Региональные новости: Воложинский район

Пятница, 16 июня 2017 09:55  |  Источник  Працоўная слава

Рэгiянальныя навiны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер

Завезены ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ў нашу краіну як кармавая культура, сёння баршчэўнік Сасноўскага стаў пагрозай для навакольнага асяроддзя.

На працягу апошніх дзесяцігоддзяў з гэтай раслінай вядзецца рашучая барацьба. Аднак знішчыць пад корань яе не так проста, хаця плошчы, захопленыя баршчэўнікам, змяншаюцца. У нашым раёне асноўныя зараснікі баршчэўніку назіраюцца ў Івянецкім сельсавеце, у межах ААТ “Суднікаўскі”, – 12 гектараў. Для ліквідацыі расліны-агрэсара са сродкаў мясцовага бюджэту ў бягучым годзе выдзелена 14 тысяч 300 рублёў. За май асвоена ўжо 9 тысяч рублёў.

Дабрачынцы з Ірландыі пасля аварыі на ЧАЭС аказвалі значную падтрымку Валожынскай школе-інтэрнату, і не толькі тонамі гуманітарнай дапамогі, але і рабочай сілай. Мінулі гады, не існуе ўжо ў райцэнтры такой установы.

А шчырыя валанцёры з гэтай краіны працягваюць прыязджаць у раён, яны знаходзяць новыя кропкі, дзе патрэбны іх сілы і дапамога. Апошнім часам апекавалі прыёмную сям’ю з Багданава. З 1 па 8 чэрвеня пяць валанцёраў з гарадоў Корк і Мэлоў па ўласнай ініцыятыве зноў пабывалі на Валожыншчыне. Яны працавалі ў вёсцы Мінці Валожынскага сельсавета, дзе дапамагалі добраўпарадкоўваць вясковы дом, у якім пражывае мнагадзетная сям’і Дзіны Кабдулаўны Макар. Цяпер у іх сціплым жыллі ёсць ванна і туалет, прыведзена ў парадак кухня.

8 чэрвеня ў першым гарадскім аддзяленні паштовай сувязі ў чарговы раз прайшоў “Дзень пасткросера”, які афіцыйна праводзіцца раз у квартал.

У той дзень жыхары Валожына адправілі 14 міжнародных простых паштовых картак на суму 11 рублёў. Дарэчы, у аддзяленні ёсць выбар паштовых адкрытак, якія могуць красамоўна расказаць пра нашу Беларусь. Для параўнання: звычайна за дзень гараджане адпраўляюць 3-4 паштоўкі. Аднак зазначу, што пасткросерскі рух у нашым горадзе не надта развіты, хаця і існуе шмат гадоў.

Лета – спрыяльная пара для многіх адказных сельскагаспадарчых работ і культурных мерапрыемстваў. Менавіта ў гэты час актывізуюць работу культработнікі па правядзенні свят вёсак, вялікіх і малых населеных пунктаў раёна.

3 чэрвеня прайшло свята вёскі Янушкавічы Пяршайскага сельсавета “Гуляй, сяло, весяло!”. На гэты раз гуляла вёсачка без свайго шчырага летапісца, энтузіяста, актывіста настаўніцы Дануты Вікенцьеўны Шаўлоўскай, якая пайшла з жыцця. Не магла не ўспомніць пра гэтага душэўнага чалавека, які пакінуў на Пяршайшчыне свой след і добрую памяць у душах шматлікіх вучняў. 11 чэрвеня адбылося свята вёскі Петрусоўшчына Івянецкага сельсавета, якое зладзілі работнікі Суднікаўскага сельскага клуба.

10 чэрвеня ў Валожыне на стадыёне ў мікрараёне Сельгастэхніка прайшлі спаборніцтвы на кубак горада па пляжным валейболе сярод  юнакоў і дзяўчат. У цэнтры творчасці дзяцей і моладзі працуе аб’яднанне па інтарэсах “Валейбол”, якім кіруе трэнер А. Б. Балабан, вялікі энтузіяст гэтага алімпійскага віду спорту. Сярод яго выхаванцаў і былі разыграны прызы.

Сярод юнакоў 2001-2003 гадоў нараджэння першае месца заваявалі вучні СШ № 2 Сяргей  Садоўскі і Максім Круцько. Ва ўзроставай падгрупе 2004-2006 гадоў нараджэння лепшай стала пара ў складзе Сяргея Паплаўскага (СШ № 1) і Івана Ахрэма (СШ № 2). Усяго ў кожнай падгрупе былі  прадстаўлены па 5 каманд.  Сярод дзяўчат 2001-2004 гадоў нараджэння ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 6 каманд. Лепшай была пара Кацярына Бацян (СШ № 2) і Наталля Жук (СШ № 1).

На працягу тыдня ў Мінску праходзіла Міжнародная сельскагаспадарчая выстава “БЕЛАГРА-2017”.

У канцэртнай праграме падчас закрыцця гэтага форуму прымалі ўдзел нашы землякі-івянчане. Запрашэнне ўдзельнічаць у канцэрце атрымалі народны агітацыйна-харэаграфічны ансамбль “Журавінка”, салістка Марыя Шумчык і ансамбль цыганскай песні “Ромалэ”.

