Новости Воложинского района

Вторник, 05 декабря 2017 10:20  |  Источник  Газета "Працоўная слава"

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

У чацвёртым квартале бягучага года за бюджэтныя сродкі ў раённую бальніцу закуплена значная колькасць медыцынскага абсталявання.

Клінічная лабараторыя папоўнілася аналізатарам біяхімічным за 17 тысяч 713 рублёў і цэнтрыфугай коштам 4 тысячы 665 рублёў. Для аддзялення медыцынскай рэабілітацыі набыты ўльтрагукавыя апараты “Іскра-1” і “Рыкта” на агульную суму 3 тысячы 600 рублёў. У аддзяленні хуткай дапамогі з’явіўся новы дыфібрылятар-манітор коштам 6000 рублёў і тры партатыўныя электракардыёграфы – два “Смарт” агульным коштам 3 тысячы 480 рублёў і адзін “Альтонік”, які каштуе 3 тысячы 300 рублёў. Для аддзялення рэанімацыі набыты 6 помпаў шпрыцавых коштам амаль 8000 рублёў. У кабінеце акуліста з’явіўся набор пробных акуляравых лінзаў за 3 тысячы 339 рублёў, у медперсаналу – два новыя індыкатары ўнутрывочнага ціску за 3 тысячы 300 рублёў.

У дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь занесены 14 археалагічных помнікаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашага раёна.

Археалагічныя помнікі – гэта гарадзішчы альбо курганныя могільнічкі, што адносяцца да I-IV стагоддзяў да нашай эры. Замацаваны яны за сельвыканкамамі альбо сельгаспрадпрыемствамі, на чыіх землях знаходзяцца. Турысты пра іх нічога не ведаюць. Сёлета на ўсіх гістарычных аб’ектах устаноўлены ахоўныя дошкі. Пяць апошніх з'явіліся на аб’ектах, замацаваных за лясгасам.

Штогод напярэдадні Новага года сярод школьнікаў рэспублікі праводзіцца тэхнічны творчы конкурс пад назвай “Тэхнаёлка”, на які ўстановы адукацыі прадстаўляюць лясных прыгажунь, вырабленых з самых незвычайных матэрыялаў.

Большасць школ і пазашкольных устаноў прадставілі свае вырабы на раённы этап конкурсу. Арганізатары адзначаюць, што з году ў год павышаецца палёт тэхнічнай думкі падлеткаў і іх настаўнікаў, у ход ідуць самыя неверагодныя матэрыялы. Замест іголак на ёлках могуць быць звычайныя канцылярскія скрэпкі, балты і гайкі, самі ёлкі свецяцца і мігаюць, круцяцца, і гэта не мяжа творчай думкі і фантазіі.

Больш за дзесяць работ 27 лістапада былі адпраўлены на абласны этап конкурсу. Для далейшага ўдзелу адабраны 5 творчых падзелак з нашага раёна. Гэта дзве работы гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (кіраўнік Т. А. Курыла) і адна – гуртка “Жывапіс, графіка, малюнак” (І. Г. Міхеткін) цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, а таксама надзвычай цікавыя работы з Гародзькаўскай і Суднікаўскай сярэдніх школ (настаўнікі М. І. Астроўская і І. У. Юсцік).

У апошнія выхадныя дні лістапада ў лясных угоддзях, якія належаць раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, палявалі 7 паляўнічых з Санкт-Пецярбургу.

Для іх было арганізавана загоннае паляванне, у выніку якога здабыты 2 ласі і 4 казулі. Паляўнічыя прыехалі за мясам. Кожнаму дасталося прыкладна па 50 кілаграмаў дзічыны. Пражывалі госці на аграсядзібе “За масточкам”, што месціцца як бы ў цэнтры ўгоддзяў, гэта вельмі зручна. Задавольваюць начлежнікаў арганізацыя быту і харчаванне.

Жыхарка вёскі Лоск Соф’я Іванаўна Багдановіч, прыехаўшы на прыём у раённую паліклініку, убачыла непадалёк будынак раённага краязнаўчага музея. Выбраўшы зручны для сябе час, цікаўная жанчына завітала ў музей, пазнаёмілася з супрацоўнікамі і спыталася, што можна перадаць у дарунак.

У наступны візіт да дактароў С. І. Багдановіч прывезла ў музей надзвычай прыгожую посцілку, выкананую ў нетрадыцыйным відзе пляцення. Рэч не тканая, а як бы вязаная, добра захавалася. А яшчэ жанчына прывезла 4 старадаўнія паясы ў тэхніцы пляцення на ніту, якая апошнія дзесяцігоддзі адраджаецца ў нашым раёне.

Святочная сацыяльная акцыя “Дары дабро – стань Дзядулем Марозам” ужо не першы год праводзіцца ва ўнівермагу райцэнтра.

На другім паверсе магазіна, у аддзеле, дзе прадаюцца дзіцячыя цацкі і кнігі, устаноўлена ёлка з малюнкамі выхаванцаў Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната. Для кожнага з іх канкрэтна могуць зрабіць навагодні падарунак жыхары і госці горада. Набываючы падарункі для сваіх дзяцей, варта ўспомніць і пра тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія абдзелены бацькоўскім клопатам і любоўю. Не праходзьце міма дабрачыннай ёлкі!

Прочитано 72 раз