Региональные новости: Воложинский район

Вторник, 13 июня 2017 13:00  |  Источник  Працоўная слава

Рэгiянальныя навiны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Лета – час рамонтаў, і не толькі ў кватэрах. Жыллёва-камунальная служба таксама спаўна імкнецца выкарыстаць гэты час для рамонту жыллёвага фонду.

Поўным ходам вядзецца капітальны рамонт даху і балконаў жылога дома № 6 па вуліцы Гагарына ў райцэнтры. З першых дзён чэрвеня прыступілі да работы спецыялісты будаўнічай фірмы “Барыт” з Маладзечна. Пачалі з замены балконаў. Цалкам завяршыць комплекс работ павінны ў канцы жніўня. На гэтыя мэты выдаткавана 388 тысяч 523 рублі 95 капеек.

1-2 чэрвеня на базе адпачынку “Дружба” праходзіў ХХI абласны конкурс прафесіянальнага майстэрства сярод паштальёнаў па дастаўцы СМІ і аператараў сувязі. Раённы вузел паштовай сувязі прадстаўлялі работнікі паштовага аддзялення “Валожын-1” паштальён Вольга Махіна і аператар Вольга Акушка.

Конкурсныя выпрабаванні праходзілі ў трох намінацыях. У дзвюх з іх — “Дамашняе заданне” і “Індывідуальны стыль” — наша каманда атрымала трэція месцы. Творча папрацавалі над прэзентацыяй на тэму “Будучае ў інавацыйных тэхналогіях”, выказалі шмат слушных прапаноў і нават падрыхтавалі паштовы канверт ручной работы. А да задання “Пошта і Год навукі” падышлі з пэўнай дозай гумару і паказалі, як даводзіцца шукаць падпісчыкаў. Вельмі спадабаўся журы індывідуальны стыль валожынскіх паштавікоў. Да традыцыйнай формы “белы верх-цёмны ніз” кіраўніцтва вузла сувязі для сваіх работнікаў заказала фірменныя джэмперы, якія вельмі дарэчы ў халодны час года. Граматы і каштоўныя падарункі сталі заслужанай узнагародай удзельніцам конкурсу.

Амаль год працавалі работнікі нашага лясгаса ў Смалявіцкім раёне, дзе дапамагалі сваім калегам спраўляцца з паследкамі леташняга ўрагану.

Правялі суцэльныя санітарныя рубкі і на іх месцы пасадзілі новы лес, адначасова нарыхтоўвалі драўніну. Заданне выканалі ў поўным аб’ёме. З 12 чэрвеня дзве брыгады, сфарміраваныя з рабочых лесапункта і Пяршайскага лясніцтва, каля 20 чалавек, выехалі на работу ў Чэрвеньскі лясгас. Працаваць будуць вахтавым метадам – па два тыдні. На вызначанай плошчы ў 50 гектараў пачнуць ачыстку лесу ад захламленасці.

Свой уклад у акцыю “Бяспечнае лета” ўнесла і дзіцячая бібліятэка райцэнтра. Для вучняў малодшых класаў СШ № 1 і школьнікаў, якія наведваюць летнікі з дзённым знаходжаннем на базе ўсіх трох навучальных устаноў горада, падрыхтавалі ў рамках акцыі шэраг мерапрыемстваў.

Загадчыца бібліятэкі А. І. Трасцянка праводзіла ўрок бяспекі “Здравствуй, лето красное – лето безопасное!”. Работнікі падрыхтавалі агляд літаратуры па дадзенай тэматыцы, віктарыны. Мультыплікацыйныя ролікі красамоўна паказвалі, як пазбегнуць небяспекі і правільна паводзіць сябе падчас канікулаў. Дзеці самі расказвалі, якая небяспека і дзе можа іх падсцерагаць, як правільна сябе паводзіць у няштатных сітуацыях. Асабліва актыўна і дакладна адказвалі на пытанні віктарыны вучні 2-х класаў СШ № 1 (настаўнікі Святлана Віктараўна Родзевіч і Кацярына Алегаўна Глябовіч). Супрацоўнікі РАНС прадаставілі для заахвочвання ўдзельнікаў акцыі кнігі, маляўнічыя тэматычныя буклеты і нават расклад урокаў, які вельмі спатрэбіцца ў новым навучальным годзе.

Выраз “старасць іх дома не застане” ў прамым сэнсе адносіцца да наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

За першы тыдзень лета яны паспелі шмат дзе пабываць. Наведаліся ў пажарную часць у Валожыне. Для дапытлівых жанчын, многія з якіх прыйшлі разам з унукамі, арганізавалі экскурсію па тэрыторыі, прадэманстравалі навейшую тэхніку, што дапамагае ў барацьбе з пажарамі, спецаддзенне, адказалі на шматлікія пытанні. А 7 чэрвеня 13 чалавек адправілісяі на экскурсію ў этнакультурны комплекс “Наносы-Наваселле” на возеры Нарач. Незабыўнае ўражанне пакінулі краявіды, пяць цікавых музеяў на яго тэрыторыі, месцы і ўмовы адпачынку комплексу. Аўтобус для паездкі бясплатна выдзеліла кіраўніцтва тэрытарыяльнага цэнтра ў знак падзякі за актыўную дабрачынную дзейнасць.

