Региональные новости: Воложинский район

Понедельник, 27 февраля 2017 12:20  |  Источник  Працоўная слава

Рэгіянальныя навіны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі Штэйнер

Работнікі РУП “Валожынскі жылкамунгас” у лютым прыступілі да бягучага рамонту фасада дома № 31а па вуліцы Партызанскай у райцэнтры.

На дадзены момант вядзецца дэмантаж абліцовачнага пакрыцця тарцоў жылога будынка. Наступны этап – атынкоўка.

Па распараджэнні райвыканкама прадстаўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, РАНС і энерганагляду абследавалі будынкі і збудаванні сацыяльнай сферы.

Пабывалі на 36 аб’ектах. Тэмпературны рэжым паўсюдна вытрымліваўся. Буйных парушэнняў камісія не выявіла, а дробныя ўхіляліся на месцы. На парадку дня абследванне аб’ектаў сельскагаспадарчага прызначэння і прамысловасці.

У раённым этапе IV Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Дзень добры, свет!” прынялі ўдзел 12 устаноў адукацыі раёна. Такі конкурс мае мэтай выяўленне і падтрымку таленавітых вучняў.

Журы адзначыла высокі ўзровень майстэрства, творчай індывідуальнасці юных творцаў, выкарыстанне новых матэрыялаў і тэхналогій у работах, арыгінальны пошук, значную работу педагогаў дадатковай адукацыі і школьных настаўнікаў. У намінацыях “Выяўленчае мастацтва” і “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць” дыпломы першай, другой і трэцяй ступеняў прысуджаны амаль 60 вучням розных узростаў.

22-24 лютага праводзіўся абласны этап конкурсу, на які былі прадстаўлены лепшыя работы школьнікаў Валожыншчыны.

У першыя месяцы бягучага года ў бібліятэчную сістэму раёна паступілі 430 экзэмпляраў кніг.

У шырокім асартыменце прадстаўлены кнігі выдавецтваў “Беларуская энцыклапедыя”, “Мастацкая літаратура”, “Харвест”, а таксама новая літаратура паступіла з абменнага рэзервовага фонду Нацыянальнай бібліятэкі.

Сярод навінак, большасць з якіх ужо з’явіліся на паліцах бібліятэк раёна, – розныя энцыклапедычныя выданні рознай тэматыкі, “Асветнікі Беларусі” ў двух тамах, першы том выдання “Рэгіёны Беларусі”, які прысвечаны Мінскай вобласці. У серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі” з’явіліся кнігі пра М. Багдановіча і вядомую актрысу М. Захарэвіч. З серыі “Сто галоўных кніг” паступілі кнігі Р. Брэдберы і Ф. Іскандэра, якія вывучаюцца па школьнай праграме. Кнігалюбы атрымалі новыя раманы Алега Роя, Дар’і Данцовай, Таццяны Усцінавай і іншых папулярных аўтараў.

Рэспубліканскі агляд-конкурс дзіцячай творчасці “Выратавальнікі вачамі дзяцей” праводзіцца штогод.

Яго асноўная мэта – не толькі выяўленне здольных, таленавітых вучняў, але з іх дапамогай прапаганда бяспечнай жыццядзейнасці. У конкурсе ўдзельнічалі вучні ад 7 да 17 гадоў з усіх устаноў адукацыі раёна, якія прадставілі творчыя работы ў намінацыях “Казка”, “Апавяданне”, “Верш”, “Малюнак”, “Плакат”, “Падзелка”, “Скульптура малых форм”, “Мадэль пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі”.

На абласны этап, які праходзіў у Вілейцы з 21 па 24 лютага, адпраўлены 15 лепшых работ.

Пасля правядзення першага мерапрыемства – абмену кнігамі – у дзіцячай бібліятэцы райцэнтра ўдзельнікі праекта “МАМА-КІДС” аблюбавалі гэту творчую пляцоўку.

Яны збіраюцца ў сценах бібліятэкі па аўторках. Маладыя мамы самі запісаліся ў бібліятэку, заахвочваюць да чытання сваіх нашчадкаў. Работнікі падрыхтавалі для іх выставу “Чытача гадуем у сям’і”. А маладыя маці ў сваю чаргу вырашылі зрабіць фотавыставу “Чытаем з пялёнак”.

Да 8 Сакавіка ўдзельнікі лялечнага гуртка, што дзейнічае пры бібліятэцы, рыхтуюць лялечны спектакль-казку “Падарунак матулі”. Дарэчы, да перадачы кніг “у другія рукі” могуць далучыцца ўсе жыхары Валожына: букросінг не спыняецца.


 

21 лютага ў Стоўбцах прайшло пасяджэнне калегіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама. На ёй былі падведзены вынікі работы за мінулы год, акрэслены актуальныя задачы на бліжэйшую перспектыву.

Намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Іванавіч Сірэнка ўручыў узнагароды лепшым работнікам. Атрымала ганаровы дыплом і наша зямлячка – кіраўнік узорнага калектыву “Вянок” Ракаўскага цэнтра народнай творчасці Лізавета Станіславаўна Пятроўская. “Вянок” прызнаны лепшым у абласным конкурсе “Творчы алімп Міншчыны” ў намінацыі “Мастацкая самадзейнасць”.

Ірына ПАШКЕВІЧ

Прочитано 571 раз