Республиканская акция «Наш животновод» посетила молочно-товарную ферму в Пуховичском районе

Пятница, 27 января 2017 14:10  |  Источник  Пухавіцкія навіны

Штодзень спяшаюцца на ферму работнікі жывёлагадоўчай галіны. Спяшаюцца на працу, якую ніяк не назавеш лёгкай. Аднак многія з іх прысвяцілі гэтай справе не адзін дзясятак гадоў.

Юлія Комлева

Такія самаадданыя людзі працуюць і на малочнатаварнай ферме “Сяргеевічы”. У рамках рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод”,  ініцыятарам якой стаў Рэспубліканскі камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, калектыў фермы наведала старшыня райкама прафсаюза работнікаў агра-прамысловага комплексу Людміла Арэхоўская.

— Акцыя пачалася ў снежні мінулага года і будзе доўжыцца да красавіка. Яе галоўная мэта — падтрымаць працаўнікоў жывёлагадоўгі, удзяліць іх складанай  працы больш увагі, — адзначае Людміла Арэхоўская. — Перадавікоў раёна мы ўшаноўваем штогод на розных святах. Аднак такіх высокіх вынікаў дасягаюць толькі некалькі чалавек. Падчас акцыі “Наш жывёлавод” мы адзначаем лепшых працаўнікоў на кожнай ферме, арганізуем сустрэчы з калектывамі. Ужо павіншавалі  жывёлаводаў  ААТ “Аграсімвал”, ААТ “Вецярэвічы”, ААТ “Шацк”.

Іна Цісецкая

На МТФ “Сяргеевічы” госцю з падарункамі віталі з радасцю.  Калектыў сабраўся разам, каб павіншаваць сваіх перадавікоў.

Аператары машыннага даення Юлія Комлева і Іна Цісецкая — лепшыя ў гаспадарцы.  Жанчыны сваю працу любяць. Юлія Мікалаеўна ўжо на працягу дзесяці гадоў ходзіць з дому на ферму звыклым маршрутам.

— Я прыехала ў вёску Сяргеевічы разам з мужам з Магілёва. Дагэтуль вопыта працы ў сельскай гаспадарцы не было, — расказвае жанчына. — У той час глабальных планаў на далейшае жыццё не прагледжвалася. Жыць  і працаваць тут мне спадабалася, таму і засталася. Спачатку было цяжкавата прызвычаіцца да новага месца, аднак зараз з упэўненасцю магу сказаць, што ў мяне ёсць любімая работа.

Іна Цісецкая 23 гады працуе аператарам машыннага даення. Прыйшла па прыкладу маці, якая таксама працавала на ферме.

36 гадоў на адным месцы працуе аператар па вырошчванні цялят Тамара Макарэвіч.

—  Я мясцовая, жыву ў вёсцы Кавалевічы. Прыйшла на ферму адразу пасля  школы. У дзяцінстве дапамагала  маці, якая працавала на ферме, таму працу ведала, — успамінае Тамара Мікалаеўна. — У нас склаўся  працаздольны калектыў, ёсць добры кіраўнік. Спадзяюся, што разам мы пераадолем часовыя цяжкасці.

Дырэктар Петр Макаравец віншуе Тамару Макарэвіч і Алену Сянько

З аптымізмам глядзіць у будучыню і аператар па вырошчванні цялят Алена Сянько. Жанчына 25 гадоў працуе ў жывёлагадоўлі. Калісьці даіла кароў, а апошнія 19 гадоў даглядае цялят.

Падзякаваць за працу  перадавікам фермы і ўсяму калектыву прыехаў дырэктар гаспадаркі Пётр Макаравец. Ён узначаліў СУП “Сяргеевічы” толькі паўгода таму. Вынікі работы пакуль невысокія, у тым  ліку і ў жывёлагадоўлі, таму наперадзе ў калектыва гаспадаркі яшчэ шмат працы.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Прочитано 545 раз