Региональные новости: Воложинский район

Пятница, 19 мая 2017 09:00  |  Источник  Працоўная слава

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Напярэдадні Дня Перамогі вялікія мерапрыемствы рэспубліканскага маштабу праходзілі ля Кургана Славы.

Гонар удзельнічаць у іх выпаў прадстаўнікам Валожынскага прафесіянальнага сельскагаспадарчага ліцэя. У складзе дэлегацыі былі 11 чалавек на чале з дырэктарам У. І. Мітрошчанкавым.

Калектыў прадстаўляў інсталяцыю беларускага быту і прэзентаваў стравы беларускай кухні. На валожынскім падворку майстар-клас па прадзенні нітак з лёну на калаўроце давала тэхработнік Валянціна Пятроўна Данько. Шмат жадаючых было павучыцца майстэрству сваіх бабуль і прабабуль. А яшчэ тут шчодра частавалі бярозавікам, салам, блінамі, рознымі дамашнімі каўбасамі і нарыхтоўкамі.

У Дзень сям’і работнікі аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў радзільным аддзяленні райбальніцы правялі дабрачынную акцыю “Дзень добры, малы!”.

Праўда, у гэты дзень у радзільным доме былі ўсяго дзве парадзіхі. Абедзве жанчыны жывуць у Валожыне на вуліцы Партызанскай і нарадзілі хлопчыкаў. У адной сям’і – гэта першае дзіця, у другой – другое. Матулям уручылі гігіенічныя прылады, дзеткам – наборы дзіцячых рэчаў.

На мінулым тыдні ў Маладзечне на базе дзіцячай школы мастацтваў прайшоў I рэспубліканскі адкрыты фестываль-конкурс “Свята саксафона”.

Ансамбль Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам выкладчыцы Наталлі Усцюжанінай у намінацыі “ансамблі” адзначаны граматай. Бас-квінтэт у складзе Мар’яна Прыёмкі, Данііла Міхеткіна, Артура Машарыпава, Ягора Казлова і Аляксея Пашкоўскага выканаў два творы: “Жураўлі на Палессе ляцяць” І. Лучанка і “Рэтра-сюіту” В. Голікава.

Валанцёрскі атрад “Рабі дабро!”, у які ўваходзяць члены клубаў “Залатая восень” і “Лэдзі”, што дзейнічаюць пры аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, наведаліся з дабрачынным візітам у Пяршайскую бальніцу сястрынскага догляду.

На сабраныя грошы набылі гасцінцы для нямоглых пацыентаў бальніцы. А там зараз знаходзяцца 14 чалавек, у пераважнай большасці мужчыны. Сабралі для іх адзенне і абутак, ад тэрытарыяльнага цэнтра для кожнага таксама былі падрыхтаваны новыя рэчы. Але не гэта было галоўнай мэтай наведвання бальніцы. 12 валанцёраў пагутарылі з кожным чалавекам, а гэта менавіта тое, чаго тым не хапае ў апошнія гады жыцця, абмежаваныя чатырма сценамі.

У ноч з 13 на 14 мая на аграсядзібе “Засценак Скрыплева” (гаспадар Васіль Грыц) упершыню ладзілася ноч танцаў “У маёвым садзе”.

Гукі музыкі, бліскавіцы кастра сабралі шмат удзельнікаў-аднадумцаў. Сюды з’ехалася моладзь, якая захапляецца старадаўнімі танцамі, з Маладзечна, Мінска, Бабруйска, Полацка і іншых населеных пунктаў Беларусі. Падцягваліся і людзі з навакольных вёсак. Майстар-клас па танцах давалі Юля Ліцвінава з аграсядзібы “Дайнаўскі двор” і Алесь Лось з “Хутара Дудара”, гурты “Рада”, “Варган” і іншыя ігралі так, што ногі самі пускаліся ў скокі, уседзець не маглі ні старыя, ні малыя. У ліку запрошаных шаноўных гасцей былі ўдзельніцы аб’яднання “Бацькаўшчына” з Дубіны, якія дапаўнялі святочную атмасферу народнымі песнямі.

На працягу трох дзён – з 11 па 13 мая – у Барысаве праходзілі фінальныя спаборніцтвы абласной спартакіяды школьнікаў сярод юнакоў 2002-2003 гадоў нараджэння.

Выхаванцы трэнера Леаніда Хвядчэні сталі другімі, прапусціўшы наперад каманду гаспадароў пляцоўкі. Трэцяе месца заняла каманда Мінскага раёна. Гімназісты Мікіта Жук, Яўген Пукала і Уладзіслаў Навіцкі ўвайшлі ў састаў зборнай вобласці для ўдзелу ў рэспубліканскай спартакіядзе, якая адбудзецца ў Магілёве.

Самыя розныя паслугі прапануе жыхарам горада і раёна цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

Работнікі ўстановы дапамагаюць бацькам правесці дні нараджэння дзяцей з гульнёва-забаўляльнай праграмай. Тры групы з дзіцячых садоў запісаліся ўжо для святкавання выпускных баляў. Для выканання плана па платных паслугах тут наладзілі пракат святочных дзіцячых сукенак. Новыя каштуюць вельмі дорага, а на пракат убор для дзяўчынкі абыдзецца зусім у нязначную суму. І на кожнае свята ён можа быць новым. У “гардэробе” цэнтра каля 20 сукенак на любы густ юных модніц. Больш падрабязна пра гэту і іншыя паслугі можна даведацца ў групе цэнтра ў сацыяльных сетках.

Прочитано 304 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Светлый образ матери всегда остается символом доброты и щедрости. Мы гордимся замечательными женщинами-матерями Минщины…»

12.10.2017
Минск, церемония вручения государственной награды Республики Беларусь – ордена Матери