Абласны фестываль гульні і гумару «Капыльскія пацехі» адбудзецца 17 чэрвеня ў Капылі

Вторник, 13 июня 2017 12:00  |  Источник  соб.инф.

17 чэрвеня 2017 г. у г. Капылі адбудзецца абласны фестываль гульні і гумару “Капыльскія пацехі”. Пачатак урачыстага адкрыцця фестывалю ў 11.00 (лесапаркавая зона).

Капыльшчына здаўна славіцца мясцовымі гумарыстычнымі ды гульнёвымі традыцыямі. Тут быў арганізаны першы ў вобласці тэатр гульні і гумару “Капыльскія пацехі”, які ў 1998 годзе стаў ініцыятарам правядзення адпаведнага абласнога фестывалю.

Сёлета ўжо ў шосты раз Капыль сардэчна запрасіў для ўдзелу ў фестывалі аматарскія калектывы гумарыстычнай і гульнёвай накіраванасці, драматычныя калектывы і індывідуальных выканаўцаў – гумарыстаў, сатырыкаў, байкапісцаў, культарганізатараў, гарманістаў і прыпевачнікаў, а таксама майстроў народнай творчасці, якія ў сваёй творчасці таксама адлюстроўваюць каларыт беларускага гумару.

У гумары, гульнях, жартах закладзены надзвычай багаты жыццёвы вопыт народа, яго шматгранны характар, востры розум і глыбокія пачуцці. Гэтыя якасці прадэманструюць падчас сваіх выступленняў удзельнікі самага вясёлага свята вобласці, якія з’едуцца з 15 рэгіёнаў Міншчыны. Сярод іх жартоўныя гурты з ганаровым найменнем “народны”: “Смехаўё” Любанскага РЦК, “Тары-бары” дзіцячага цэнтра культуры “Расток” г.Маладзечна, “Цешча” Ратамскага СДК Мінскага раёна, “Дубінскія фанабэры” Дубінскога СДК Валожынскага раёна і інш.

У якасці ганаровых гасцей на фестываль запрошаны народныя тэатры гумару з вёскі Спорава Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці і “Вясёлыя аўцюкоўцы” з Калінкавіч Гомельскай вобласці (вёска Аўцюкі лічыцца сталіцай гумару ў Беларусі).

Па выніках фестывалю будуць вызначаны калектывы-пераможцы ў катэгорыях «жартоўныя гурты» і «гульнёвыя калектывы», індывідуальныя выканаўцы ў катэгорыях «аўтар-гумарыст», «лепшы культарганізатар» і «майстар-гумарыст».

Сярод журы і гасцей фестывалю – пісьменнік Уладзімір Ліпскі, загадчык аддзела сатыры і гумару ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, пісьменнік Мікола Шабовіч, супрацоўнікі часопіса сатыры і гумару “Вожык” і іншыя вядомыя дзеячы культуры і мастацтва.

Прочитано 181 раз