Традыцыйнай прыкметай лета становяцца таксама турыстычныя злёты розных маштабаў, якія праводзяцца як на раённым узроўні, так і абласным, рэспубліканскім, розных арганізацый і ведамстваў.

З 12 па 14 чэрвеня ў Слуцкім раёне прайшоў абласны турзлёт педагогаў, у якім брала ўдзел каманда нашага аддзела адукацыі, спорту і турызму. З 13 па 16 чэрвеня ў Плешчаніцах праходзіў абласны дзіцячы турыстычны злёт па лініі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Нашы юныя землякі – выратавальнікі таксама ўдзельнічалі ў злёце.


 

На геабазе ўстанавілі памятны знак

Такую ініцыятыву праявілі былыя выпускнікі геаграфічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.

Афіцыйна геабаза БДУ ля вёскі Калдыкі ў нашым раёне была адкрыта ў 1973 годзе. Дакладная яе назва – вучэбная геаграфічная станцыя “Заходняя Бярэзіна”, але выраз “геабаза” больш звыклы не толькі для нашага вуха. На карце ж раёна такая кропка з’явілася яшчэ раней – у 1970 годзе, калі былі завезены першыя “тралейбусы”, у якіх пражывалі выкладчыкі. Студэнты-практыканты разбівалі палатачны лагер. З таго моманту на працягу многіх дзесяцігоддзяў тут праходзяць летнюю вытворчую практыку студэнты 1-2 курсаў. Менавіта геабаза стала той памятнай кропкай, якая аб’ядноўвала групы, курсы. І на ўсё астатняе жыццё стала ўспамінам аб лепшых гадах студэнцкай маладосці. Значныя змены адбыліся і на тэрыторыі станцыі, што ператварылася ў сапраўдны студэнцкі гарадок.

Ідэя аб адкрыцці памятнага знака лунала ў паветры даўно. Ініцыятыву праявіў выпускнік 1990 года Уладзімір Малашанкаў, які пасля заканчэння ўстановы некаторы час працаваў на факультэце. Знайшліся і аднадумцы. Быў дастаўлены і ўстаноўлены камень-валун, на якім выбіты, канешне ж, геаграфічныя каардынаты станцыі, а таксама ноты і радкі з песні, што некалькі гадоў ужо з’яўляецца нефармальным гімнам выпускнікоў. Напісаны ён тым жа Уладзімірам Малашанкавым.

На адкрыцці памятнага знака прысутнічалі былыя дэкан і намеснік дэкана факультэта, каля 25 выпускнікоў розных гадоў. Выступалі старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства прафесар Пётр Сцяпанавіч Лопух, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце кандыдат геаграфічных навук дацэнт Міхаіл Мікалаевіч Брылеўскі, дарэчы, наш зямляк, выпускнік сярэдняй школы № 1 райцэнтра. Усе дружна вырашылі, што апошняя нядзеля мая павінна стаць традыцыйнай сустрэчай выпускнікоў.

Апошнія некалькі гадоў на геабазе студэнты праходзяць не толькі практыку. Тут ладзіцца творчы конкурс “Музычны глобус”, прадзюсіруе які таксама У. Малашанкаў. Ён заўважыў, што факультэт вельмі багаты на творчых людзей і вырашыў іх падтрымліваць. Варта толькі ўспомніць, што сярод выпускнікоў геафака вядомы спявак і тэлевядучы Георгій Калдун, Канстанцін Драпеза з дуэта “Аляксандра і Канстанцін”, які першым прадстаўляў нашу краіну на Еўрабачанні, Іван Юркін з групы “Беz Білета”. Гэта далёка не поўны пералік. І кожны “Музычны глобус” адкрывае 2-3 таленавітых студэнтаў, якія праяўляюць сябе не толькі ў геаграфіі.

Наталля ШТЭЙНЕР


 

Да эстонскіх партнёраў у госці

Нядаўна дэлегацыя раёна ў складзе трох чалавек пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў С. Ф. Глінскага пабывала ў гасцях у эстонскіх сяброў з воласці Йыгева. З гэтым рэгіёнам Валожыншчыну звязваюць цесныя партнёрскія адносіны.

Паездка адбылася па некалькіх нагодах. У гэтыя дні праходзіла святкаванне 150-годдзя з дня ўтварэння воласці і спаўнялася 5 гадоў з моманту падпісання Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж нашымі адміністрацыйнымі адзінкамі. Разам з валожынцамі да радасных падзей далучыліся дэлегацыі з Макараўскага раёна Кіеўскай вобласці Украіны, прадстаўнікі Фінляндыі і Швецыі. У час гасцявання ў Эстоніі ім расказалі аб сацыяльна-эканамічным жыцці, арганізавалі экскурсію ў Талін, а таксама прадаставілі магчымасць пабываць на канцэрце вядомай савецкай і эстонскай спявачкі Ане Вескі.

Як стала вядома, літаральна некалькі дзён назад жыхары Йыгевы з ліку як дзелавых, так і нефармальных – байкерскіх – колаў наведалі Валожыншчыну з адказным візітам. Яны бліжэй пазнаёміліся з нашым цудоўным горадам, інфраструктурай, унікальнымі аграэкатурыстычнымі асаблівасцямі раёна.

Сяргей САДОЎСКІ

 

Прочитано 65 раз