Региональные новости: Воложинский район

Вторник, 11 июля 2017 09:00  |  Источник  Працоўная слава

Рэгiянальныя навiны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

У апошні дзень чэрвеня ў Валожынскім прафесіянальным сельскагаспадарчым ліцэі адбыўся выпускны вечар.

Дыплом аб прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі атрымаў 51 выпускнік.

З адзнакамі ў дыпломе ад 7 да 10 балаў скончылі ліцэй Дзмітрый Загорскі і Павел Наквас. Выпускнікам, якія добра вучыліся і прымалі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўстановы, горада і раёна, былі ўручаны Ганаровыя граматы і грашовыя прэміі ад кіраўніцтва ліцэя і падарункі ад раённай арганізацыі БРСМ. Усім выпускнікам гарантавана першае рабочае месца – яны атрымалі накіраванні на работу па атрыманых спецыяльнасцях: слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, трактарыст-машыніст, вадзіцель аўтамабіля, швачка і цырульнік.

Сандружына ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” прыняла ўдзел у абласным конкурсе, які прайшоў на базе палігона філіяла ІППК “Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі” ў Барысаўскім раёне. Камандзір сандружыны – інжынер па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні Дзмітрый Жукоўскі.

Спецыяльна да абласных выпрабаванняў прадпрыемства набыло 14 камплектаў касцюмаў і аднаразовыя касцюмы для ўваходу ў хімічны ачаг, выдаткаваўшы на гэта 554 рублі.

У цяпліцы жылкамунгаса вырасцілі сёлета 55 тысяч адзінак расады кветак: пеларгоніі, пятуніі, газаніі, бархатцаў, бальзаміну, сальвіі, бягоніі, агератуму, цэлозіі, ірэзіне і іншых.

53 тысячы рознакаляровых кветак высаджаны на вуліцах і плошчах раённага цэнтра, Івянца, іншых населеных пунктаў, частка рэалізавана ў маі-чэрвені прадпрыемствам і арганізацыям раёна для ўпрыгажэння тэрыторый. 235 штук кветак набыло ДУП “Валожынскае ПМС”, 100 штук расады – раённы вузел паштовай сувязі і інш.

З 30 чэрвеня па 2 ліпеня на турбазе “Белае возера” ў Брэсцкай вобласці адбыўся рэспубліканскі фестываль здаровага ладу жыцця ”Мама, тата, я – здаровая сям’я”.

У складзе каманды Мінскай вобласці былі і прадстаўнікі нашага раёна – сям’я Колышка: мама Наталля, якая працуе выхавальніцай у дзіцячым садзе № 6, тата Андрэй, работнік фірмы “Агра-стыль”, і іх сыны – Іван, 2005 года нараджэння, і Яўген, 2010 года нараджэння. Каманда Міншчыны заняла агульнае другое месца.

Значны ўклад у скарбонку дасягненняў унеслі нашы землякі. Наталля Колышка ў скачках у даўжыню з адным з сыноў заняла першае месца, з другім – другое.

Выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па ініцыятыве старшыні раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў В. Субача пабывалі на V юбілейным дзіцячым фестывалі “Мы патрэбны адзін аднаму”.

На гэты раз фестываль праходзіў на тэрыторыі Мінскага заапарка. Гасцям прапанавалі разнастайную забаўляльную праграму: выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва дзяцей-інвалідаў, майстар-класы, конкурсы, віктарыны. У канцэртнай праграме разам з дзецьмі выступалі артысты беларускай эстрады. Доўгімі апладысменталі праводзілі слухачы выхаванца нашага аддзялення Уладзіслава Рэута. Дарэчы, гэта было не першае выступленне Уладзіслава за межамі раёна.

На працягу двух дзён у Салігорску праходзіў фінал абласных спаборніцтваў на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба “Скураны мяч”, у якім прымалі ўдзел 5 каманд.

Юныя футбалісты нашага раёна, выхаванцы трэнераў Аляксандра Кавязы і Андрэя Пракаповіча, занялі першае месца.

У каманды Мінскага раёна яны выйгралі з лікам 8:2, у сваіх равеснікаў са Стаўбцоўскага раёна з лікам 5:2, каманды Салігорскага і Смалявіцкага раёнаў перамаглі з лікам 4:1 і 2:0. Лепшым варатаром турніру названы капітан нашай каманды Ягор Казлоў (гімназія), лепшым нападаючым – Мікіта Юркевіч (СШ № 1), самым тэхнічным іграком прызнаны Нікадзім Жалток (Івянецкая СШ). Каманда вярнулася дадому з кубкам і граматамі, кожны ігрок атрымаў невялікі падарунак.

Ініцыятыва караецца толькі ў жартоўных выказваннях, часцей яна прыносіць узнагароды і дывідэнды.

Работнік раённай бібліятэкі Аляксей Шчарбачэвіч па ўласнай ініцыятыве паўдзельнічаў у фотаконкурсе, які праводзілі Hrodna life і фестываль падарожжаў "Самаход", – "У Еўропу і Беларусь без візы".

