Региональные новости: Воложинский район

Пятница, 14 июля 2017 09:30  |  Источник  Працоўная слава

Рэгiянальныя навiны ад члена беларускага саюза журналістаў Наталлі ШТЭЙНЕР

Згодна з пастановай Прэзідыума Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў рэгіёнах праводзіцца маніторынг цэн у магазінах дзяржаўнай і недзяржаўнай формы ўласнасці.

Праз некаторы час будуць зроблены абагульненні і вывады. У цэлым па рэспубліцы маніторацца не толькі цэны на прадукты, але і на медыцынскія прэпараты, транспартныя і іншыя паслугі.

У раённым аб’яднанні прафсаюзаў створана рабочая група, якая правяла маніторынг цэн у чэрвені і ліпені. Ён здзяйсняецца па 47 вызначаных пазіцыях у магазінах “Мінскі край” і Еўраопт, фіксуюцца мінімальныя і максімальныя цэны на даны від прадукта. Трэба адзначыць, у магазіне спажывецкай кааперацыі не ўсе найменні тавараў бываюць у наяўнасці, на паліцах Еўраопта ёсць выбар прадуктаў – як розных фірм і вытворцаў, так і рознай расфасоўкі.

Апошнім часам фонды раённага краязнаўчага музея папоўніліся амаль 30-цю новымі экспанатамі. Іх перадала ў дарунак з бацькоўскага дома ў вёсцы Сарокі Дорскага сельсавета жыхарка райцэнтра Людміла Міхайлаўна Бобрык.

Сярод новых экспанатаў у асноўным прылады сельскагаспадарчай працы: сярпы, сякера-калун, а таксама бандарныя вырабы, бязмен, куфар, карыта. Ёсць сярод дарункаў і надзвычай арыгінальны гліняны збан для алею. Усе прадметы датуюцца пачаткам ХХ стагоддзя, магчыма, ёсць і такія, што выраблены ў канцы ХIХ-а.

На хутар Шаблі, дзе ў мінулыя выхадныя праходзіў фестываль “Вольнае паветра”, былі запрошаны і прадстаўнікі грамхарчу нашага райспажыўтаварыства.

Да відовішчаў, як вядома, заўсёды патрабуецца хлеб. Традыцыйна на фестываль з’язджаецца шмат народу, якому ў летні дзень патрэбны не толькі прахаладжальныя напоі, марожанае, але і нармальнае харчаванне.

У гандлёвай палатцы пакупнікоў абслугоўвала Жанна Далматовіч, якая працуе ў буфеце райбальніцы. Шашлыкі рыхтавалі повар кулінарнага цэха Жанна Гевель разам з памочніцамі. Прапаноўвалі шырокі асартымент страў: шашлыкі, купаты, курыцу на грылі, шурпу з бараніны, гарачыя піражкі, чай на травах і многае іншае. Асаблівай папулярнасцю карысталіся валожынскія шашлыкі. Некалькі дзён давялося б гандляваць у буфеце райбальніцы, каб атрымаць такую выручку. Хаця ў валожынцаў былі і канкурэнты – некалькі мінскіх кафэ.

У другія выхадныя ліпеня на аграсядзібе “Бацян” у Вішнеўскім сельсавеце ладзіўся традыцыйны фестываль Бацяноў.

Людзі з такім прозвішчам, блізкія і далёкія сваякі, суседзі, аднакласнікі з радасцю збіраюцца раз у год на сустрэчу. У гэты раз да фестывалю было прымеркавана свята вёскі Долкневічы, якое арганізавалі і правялі культработнікі Багданаўскага сельскага цэнтра культуры. Яно разгарнулася непасрэдна на сядзібе і ўдала ўпісалася ў сцэнарый фестывалю, аздобіла яго іншымі фарбамі.

Бацяноў сёлета “зляцелася” на фестываль каля 40 чалавек – з Маладзечна, Мінска, Віцебска, Вілейкі і іншых населеных пунктаў Беларусі. Гаспадар аграсядзібы Уладзімір Бацян правёў майстар-клас па вырабе сувенірных валёнкаў, былі арганізаваны гульні, конкурсы, жартоўныя спартыўныя спаборніцтвы і проста сумесныя пасядзелкі з успамінамі. Гасцей пазнаёмілі з перспектывамі развіцця аграсядзібы: будуецца лазня, мяркуецца прыбудова да дома, думаюць пра зручнасці для гасцей-інвалідаў. Заезд гасцей пачаўся ў пятніцу. А на свяце вёскі, якая налічвае ўсяго 6 дамоў, але знаходзіцца ў надзвычай маляўнічым месцы непадалёк ад рэчкі Альшанкі, ушанавалі старэйшую жыхарку – 82-гадовую Ірыну Іосіфаўну Аляшкевіч, якая ўсё жыццё пражыла ў Долкневічах. Не абмінулі ўвагай і самага маленькага жыхара – Канстанціна Бацяна, якому 2,5 гады. З асалодай слухалі госці народныя і сучасныя песні ў выкананні самадзейных артыстаў.

