Региональные новости: Воложинский район

Вторник, 14 февраля 2017 09:30  |  Источник  Працоўная слава

Рэгіянальныя навіны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі ШТЭЙНЕР

За 2016 год у раёне для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома выдзелены 149 участкаў, 114 з іх — грамадзянам, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Самая вялікая забудова вядзецца ў Ракаўскім сельсавеце, зямля на яго тэрыторыі карыстаецца найвялікшым попытам з-за блізкасці сталіцы. У гэтым сельсавеце выдзелены летась 60 участкаў пад індывідуальнае будаўніцтва, усе толькі тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Па Валожыне (мікрараён вёскі Ганчары) выдзелены 21/21 участак, па Івянцы – 18/18, Валожынскім сельсавеце – 23/2, Івянецкім – 9/6, Вішнеўскім – 4/0, Гародзькаўскім – 7/0, Дорскім – 2/2, Пяршайскім – 5/5. За студзень бягучага года прынята рашэнне аб выдзяленні 26 участкаў пад жыллёвае будаўніцтва, 19 з іх – тым, хто стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў.

За мінулы год па раёне прадпрыемствамі рознай формы ўласнасці, арганізацыямі і ўстановамі сабрана 404,4 тоны макулатуры, 83,7 тоны палімерных адходаў, 45,2 тоны зношаных шын, 7,5 тоны адходаў бытавой тэхнікі і 4,7 тоны адпрацаваных маслаў.

Даведзенае зверху заданне выканана толькі па зборы шкла. Яго было сабрана 642,5 тоны, што склала 107 працэнтаў да запланаванага. За першы месяц бягучага года ўжо сабрана 21,6 тоны макулатуры (2,2 тоны – райспажыўтаварыства, 14,3 – жылкамунгас і 5,1 – “Еўраопт”), шкла – 27 тон 239 кілаграмаў (15,5 тоны – нарыхтоўчы пункт ТАА “Веда-Транзіт”, які знаходзіцца на вуліцы Набярэжнай у Валожыне, 9,95 тоны – жылкамунгас, 1,8 – райспажыўтаварыства), палімерных матэрыялаў – 4 тоны 236 кілаграмаў (2,935 тоны – жылкамунгас, 1 тона – райспажыўтаварыства і 301 кілаграм – “Еўраопт”), адходаў бытавой тэхнікі – 138 кілаграмаў (ЖКГ).

У бягучым годзе ў раёне зарэгістраваны 7 новых юрыдычных асоб і 12 індывідуальных прадпрымальнікаў.

Сярод юрыдычных асоб з’явіліся дзве новыя фермерскія гаспадаркі, адна з якіх будзе разводзіць рыбу, дзве фірмы аптовага гандлю, фірма, якая будзе аказваць турыстычныя паслугі. Новыя індывідуальныя прадпрымальнікі ў пераважнай большасці будуць аказваць паслугі па рамонце аўтамабіляў, займацца будаўнічымі і аддзелачнымі работамі. У Ракаве зарэгістраваны ІП, які будзе аказваць псіхалагічную дапамогу сем’ям, дзе ўзнікаюць праблемы з выхаваннем падлеткаў. За студзень ліквідаваны 2 юрыдычныя асобы і спынілі сваю дзейнасць 6 індывідуальных прадпрымальнікаў.

У Валожынскім прафесіянальным сельскагаспадарчым ліцэі завяршыўся прадметны Тыдзень кваліфікацыі “Вадзіцель аўтамабіля”, у якім прымалі ўдзел навучэнцы III курса.

У рамках Тыдня прайшлі тэарэтычны конкурс па ўстройстве аўтамабіля і Правілах дарожнага руху, практычны конкурс па кіраванні аўтамабілем, віктарына на замежнай мове па прафесіі. Пераможцам прызнаны Дзмітрый Загорскі (група 35-960). Другое і трэцяе месцы занялі Дзмітрый Навіцкі (35-95) і Дзмітрый Платановіч (35-96).

У раённым турніры па баскетболе сярод мужчынскіх каманд прынялі ўдзел 6 каманд.

Выйграла турнір каманда выпускнікоў гімназіі. Другое і трэцяе прызавыя месцы занялі каманды райаграпрамтэхнікі і выпускнікоў Багданаўскай сярэдняй школы. Тройка пераможцаў узнагароджана граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і грашовымі прызамі.

Члены аддзялення дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва – людзі, пра якіх гавораць, што старасць іх дома не застане.

Яны любяць тэатры і канцэрты, падарожжы па рэспубліцы і выезды на прыроду. 5 лютага 19 чалавек пабывалі ў Мінску, дзе ў музычным тэатры паглядзелі аперэту “Цыганскі барон”. 


