумарыстычных кніг “Гумар майго горада”, “Жывём, хлеб жуём”, “Маналог падсуднага”.

Галерея изображений