Региональные новости: Воложинский район

Пятница, 21 апреля 2017 10:00  |  Источник  Працоўная слава

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Сёлета за першы квартал прынята рашэнне райвыканкама аб налічэнні сямейнага капіталу ў памеры 10 тысяч долараў ЗША 26 сем’ям.

Ужо ў красавіку яшчэ дзве сям’і на спецыяльны банкаўскі рахунак атрымалі такую суму. Сямейны капітал прызначаны жыхарцы Валожына Алене Алегаўне Сярэдзіч і ракаўчанцы Анастасіі Андрэеўне Хлапянік, якія нарадзілі па трэцім дзіцяці. Адпраўлены запыты ў адпаведныя органы, каб мець падставы для налічэння капіталу яшчэ чатыром прэтэндэнткам.

За першы квартал аказана матэрыяльная дапамога са сродкаў фонду сацыяльнай абароны насельніцтва 120 жыхарам раёна на суму 5 тысяч 850 рублёў.

У тым ліку матэрыяльную дапамогу атрымалі 53 пенсіянеры, 49 інвалідаў і 18 сем’яў, дзе выхоўваюцца дзеці-інваліды.

Не так даўно Івянецкі музей традыцыйнай культуры атрымаў шыкоўны падарунак ад сям’і Дзяніса і Святланы Станкевічаў – фаліянт “Радзівілы. Альбом партрэтаў ХVIII-ХIХ стагоддзяў”. Альбом фарматам 32,5х42 см выдадзены на беларускай мове ў сталічным выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі” ў серыі “Энцыклапедыя рарытэтаў”. Яго вага – 7,5 кілаграма.

На 522-х старонках факсімільнага выдання прадстаўлена генеалогія Радзівілаў, біяграфіі і партрэты 165 прадстаўнікоў магнацкага роду, у тым ліку 104 жанчын. Біяграфіі князёў уключаюць інфармацыю пра бацькоў, дзяцей, жонак, даты і месцы нараджэнняў, хрышчэнняў і смерці, а таксама пра дзейнасць той ці іншай персаналіі. Для вырабу фаліянта выкарыстана адмысловая акварэльная папера, падобная на паперу ХVIII стагоддзя, — цёплая навобмацак, з вадзянымі знакамі. Дарэчы, арыгінал альбома на латыні захоўваецца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, і за апошнія 40 гадоў у нашай краіне яго бачылі ўсяго каля 40 чалавек.

8 красавіка ў раённым Цэнтры культуры прайшоў справаздачны канцэрт дзіцячых калектываў мастацкай творчасці “Намаляваць мару” з удзелам узорнай студыі выканаўцаў эстраднай песні “Праменьчыкі” (кіраўнік Таццяна Рыснік) і вакальнага калектыву “Вясёлыя ноткі” (кіраўнік Аксана Квач).

Гледачы атрымалі сапраўднае задавальненне ад выступлення юных артыстаў. Было прадстаўлена каля 20 вакальных канцэртных нумароў. Разнастаіла праграму выступленне гасцей з Ліды – танцавальнага калектыву “Art Dents Studio”, якім кіруе былы работнік РЦК Кацярына Аседач-Брылеўская.

На працягу двух тыдняў жыхары райцэнтра, члены Валожынскага раённага аддзялення грамадскай арганізацыі “Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых” Крысціна Спічак і Арцём Галавачоў прымалі ўдзел у міжнародным праекце на тэму бежанцаў, які праходзіў у нямецкім горадзе Аберхоф.

Акрамя гаспадароў у семінары ўдзельнічалі па 10 прадстаўнікоў з Беларусі, Украіны, Румыніі. Беларусь прадстаўлялі таксама члены Хрысціянскага саюза з Брэста, Віцебска, Маладзечна. На працягу дня валанцёры абмяркоўвалі вельмі надзённую апошнім часам тэму бежанцаў. Таксама маладыя людзі ладзілі інтэрнацыянальныя вечары, дзе расказвалі пра свае краіны, гатавалі нацыянальныя стравы. Вельмі запомнілася і ўразіла паездка ў Бухенвальд.

Па суботах шматлюдна стала ў дзіцячай бібліятэцы райцэнтра. Бібліятэчныя работнікі разнастаяць шосты школьны дзень і рыхтуюць тэматычныя мерапрыемствы. Цесныя сувязі наладжаны з педкалектывам СШ № 1.

Не так даўно правялі пазнавальна-забаўляльную праграму для малодшых школьнікаў “Усе работы добрыя”. Асноўны касцяк гасцей складалі вучні 1 класа разам з настаўніцай Т. Л. Каланцэр. Загадчыца бібліятэкі А. І. Трасцянка прачытала апавяданне А. Раскіна “Як папа выбіраў прафесію”. Дзеці шмат расказвалі пра прафесіі сваіх бацькоў, пра тое, кім мараць стаць у дарослым жыцці і што робяць для гэтага ўжо цяпер. Напрыклад, хлопчыкі займаюцца фізічнай падрыхтоўкай, бо мараць стаць ваеннымі, выратавальнікамі, міліцыянерамі, будаўнікамі. Актыўна ўдзельнічалі вучні і ў гульні “Падкажы прафесію”. У мінулую суботу прайшла гульня-падарожжа “У свеце казак”, на якую завіталі вучні 2 “А” класа з настаўніцай С. В. Родзевіч, а таксама вучні іншых класаў. З цікавасцю школьнікі азнаёміліся з выставай кніг “Краіна цудаў і чарадзейства”, актыўна ўдзельнічалі ў віктарыне па казках.

Прочитано 210 раз