 

Заўтра адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

Чарговая – 28-я гадавіна вываду савецкіх войск з Афганістана зноў збярэ разам удзельнікаў баявых дзеянняў у гэтай краіне. Для былых афганцаў дата 15 лютага – напамін аб юнацтве, апаленым вайной, аб таварышах, разам з якімі прайшлі праз многія выпрабаванні. А яшчэ гэта важкая нагода, каб наведаць магілы тых, хто не дажыў да дня сённяшняга ці пайшоў з жыцця пазней у выніку цяжкіх раненняў, хваробы...

 Воіны-інтэрнацыяналісты Рэніслаў Часлававіч Савіцкі, Юрый Андрэевіч Кліцоў, Рыгор Мікалаевіч Русакевіч.

 Фота і тэкст Валянціны КРАЎНЕВІЧ


 

Яе прафесія – яе прызванне

Прафесія фельчар (ад нямецкага Feld – поле) узнікла яшчэ ў часы сярэдневякоўя. Так называлі ваеннага медыка, што ў палявых умовах лячыў параненых. Пры савецкім часе гэта спецыяльнасць шырока распаўсюдзілася, калі ў населеных пунктах сталі адкрывацца фельчарска-акушэрскія пункты, дзе хворыя маглі атрымаць даўрачэбную дапамогу.

Сёння для вясковага насельніцтва, як і дзесяцігоддзі назад, гаспадыня ФАПа – сельскі доктар. Вось так, не зважаючы на нюансы тэрміналогіі, называюць і Леаніду Васільеўну Дзянісік жыхары навакольных вёсак, што атрымліваюць медыцынскія паслугі ў Дорскім ФАПе. На ўчастку, які ёй даводзіцца абслугоўваць, – 11 населеных пунктаў, дзе пражываюць 773 чалавекі.

Колькі сябе помніць, яна марыла аб медыцыне, хаця яскравага ўяўлення аб ёй не мела. Проста імкнулася дапамагаць хворым людзям. У 7 класе трапіла ў бальніцу. Лячыцца давялося працяглы час, таму ў цікаўнай дзяўчынкі з’явілася цудоўная магчымасць паназіраць за дзейнасцю ўрачоў і іх памочніц – медыцынскіх сясцёр. Ах, як ёй хацелася ўжо тады памераць бялюткі халат, а за магчымасць хаця б патрымаць у руках шпрыц ці танометр гатова была аддаць многае. Скончыўшы школу на выдатна, паступіла ў Маладзечанскае медыцынскае вучылішча. Чым больш адкрываўся для яе свет медыцыны, напоўнены складанымі тэрмінамі і дыягназамі, тым з большым задавальненнем пагружалася яна ў яго. У той час існавала агульнасаюзнае размеркаванне. Такім чынам юная беларуска трапіла ў Таджыкістан. Менавіта там акунулася ў загадкавы і складаны свет радзільнага дома, дзе давялося дапамагаць маладым парадзіхам і немаўлятам. Пазней вярнулася на Радзіму, працаўладкавалася на ФАП у Бабровічы, дзе прыйшлося ўзяць на сябе абавязкі і ўрача, і медсястры.

“Сельскі фельчар – не прафесія, гэта лад жыцця, – расказвае жанчына. – Пастукаць у вокны тваёй хаты могуць у любы час сутак. На прыняцце рашэння, ад якога часта залежыць жыццё чалавека, бывае, адводзіцца толькі некалькі імгненняў. Здараюцца і цяжкія (ва ўсіх сэнсах) пацыенты”. Тым не менш, Леаніда Васільеўна ні разу не расчаравалася ў сваім выбары.

Пасля замужжа пераехала ў Доры. З 1973 года адзіным месцам працы стаў мясцовы ФАП. Для трох пакаленняў вяскоўцаў яе прафесіяналізм і чалавечая спагада сталі мерай, па якой ацэньваюць медыцынскіх работнікаў.

Леаніда Васільеўна самым неабходным і адначасова самым складаным у сваёй рабоце лічыць цярпенне. Толькі яно дапамагае правільна сабраць анамнез, выслухаўшы ўсе скаргі хворага, паставіць дакладны дыягназ і назначыць аптымальнае лячэнне.

На працягу ўсяго жыцця заставацца здаровым шанцуе нямногім. Ад першага крыку да апошняга ўздыху амаль кожнага з нас суправаджаюць людзі ў белых халатах. Жыхарам Дорскага сельсавета пашанцавала – больш за 40 гадоў побач з імі жанчына з добрымі вачамі і велізарным вопытам работы – фельчар Л. В. Дзянісік.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

 

Прочитано 295 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Лён - это особая культура и отношение к ней должно быть особым…»

14.08.2017
Рабочая поездка, Слуцкий район