Вучань года

Пятница, 09 июня 2017 10:30  |  Источник  Газета "Працоўная слава", Анжэла Радына

Нядаўна прайшла святочная конкурс-праграма “Вучань года-2017”. У актавай зале сярэдняй школы № 2 Валожына сабраліся самыя таленавітыя, вясёлыя, знаходлівыя і спартыўныя выхаванцы розных устаноў адукацыі раёна.

Усіх іх аб’ядноўваюць імкненне да ведаў, настойлівасць, творчы падыход да справы, індывідуальнасць і непаўторнасць. Таму для журы было цяжкай задачай вызначыць лепшага.

Конкурс праходзіў у трох узроставых катэгорыях. У першую ўвайшлі вучні 3-5 класаў. Сярод юных удзельнікаў вызначыліся пераможцы ў намінацыях “Самы актыўны вучань”, “Творчая асоба года”, “Мэтанакіраванасць”, “Адданы спорту”, “Феерверк захапленняў”, “Інтэлектуал года”. Пасля ўручэння ўзнагарод гэтым хлопчыкам і дзяўчынкам было прапанавана сыграць у гульню “Прадоўжы фразу”. Кожны з іх адрываў пялёстак ад вялікага папяровага рамонка і прапаноўваў свой варыянт працягу напісанай на ім фразы. Глыбокія, цікавыя адказы самых меншых канкурсантаў уразілі прысутных.

Для пераможцаў 6-8 класаў у намінацыях “Лепшы ў вучэбнай дзейнасці”, “Лепшы ў інтэлектуальных конкурсах”, “Лепшы ў творчых конкурсах”, “Спартсмен года”, “Лідар новага пакалення” дамашнім заданнем была рэклама любімага прадмета. Першай са спецыяльна напісаным для абароны матэматыкі вершам выступіла Вераніка Бобрык з 6 “А” класа гімназіі. Працоўнае навучанне аказалася любімым прадметам Ульяны Смірновай з 6 “А” класа СШ № 2. Цэлая тэатральная дзея разгарнулася на сцэне актавай залы падчас абароны фізічнай культуры Данілам Лужынскім з 6 “А” СШ № 1. Падтрымаць яго прыйшлі амаль усе аднакласнікі. Хіміі прысвяціў сваё выступленне вучань 8 класа Пяршайскай ДССШ. Ён нават прадэманстраваў прысутным невялічкі эксперымент, якім паказаў неабходнасць ведання гэтага прадмета ў штодзённым жыцці. Для Надзеі Каландаравай з 6 “Б” Івянецкай СШ неад'емнай часткай жыцця стаў спорт, яго дзяўчынка і прарэкламавала. Усе выступленні былі таленавітымі і крэатыўнымі, як і патрэбна для пераможцаў конкурсу.

На заканчэнні для атрымання ўзнагарод на сцэну паднімаліся вучні 9-11 класаў, тыя, хто перамог у намінацыях “Лепшы ў алімпіядным руху”, “Лепшы ў творчых конкурсах”, “Спартсмен года”, “Лідар новага пакалення”. Іх дамашнім заданнем была самапрэзентацыя “Мае дасягненні”. Тут прадэманстравалі свае эрудыцыю і вастрыню розуму Карына Клачко з 10 класа гімназіі, Анжаліка Трыпуцька з 9 класа Багданаўскага ДССШ, Кацярына Петрычэнка з 9 “Б” СШ № 2, Вадзім Ганчарык з 10 класа Дорскага ДССШ, выступленне якога суправаджалася паказам слайдаў.

Узнагароды пераможцам уручылі загадчыца вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Вера Іванаўна Каранік і метадыст гэтага кабінета Галіна Васільеўна Лушнова.

Конкурсная праграма перамяжоўвалася з творчымі нумарамі таленавітых юных артыстаў сярэдняй школы № 2 райцэнтра. Закончылася свята экскурсіяй па знакамітых мясцінах Валожыншчыны.

Прочитано 567 раз

Похожие материалы (по тегу)