Патрабавалася даслаць фота з падарожжаў апошняга часу з подпісам. Аляксей адправіў фота з музея на Домскай плошчы ў Рызе, якое крыху больш чым за суткі набрала 57 ”лайкаў”, і такім чынам заняло першае месца. У падарунак фатографу даслалі майку з лагатыпам і power bank.


Мір пачынаецца з мяне

Штогод Беларусь прымае ўдзел у міжнароднай акцыі “Бег Міру” – самай працяглай факельнай эстафеце ў свеце. На мінулым тыдні ўдзельнікі “PeaceRun” перасяклі мяжу нашага раёна, дзе да іх далучыліся прадстаўнікі Валожынскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.

Еўрапейская каманда стартавала ў Галвеі (Ірландыя) 26 красавіка. Спартсмены прабеглі праз Велікабрытанію, Галандыю, Германію, Францыю, Швейцарыю, Італію, Славенію, Аўстрыю, Чэхію, Славакію. У Польшчы яны падзялілася на тры каманды і ўзялі курс на беларускія гарады Брэст, Гродна, Гомель. У Гомелі да бегуноў далучыліся прадстаўнікі Украіны. Расіяне стартавалі 9 чэрвеня ў Маскве. У Оршы яны стварылі дзве групы і накіраваліся ў Віцебск і Магілёў. Такім чынам, 2 ліпеня пяць поўнасцю сфарміраваных каманд прыбылі ў абласныя цэнтры нашай краіны. У Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь адбыўся старт прабегу ў напрамку на Мінск. Па шляху маршрутаў да людзей у спартыўнай форме далучаліся мясцовыя аматары бегу.

У склад вялікай міжнароднай каманды ўваходзяць грамадзяне 25 дзяржаў, у тым ліку Велікабрытаніі, Германіі, Галандыі, Італіі, Грузіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, ЗША і інш. Беларусь удзельнічае ў акцыі ў 21-ы раз. А пачалося ўсё ў 1987 годзе, калі Шры Чынмой выступіў з цікавай ініцыятывай. З таго часу прабег прайшоў па 155 краінах. Энтузіясты пераадолелі адлегласць у 600 тыс. км (16 разоў вакол экватара!).

Удзельнікі эстафеты – людзі розных прафесій. Іх вопыт, ступень падрыхтоўкі таксама не аднолькавыя – у кожнага свой узровень. Напрыклад, сярод членаў каманды, чый маршрут пралягаў праз наш раён, ёсць 3 чалавекі, якія прымалі ўдзел у 6-10-дзённых забегах у Нью-Ёрку. Актывісты руху ўпэўнены: праносячы факел міру, яны робяць крок да гармоніі, будуюць мост між культурнымі і сацыяльнымі адрозненнямі, што раз’ядноўваюць нацыі.

Валожынцы сустрэлі атлетаў-факеланосцаў на шашы Гродна-Мінск. Віталі гасцей начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вікенцій Мікалаевіч Адамовіч і намеснік начальніка па спорце і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму Валянціна Валер’еўна Башаркевіч. Народны гурт народнай песні “Сваякі” парадаваў прыгожымі беларускімі песнямі. Ад жыхароў шчодрага краю спартсменам уручылі прыгожы, духмяны каравай. На час, калі міжнародная група аднадумцаў пераадолела адлегласць ад мяжы раёна да райцэнтра, яе членамі сталі юныя валожынцы – выхаванцы аддзялення лёгкай атлетыкі ДЮСШ.

Хлопчыкі і дзяўчынкі з гонарам вытрымалі няпростае выпрабаванне і прывялі ўсю групу на плошчу Свабоды. У гарадскім скверы адбыўся імправізаваны мітынг, падчас якога прадстаўнікі розных краін усклалі кветкі да помніка загінуўшым воінам. Валожынскім бегунам і арганізатарам сустрэчы былі ўручаны міжнародныя сертыфікаты як сведчанне ўдзелу ў акцыі. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць тых, хто аддаў жыццё ў барацьбе з фашызмам. Вандроўнікі-спартсмены адзначылі прыгажосць і гасціннасць беларускай зямлі, падзяліліся ўражаннямі ад святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь у Гродне, Мастах і Скідзелі.

Як адзначыў капітан каманды Андрэ Моцны (інжынер-праграміст з Чэхіі), эстафета – гэта магчымасць падпісацца пад простым і зразумелым для кожнага чалавека пасланнем: “Мір пачынаецца з мяне!”. Любы, хто пажадае, можа паўдзельнічаць у гэтай незвычайнай акцыі – прабегчы некалькі кіламетраў ці метраў, патрымаць у руцэ факел і, такім чынам, стаць часткай самай вялікай у свеце спартыўнай каманды.

8 ліпеня ўсе пяць напрамкаў прабегу сабраліся разам на Мінскай кальцавой дарозе і фінішавалі ў сталіцы на плошчы Перамогі, дзе разам адзначылі 30-годдзе эстафеты.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Прочитано 181 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Ученикам - с радостью идти в школу, учителям – терпения, родителям – понимания…»

01.09.2017
Узда, День знаний