Выхаванцы і спецыялісты аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра прынялі ўдзел у міжрэгіянальнай спартакіядзе сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі “Разам весела гуляць” на базе Стаўбцоўскага аддзялення.

Сярод запрошаных былі таксама прадстаўнікі Слуцкага аддзялення. Праграма спартакіяды ўключала конкурсы – закрыты лік, паласа перашкод, кеглі, бег змейкай, віктарыну “Я сябрую са спортам”. Дадому вярталіся з граматамі, салодкімі прызамі і пазітыўным настроем ад сяброўскіх зносін з роўнымі сабе людзьмі.


 

На міжнародным фестывалі сталі першымі

На працягу некалькіх гадоў дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “Свет без межаў” праводзіць Міжнародны фестываль творчасці дзяцей і моладзі з інваліднасцю “Мары здзяйсняюцца”. І кожны раз у ім удзельнічаюць выхаванцы Івянецкага дома-інтэрната.

На гэты раз у Віцебск прыехалі 12 каманд з Беларусі і бліжняга замежжа. Наша каманда складалася з 7 выхаванцаў і двух кіраўнікоў: Дзмітрыя Геранімавіча Краскоўскага і Алены Міхайлаўны Варыга.

Тры дні спатрэбіліся, каб выявіць мацнейшых. У складанай барацьбе першае месца па праве заслужылі нашы дзеці. Гэта вялікі крок наперад у параўнанні з мінулым годам, калі мы сталі трэцімі. Хочацца спадзявацца, што і ў далейшым не здадзім пазіцыі.

Напрыканцы фестывалю ў амфітэатры, галоўнай пляцоўцы “Славянскага базару”, адбыўся гала-канцэрт, на якім Івянецкі дом-інтэрнат быў прадстаўлены двума нумарамі: я праспяваў песню, а Кацярына Захаваева і Вадзім Стрэльскі выканалі танец на калясках. І пяць тысяч гледачоў стоячы апладзіравалі нам!

…А яшчэ мы пазнаёміліся са спевакамі Аляксандрам Саладухам, Дзмітрыем Калдуном, тэлевядучай Святланай Бароўскай, са сваімі аднагодкамі і проста добрымі і неабыякавымі да іншых людзьмі.

Андрэй КЛОК,

Выхаванец Івянецкага дома-інтэрната


Тварыць дабро – патрэба душы

Завяршыўся рэспубліканскі месячнік Таварыства Чырвонага Крыжа, які праходзіў на працягу мая. Яго фінальным акордам у нашым раёне стала дабрачынная кампанія “Благо – дарю”.

Каб мець магчымасць аказаць дапамогу выхаванцам аддзялення сацыяльнага прытулку, мнагадзетным сем’я і сем’ям, у якіх выхоўваюцца дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, валанцёры раённай арганізацыі Таварыства ў адзін з чацвяргоў завіталі на гарадскі рынак. Падчас акцыі члены валанцёрскага атрада “Добрае сэрца” СШ № 1 сабралі ў скарбонку 105 руб. 50 капеек, а таксама новыя абутак і адзенне. Істотную фінансавую дапамогу аказалі індывідуальныя прадпрымальнікі. Практычна кожны з гандляроў палічыў сваім абавязкам папоўніць скарбонку грашовымі сродкамі. Рэчы ў добрым стане, з якіх выраслі свае дзеці і ўнукі, прыносілі ў раённую арганізацыю многія гараджане.

Школьнікі-валанцёры разам са старшынёй раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа А. У. Трацэўскай завіталі ў раённы сацыяльны прытулак. Яны ўручылі яго выхаванцам 6 пар абутку і 12 адзінак новага адзення, 63 адзінкі адзення, што было ва ўжыванні.

А валанцёры атрада “Прымула”, які ўзначальвае дырэктар Дорскага філіяла Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў Т. В. Кулік-Панарад, з дабрачыннай місіяй наведаліся ў Пяршайскую бальніцу сястрынскага догляду. Для яе пацыентаў была падрыхтавана невялікая канцэртная праграма, набыты салодкія падарункі. Іх гардэроб папоўнілі больш за 300 адзінак адзення.

Прыемна рабіць дабро, дарыць людзям радасць. У гэтых дзяцей вялікія сэрцы, якія адгукаюцца на чужы боль. Для іх становіцца патрэбай на ўсё жыццё аказваць дапамогу тым, хто слабейшы, каму яна патрэбна ў дадзены момант.

Наталля ШТЭЙНЕР

 

Прочитано 131 раз