Региональные новости: Воложинский район

Четверг, 23 февраля 2017 10:20  |  Источник  Працоўная слава

Рэгіянальныя навіны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі Штэйнер

У адкрытым рэспубліканскім конкурсе малюнка “Дарыце свята поштай”, арганізаваным РУП “Белпошта”, адзінаццацікласніца гімназіі № 1 г. Валожына Яна Кірвасы прыняла ўдзел па ўласнай ініцыятыве.

Дзяўчына прачытала пра яго ў Інтэрнэце. Па ўмовах конкурсу патрабавалася знайсці “непапулярнае” (не з тых, што пазначаны чырвоным колерам у календары ці агульнавядомыя) свята і зрабіць паштоўку. Яна выбрала Дзень сяброў і адкрытку аформіла ў выглядзе “пісьма да сябра”. Здольнасцей юнай мастачцы не займаць – Я. Кірвасы скончыла аддзяленне выяўленчага мастацтва Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў, была пераможцай і прызёрам раённых і рэгіянальных конкурсаў. У намінацыі 15 гадоў і старэйшыя Яна Кірвасы заняла другое месца. А нядаўна гімназістка падпісала дагавор з “Белпоштай” на выпуск набору адкрытак пераможцаў і прызёраў конкурсу, дзе будзе і яе асабістая паштоўка, з указаннем прозвішча мастака. Адзін набор Яна атрымае ў падарунак як аўтарскі экзэмпляр.

Сяржант воінскай часці № 30695 Сяргей Мянцюк прыняў удзел у ХХ фестывалі армейскай песні “Звязда”.

Непрафесіянальны музыкант, які ўсяго некалькі гадоў таму заявіў пра сябе на раённай сцэне, паспяхова прайшоў два этапы конкурсу і выйшаў у фінал. Сяргей выконваў песню “Поле памяці” (словы У. Някляева, музыка Л. Захлеўнага). Фінальны канцэрт павінен адбыцца ў сталічным Доме афіцэраў. Пажадаем жа ўдачы нашаму земляку!

Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так шматкватэрны дом – з пад’езда. Нехта абыякавы да таго, у якім стане знаходзіцца пад’езд і не заўважае нічога навокал, а ёсць і іншыя прыклады. Неабыякавыя людзі гатовы зрабіць рамонт у пад’ездзе за ўласныя грошы.

У студзені будаўнічая брыгада жылкамунгаса працавала ў першым пад’ездзе дома № 22 па вуліцы Партызанскай у райцэнтры. За сродкі жыльцоў пад’езд пабялілі, пафарбавалі алейнай фарбай сцены, поручні. Зараз па жаданні гаспадароў кватэр алейнай фарбай малююць дарожкі на лесвічных пляцоўках. Пасля рамонтных работ самі жыльцы будуць далей надаваць пад’езду дамашнюю ўтульнасць, на свой густ.

Розныя формы работы шукаюць работнікі Івянецкага музея традыцыйнай культуры, каб прыцягнуць моладзь у свае залы. Напярэдадні Дня закаханых яны аб’явілі акцыю сярод мясцовых карыстальнікаў сацыяльных сетак.

Патрабавалася прыйсці ў музей і на фоне яго экспазіцый зрабіць уласнае фота. Затым размясціць яго ў Іnstagram, Facebook альбо ВКонтакте. Перамогу абяцалі таму, хто набярэ больш лайкаў. Усяго 10 юных івянчан пажадалі ўвасобіць сябе ў мясцовым музеі. Перамагла школьніца Марыя Новік, чыё фота атрымала 74 лайкі. 16 лютага дзяўчыне быў уручаны абяцаны прыз – народная лялька-абярэг, вырабленая ў музейнай майстэрні.

Загадчыца аддзялення тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Алена Аляксееўна Рай прыняла ўдзел у семінары-трэнінгу “Асноўныя правілы суправаджэння людзей з парушэннямі зроку”.

Такі трэнінг быў арганізаваны абласной арганізацыяй таварыства інвалідаў па зроку сумесна з камітэтам па працы Мінскага аблвыканкама з удзелам работнікаў спецыялізаваных дамоў-інтэрнатаў, тэрытарыяльных цэнтраў. Удзельнікі атрымалі шмат карыснай інфармацыі, як паводзіць сябе побач з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі, як дапамагчы ім рэальна. Напрыклад, увайсці ў транспарт, перайсці дарогу, як, увогуле, прапанаваць дапамогу і не пакрыўдзіць чалавека. Алена Рай зазначыла, што цяпер прапрацоўваецца магчымасць правесці такі трэнінг у раёне, запрасіць бацькоў дзяцей-інвалідаў па зроку, патэнцыяльных валанцёраў з ліку старшакласнікаў школ і навучэнцаў ліцэя.

5 лютага ў РАНС паступіла паведамленне з вёскі Выганічы аб загаранні надворнай пабудовы. Адны з першым прыбылі на месца здарэння выратавальнікі з Ракава.

На той момант гарэў адкрытым полымем дах пабудовы 6х12 метраў, падзеленай цаглянымі сценамі на гараж, хлеў і лазню. Пажар пачаўся з парыльнага аддзялення лазні. У выніку пашкоджаны ўвесь дах пабудовы, столевыя перакрыцці пад парылкай, назіралася задымленне ў памяшканні лазні. Прычына пажару – парушэнне правіл эксплуатацыі пячнога ацяплення.

Прочитано 232 раз