Заўтра, 15 ліпеня, у Маладзечанскім раёне пройдуць міжраённыя спаборніцтвы па стралкова-паляўнічым шматбор’і, у якіх прымуць удзел каманды Валожынскага, Маладзечанскага і Вілейскага раённых падраздзяленняў Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

Гэтым спаборніцтвам папярэднічалі раённыя, якія прайшлі на месцы прыстрэлкі паблізу вёскі Курдуны Івянецкага сельсавета. Спаборніцтвы праходзілі па дзвюх дысцыплінах: стральба па мішэні “стаячая казуля” і стральба па лятаючых талерачках. Першае месца занялі члены таварыства з Ракава: капітан Сяргей Віктаравіч Грыбкоўскі, Сяргей Паўлавіч і Міхаіл Паўлавіч Лемяшонкі, другое – паляўнічыя з Івянца Аляксандр Казіміравіч Бібік (капітан), Алег Францавіч Юхневіч і Ігар Аляксандравіч Дашчынскі. На трэцім месцы – каманда валожынскіх паляўнічых у складзе Андрэя Валер’евіча Жудрыка (капітан), Аляксандра Міхайлавіча Літвіненкі і Аляксандра Міхайлавіча Пракопчыка.


 

З яго асобай звяраем жыццё

8 ліпеня ў мемарыяльным запаведніку “Вязынка” – адным з найпрыгажэйшых куткоў Міншчыны – адбылося рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі”, прымеркаванае да 135-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Янкі Купалы.

У мясціны, дзе знаходзіцца выток магутнай плыні Купалавай паэзіі, накіравалася і дэлегацыя творцаў Валожыншчыны. Да ўдзельнікаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” далучыўся заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ракаўскі “Гасцінец”.

Мерапрыемства ладзілася Саюзам пісьменнікаў Беларусі сумесна з Мінскім абласным і Маладзечанскім раённым выканкамамі. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь накіраваў удзельнікам свята прывітанне. “Зорка Янкі Купалы ўзышла ў эпоху перамен, калі Беларусь рабіла першыя крокі да ўласнай дзяржаўнасці. Сілай свайго таленту паэт вызначыў накірункі развіцця роднай мовы і культуры, акрэсліў духоўныя арыенціры для многіх пакаленняў, – гаворыцца ў вітальным слове. – Таму сёння мы, грамадзяне суверэннай краіны, ганарымся і папулярызуем купалаўскую спадчыну, з павагай захоўваем яе для нашчадкаў”.

Вось ужо амаль паўстагоддзя гэта калісьці сціплая сядзіба ў Маладзечанскім раёне збірае гасцей з усяго свету. Туды, дзе распачаўся жыццёвы шлях творцы, які стаў сімвалам беларусаў як нацыі, святочным днём сабраліся літаратары з усёй Беларусі. Каб ушанаваць памяць вядомага ва ўсім свеце чалавека, прыехала шмат замежных гасцей, сярод іх – дыпламаты, пісьменнікі, грамадскія дзеячы.

Старт шэрагу святочных эпізодаў быў дадзены ля помніка паэту. Працяг адбыўся на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы, у музеі. Павел Паўлавіч Латушка – вядомы дзяржаўны дзеяч, дыпламат, падчас свайго выступлення падкрэсліў: “Купала – асоба, з чыімі ідэаламі звяраюць сваё жыццё ўсё новыя і новыя пакаленні. Мастацкі свет яго паэзіі стаў неад’емнай часткай духоўнага скарбу не толькі беларускага народа, але і сусветнай культуры. Менавіта таму наш паэт з’яўляецца “чэмпіёнам” па колькасці помнікаў, якія ўстаноўлены ў памяць аб ім у розных краінах свету.”

Асабліва пранікнёна ў гэты дзень гучалі вершы песняра. Ля мікрафона пабывалі і нашы землякі: Віктар Шніп – галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” і Валянціна Гіруць-Русакевіч – кіраўнік “Руні”.

Музычныя творы, натхнёныя мілагучнымі радкамі паэта, выканалі дзяржаўны ансамбль “Песняры”, салістка Беларускай дзяржаўнай філармоніі Марына Васілеўская, заслужаны фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Неруш”, вакальны ансамбль “Заранак” Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У. Мулявіна, мастацкія калектывы Маладзечанскага раёна. Вядучымі свята выступілі артыстка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Валянціна Гарцуева і акцёр рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Андрэй Новік.

Запамінальным момантам стала выступленне ракаўскага “Гасцінца”. Аматарскі калектыў пакарыў гасцей свята не толькі выкананнем фальклорных песень, але і майстар-класам па народных гульнях і танцах.

Свята ў Вязынцы стала выдатным адпачынкам для тысяч людзей, якія прысвяцілі выхадны дзень памяці аўтара любімых твораў. Наталіўшы душу паэзіяй і музыкай, можна было павольна паблукаць па горадзе майстроў, які вабіў безліччу прыгожых і карысных рэчаў. Модныя зараз кашулі-вышыванкі, так званыя “вышымайкі”, упрыгожванні з кужалю і скуры, гліняны посуд, вырабы з дрэва… Да таго ж, менавіта ў гэты дзень гандляры прапаноўвалі самы шырокі асартымент друкаванай прадукцыі – кнігі Купалы, ілюстраваныя альбомы, кішэнныя зборнікі, часопісы. У моладзі карысталіся попытам значкі, наклейкі, магніты з выявай народнага паэта, шары з хэштэгам “Я люблю Купалу!”. Шматлікія фотапляцоўкі, упрыгожаныя кветкамі, далі магчымасць назаўсёды захаваць гэты дзень у сямейным фотаальбоме.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

Прочитано 191 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Ученикам - с радостью идти в школу, учителям – терпения, родителям – понимания…»

01.09.2017
Узда, День знаний