Новости Воложинского района

Пятница, 10 ноября 2017 10:50  |  Источник  Газета "Працоўная слава"

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

У гэтыя святочныя дні з нагоды 100-годдзя Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі ва ўстановах адукацыі праходзяць урачыстыя прыёмы школьнікаў у піянеры і акцябраты.

На першае навучальнае паўгоддзе ў раённую піянерскую арганізацыю паступілі 163 гальштукі, 8 піянерскіх значкоў і 261 акцябрацкая зорачка, якія павінны знайсці сваіх уладальнікаў. Двойчы ў год адбываецца перарэгістрацыя піянерскіх дружын. Статыстычныя даныя падаюцца на 1 снежня і на 1 чэрвеня. Школьнікі ад 7 да 9 гадоў лічацца акцябратамі, ад 10 да 14 – піянерамі. У гады існавання СССР найчасцей прымалі ў піянеры напярэдадні 22 красавіка, калі святкаваўся дзень нараджэння У. І. Леніна, чыё імя насіла піянерская арганізацыя. У апошнія дзесяцігоддзі няма дакладнай устаноўкі, калі праводзіць прыём у піянеры і акцябраты. Але некаторыя знамянальныя даты ёсць: 13 верасня святкуецца Дзень нараджэння Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі, а 19 мая – Дзень піянерскай дружбы.

Другі навучальны год выхаванцаў Валожынскага прафесіянальнага ліцэя, якія жывуць у Івянецкай зоне і Стаўбцоўскім раёне, па пятніцах мікрааўтобус установы бясплатна развозіць па дамах, а ў панядзелак ранкам дастаўляе на вучобу.

Дабірацца з Валожына ў Івянец заўсёды было праблематычна, не гаворачы пра вёскі Стаўбцоўскага раёна. У мікрааўтобусе 13 месц, і яны цалкам занятыя. Робіцца гэта за кошт пазабюджэтных сродкаў. У першую чаргу на дапамогу разлічваюць навучэнцы з малазабяспечаных сем’яў. Па суботах-нядзелях гарачае харчаванне ў ліцэі арганізавана толькі для дзецей-сірот, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. А вось паўнацэннымі бясплатнымі абедамі забяспечаны ўсе навучэнцы на працягу пяці навучальных дзён. Дарэчы, сняданкі і вячэры па жаданні могуць атрымліваць усе навучэнцы, варта толькі зараней аплаціць іх кошт у касе ўстановы. Калі летась ранкам і ўвечары харчаваліся да 10 навучэнцаў, то ў бягучым навучальным годзе – да 40.

З 4 лістапада адкрылася паляванне на пушныя віды дзічыны: зайца беляка і зайца русака, куніцу лясную, куніцу каменную, андатру, тхара ляснога, норку амерыканскую, вавёрку.

У мінулыя выхадныя, якія плаўна перайшлі ў святочныя дні, аматары палявання атрымалі асалоду ад любімага занятку і першых трафеяў. Сезон палявання працягнецца да 28 студзеня 2018 года. Паляўнічымі днямі вызначаны пятніца, субота, нядзеля, панядзелак і ўсе дзяржаўныя святочныя дні, аб’яўленыя Прэзідэнтам краіны. Пуцёўкі на паляванне набываюцца ў раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў і ў штатных работнікаў. Напярэдадні адкрыцця чарговага паляўнічага сезона былі набыты каля 200 пуцёвак.

Больш за дзесяць членаў прафсаюза прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Валожынскім раёне мінулыя выхадныя правялі на Гродзеншчыне. Іх двухдзённы экскурсійны маршрут пралягаў праз Ліду – маёнтак “Каробчыцы” – Гродна.

У Лідскім замку для валожынцаў арганізавалі гістарычнае міні-прадстаўленне. Цікавым было знаёмства з бытам беларусаў, адноўленым у Каробчыцах, з яго прыгожымі драўлянымі скульптурамі і іншымі “фішкамі”. Увогуле, хто пабываў у “Каробчыцах” хоць раз, жадае яшчэ туды вярнуцца. А Гродна – адзін з найпрыгажэйшых гарадоў нашай краіны. Падчас пешаходнай экскурсіі па старой гістарычнай частцы абласнога цэнтра, знаёмства з яго храмамі нашы землякі атрымалі незабыўныя ўражанні. Спрыяла ім і надвор’е.

У кастрычніку ў паляўнічых угоддзях, якія належаць раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рабаловаў, прайшоў паляўнічы тур з удзелам 10 аматараў палявання з Расіі.

Госці здабылі двух ласёў і шэсць казуляў еўрапейскіх. Камфортнае пражыванне для іх было арганізавана на аграсядзібе “За масточкам”.

У першыя дні лістапада ў райцэнтры па вуліцы Савецкай адкрыўся новы прадуктовы магазін пад назвай “Фермерская лаўка”.

Сваю прадукцыю прапануе прыватная вытворчасць, арганізаваная ў вёсцы Хожава Маладзечанскага раёна. Штодня завозіцца свежае мяса (свініна, гавядзіна, кураціна), мясныя паўфабрыкаты, гатовая прадукцыя (каўбасы, вяндліна). У продажы ёсць і малочная прадукцыя. Добра, што ў жыхароў горада павялічылася магчымасць выбару прадуктаў харчавання.

У кожнага школьніка былі свае планы на канікулы. І праводзілі яны іх па-рознаму. Некаторыя вучні 2-3 і 4 класаў СШ № 1 райцэнтра змаглі адчуць сябе на некалькі гадзін мастакамі.

Майстар-клас для іх арганізавалі ў памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца”. Кіраўнік гуртка “Юны мастак” малады спецыяліст Святаслаў Хурматаў вучыў хлопчыкаў і дзяўчынак бачыць прыроду ў розны час года. У работах, якія атрымаліся ў юных мастакоў, было адлюстравана хараство залатой восені.

Прочитано 72 раз