Региональные новости: Воложинский район

Четверг, 02 марта 2017 12:45  |  Источник  Працоўная слава

Рэгіянальныя навіны ад члена Саюза журналістаў Беларусі Наталлі Штэйнер

17 лютага ў Івянцы ў Польскім доме прайшла справаздачна-выбарная канферэнцыя раённага аддзела ГА “Саюз палякаў на Беларусі”, на якой прысутнічалі 26 дэлегатаў ад Івянецкага, Сівіцкага, Ракаўскага, Валожынскага і Вішнеўскага аддзелаў.

Усяго ў раёне налічваецца каля 200 членаў гэтага грамадскага аб’яднання. У рабоце канферэнцыі прыняў удзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікенцій Адамовіч. Старшыня Івянецкага аддзела С. Бурачэўскі пазнаёміў прысутных з работай у справаздачным перыядзе свайго аддзела як самага шматлікага ў раёне, расказаў аб праведзеных мерапрыемствах. Былі заслуханы выступленні прадстаўнікоў усіх аддзелаў. Выказана слушная прапанова сёлета правесці ў Івянцы раённае свята польскай культуры, таксама было выказана пажаданне раз у квартал ладзіць мерапрыемствы ў рэгіянальных аддзелах з удзелам работнікаў устаноў адукацыі і культуры. Былі абраны 14 дэлегатаў ад Валожыншчыны на абласную справаздачна-выбарную канферэнцыю, якая адбылася ў Польскім доме 24 лютага. А раённай канферэнцыі папярэднічалі сходы ў аддзелах. У Ракаўскім абраны новы старшыня – Галіна Яновіч. Астатнія перавыбраны на наступны тэрмін: у Сівіцы – Ірына Адамовіч, у Валожыне – Вольга Кізік, у Вішневе – Леакадзія Якубель, у Івянцы – Станіслаў Бурачэўскі.

На мінулым тыдні ў раёне працавала творчая група тэлеканала "Беларусь-1", якая здымала для перадачы “Панарама” сюжэт у вёсцы Дубіна-Баярская. Гаспадыня Ніна Рыгораўна Багуцкая дзялілася рэцэптам прыгатавання бліноў у рускай печцы, які перайшоў ёй ад бабулі і маці.

Тэлевізіёншчыкі здымалі ў вясковай хаце ўвесь працэс – ад замешвання да выпечкі, прыгатаванне верашчакі, з якой падаваліся бліны. Гэты сюжэт паказваўся ў перадачы на Масленічным тыдні. Дарэчы, бліны тыя павезлі ў сталіцу, каб паказаць прафесіянальным поварам і атрымаць іх адзнаку.

Новую паслугу прапануюць жыхарам райцэнтра работнікі РЦК: дапамогу ў арганізацыі сямейных свят. Для гэтага яны прадастаўляюць у арэнду прасторнае фае, мультымедыйную ўстаноўку, прафесіянальных аніматараў і вядучых, мэблю для салодкага стала. І сцвярджаюць, што расходы не нанясуць значны ўрон па сямейным бюджэце.

А для работнікаў Цэнтра культуры гэта будзе важкі ўклад у выкананне плана па платных паслугах. Тэматыка свята выбіраецца па жаданні заказчыка. Думаю, што ў першую чаргу такую магчымасць скарыстаюць бацькі, бабулі-дзядулі для правядзення дзён нараджэння сваіх дзяцей і ўнукаў ці іншых дзіцячых свят. Святкаванне можна арганізаваць у любы дзень тыдня. Першы дзень нараджэння ў сценах РЦК ужо прайшоў: бабуля пажадала адзначыць 10-годдзе любімага ўнука. На святкаванне юбіляр запрасіў амаль увесь клас – 16 чалавек. Першы “блін” комам не аказаўся. Дзеці павесяліліся ад душы, ім прапанавалі гульнявую праграму з прызамі, дыскатэку. Ёсць жадаючыя правесці сямейную ўрачыстасць і ў сакавіку.

Выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў пабывалі ў аграсядзібе “Свет пчол” у вёсцы Барок Ракаўскага сельсавета.

Гаспадары Васіль і Ала Фраловы сустрэлі іх гасцінна, правялі экскурсію, расказалі цікавыя факты з жыцця пчол. Кожны па жаданні набыў там сувенірную прадукцыю, вырабы з воску, мёд. А затым гасцей пачаставалі блінчыкамі з мёдам і гарбатай.

Не хлебам адзіным жывуць жыхары раёна. Пасля працоўнага дня знаходзяць час для адпачынку, самі наведваюць сталічныя тэатры, адпраўляюць дзяцей.

У лютым на двух прадстаўленнях захапляючага шоу гіганцкіх фантанаў “Дзіўны горад” у Белдзяржцырку пабывалі 65 вучняў розных класаў СШ № 1 райцэнтра і 33 вучні гімназіі № 1. А работнікі жылкамунгаса і члены іх сем’яў, да якіх далучыліся работнікі аддзялення Белаграпрамбанка, пажадалі наведаць Беларускі дзяржаўны музычны тэатр. Іх захапіў мюзікл папулярнага расійскага кампазітара Кіма Брэйтбурга “Блакітная камея”. Работнікі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі арганізавалі паездку ў Драматычны тэатр Беларускай арміі. Яны пабывалі на спектаклі-камедыі “Апошні палкі закаханы”. На мінулым тыдні ў РЦК амаль з аншлагам прайшло выступленне групы “Дразды”, лідар якой – наш таленавіты зямляк музыкант і шоўмен Віталь Карпанаў. Культпаход на канцэрт падарыў сваім членам прафсаюз тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, цалкам аплаціўшы 28 білетаў. На канцэрце гурта прысутнічалі прадстаўнікі амаль усіх рэгіёнаў раёна. І толькі 25 білетаў былі набыты за наяўныя грошы, менавіта гэтыя гледачы прыйшлі на канцэрт свядома. За астатнія білеты разлічваліся прафсаюзы. Таксама ёсць над чым задумацца…

Прочитано 226 раз