Новости Воложинского района

Вторник, 14 ноября 2017 11:30  |  Источник  Газета "Працоўная слава"

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

На Сакаўшчынскім вадасховішчы прайшоў другі этап зарыблення.

Работнікі раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў выпусцілі ў ваду 550 кілаграмаў малька сома еўрапейскага, столькі ж кілаграмаў карпа і 150 кілаграмаў малька карася сярэбранага. За год малёк вырастае прыкладна да 400-грамовай рыбіны. Падчас зарыблення лоўля рыбы на вадасховішчы не забараняецца.

На працягу трох дзён, з 3 па 5 лістапада, на спартыўнай базе “Галактыка” праходзіла Х абласная спартакіяда ветэранаў спорту. Удзел у ёй прынялі 80 чалавек.

Падводзіліся толькі асабістыя вынікі. У камандзе нашага раёна ніхто не застаўся без медалёў. У стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі на 10 метраў, седзячы за сталом з рукі, самай трапнай сярод жанчын была Ларыса Дзмітрыеўна Гладчанка, Рыгор Іванавіч Гладчанка сярод мужчын паказаў другі вынік. Тамара Міхайлаўна Семяняга была другой у спаборніцтвах па шахматах і рускіх шашках. Аляксей Уладзіміравіч Лях заняў другое месца ў спаборніцтвах па настольным тэнісе, а Міхаіл Іванавіч Шыян паказаў трэці вынік у більярдзе. За першае месца пераможцы атрымалі грашовую прэмію ў суме 15 рублёў, за другое – спартыўныя майкі, за трэцяе – тэрмасы. Галоўны суддзя спаборніцтваў – старшыня раённай арганізацыі ветэранаў спорту Мікалай Мікалаевіч Рабцаў – узнагароджаны Кубкам.

Напярэдадні 100-гадовага юбілею Вялікага Кастрычніка ў Івянецкім гарпасялковым Доме культуры з аншлагам прайшоў канцэрт групы “СССР”.

Артысты з Мінска ўпершыню выступалі ў Івянцы. У іх выкананні прагучалі шлягеры 80-х гадоў, вядомыя ваенныя песні, а таксама папулярныя аўтарскія песні мінулых гадоў. Выступленне прайшло на ўра, праводзілі артыстаў гучнымі апладысментамі. Многія жыхары пасёлка жадалі ўзяць аўтографы ў музыкантаў.

Спажывецкі кааператыў “Валожынскія гасцінцы” з мэтай пашырэння турыстычных паслуг рыхтуе да ўстаноўкі 4 інфармацыйныя стэнды.

Іх установяць у Ракаве, на могілках у Тупальшчыне, дзе пахаваны вядомы драматург В. Дунін-Марцінкевіч, у Белакорцы (Налібоцкая пушча) і ў цэнтры Валожына ля іешывы. Зараз узгадняюцца інфармацыйныя тэксты пра кожны аб’ект, якія прапішуцца на стэндах.

7 лістапада ў Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжы імя М. К. Агінскага адбыўся канцэрт трамбаністаў. Галоўным нумарам праграмы быў вядомы ў музычным свеце саліст, педагог, прэзідэнт Асацыяцыі трамбаністаў Францыі Жак Мажэ. З раніцы маэстра правёў бясплатны майстар-клас для навучэнцаў каледжа. Аўтар праекта і вядучы канцэрта – наш зямляк Аляксей Шаблыка.

Кампанію “гуру” трамбона склалі беларускія музыканты Аляксей Шаблыка, Яўген Вайткевіч, квартэт трамбонаў з Мінска. Гучала музыка ад класікі да джаза. Варта адзначыць, што А. Шаблыка і Я. Вайткевіч – выхаванцы Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў. Першыя крокі ў музыцы абодва рабілі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мікалаевіча Грука, выступалі ва ўзорным духавым аркестры школы.

На аграсядзібе “Засценак Скрыплева” гаспадар Васіль Грынь і яго сям’я ў другі раз праводзілі фестываль “Капыцікі”, дзе прапагандаваліся стравы беларускай кухні. Адметнасцю гэтага года была яшчэ і паляўнічая кухня.

На “Капыцікі” з’ехаліся каля 40 чалавек – турысты з Мінска, Літвы і Польшчы. Прысутнічала старшыня аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” Валерыя Кліцунова. Як адзначыў сам гаспадар, свята не атрымалася б без удзелу і кваліфікаванай дапамогі ў прыгатаванні старадаўніх страў жанчын з аб’яднання “Бацькаўшчына” з Дубіны. Іх квашаніна (халоднае), мясныя рулеты, вантрабянка і крывянка з грэцкімі крупамі заслужылі найвышэйшай адзнакі. Дапамог В. Грыню і сусед-паляўнічы, які застрэліў 7 качак. Гатавалі качак з яблыкамі ў рускай печцы. Наогул, немагчыма пералічыць усе прыгатаваныя стравы, якія рабіліся з серады па пятніцу. Маладыя валанцёры са сталіцы не толькі дапамагалі гаспадару і гаспадыні, але адначасова вучыліся ў старых жанчын гатаваць стравы. Добры настрой стваралі сваёй музыкай гаспадар аграсядзібы “Хутар Дудара” Алесь Лось і Анатоль Ганец з аграсядзібы “Ганка”. У дзеянні было сапраўднае партнёрства і ўзаемадапамога, што падмацавала выдатны вынік незвычайнага фестывалю ежы.

Прочитано 46 раз