Новости Воложинского района

Пятница, 08 декабря 2017 09:50  |  Источник  Газета "Працоўная слава"

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

Не першы год работнікі нашага лясгаса дапамагаюць сваім калегам з іншых раёнаў Міншчыны то на ліквідацыі паследкаў стыхійных бедстваў, то на высечцы дрэў, пашкоджаных вяршынным і шасцізубым караедам.

Вось літаральна днямі завершаны працоўныя вахты ў Любанскі лясгас, дзе высечаны 138,4 гектара сасновых насаджэнняў і 6 гектараў яловых. Адпаведна нарыхтавана 36,32 тысячы кубаметраў сасны і 1,75 тысячы кубаметра елкі. Драўніну нарыхтоўваюць для ўласнага цэха, а таксама для продажу на экспарт і на ўнутраным рынку. Валожынцы адпраўлялі нарыхтаваную драўніну Салігорскаму, Любанскаму, Глускаму Гомельскай вобласці жылкамунгасам, а таксама камерцыйным структурам.

На гэтым тыдні прыступілі да распрацоўкі пашкоджаных жуком-караедам хваёвых насаджэнняў у Старобінскім лясгасе Салігорскага раёна. Першапачатковае даведзенае заданне – убраць дрэвы на тэрыторыі 10,9 гектара і нарыхтаваць 3 тысячы 300 кубаметраў драўніны.

Падыходзяць да завяршэння рамонтныя работы на першым паверсе Дома быту ў Валожыне, вядзецца перапланіроўка памяшканняў. З мэтай мэтанакіраванага выкарыстання кожнага квадратнага метра частка плошчаў здадзена ў арэнду прадпрыемству “Захад-хімгандаль”, якое мае папулярную сетку магазінаў “Востраў чысціні”.

Пры ўваходзе ў Дом быту злева, дзе знаходзіўся магазін “Бытавічок”, неўзабаве прапішацца ўзгаданы вышэй магазін. Сваю частку работ бытавікі практычна выканалі. З паловы месяца будзе ўстанаўлівацца абсталяванне новай крамы. А ў памяшканні касы Дома быту знайшлося месца і для свайго магазіна. Стаўку вырашылі рабіць пераважна на гандаль таварамі ўласнай вытворчасці.

Наш раён – адзін з лідараў у вобласці па колькасці аграсядзіб. На дадзены момант іх налічваецца ўжо 41.

За бягучы год гэты спіс папоўнілі 6 новых аграсядзіб, гаспадары якіх смела ўзяліся за рэалізацыю сваіх планаў. Гэта аграсядзібы “Пад дубамі” ў вёсцы Кіявец (гаспадар Васіль Васільевіч Рубцоў), “Дайнаўскі двор” у вёсцы Дайнава Вялікая (Дзмітрый Віктаравіч Мурашка), “Домік на Іслачы” ў вёсцы Белакорац (Таццяна Васільеўна Шчогалева), “Мядовая каралева” ў вёсцы Міжрэчча (Аляксандр Юр’евіч Хаўрук), “Пяскі” ў вёсцы Яцкава-Пяскі (Ева Феліксаўна Гілевіч) і “Шанці-дом” у вёсцы Шыкуці (Алена Алегаўна Паўлінская). Калі ў апошняй аграсядзібе займаюцца ёгай, вучаць сваіх пастаяльцаў медытыраваць і іншым асновам гэтага вучэння, у “Мядовай каралеве” прапануюць паслугі, звязаныя з пчоламі і мёдам, у “Доміку на Іслачы” арганізуюць сплавы па рацэ на байдарках, то ў астатніх стаўка робіцца на традыцыйны адпачынак на ўлонні прыроды, азнаямленне з прыроднай і культурнай спадчынай Валожыншчыны.

“Пад знакам святла” – так называецца выстава абразоў і арнатаў (літургічнае адзенне каталіцкага святара), што працуе ў гэтыя дні ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры.

На выставе прадстаўлены 19 абразоў рускай школы іканапісу ХIХ стагоддзя і 3 арнаты з калекцыі музея. Абразы паступілі сюды ў 1997 годзе з Брэсцкай і Гродзенскай мытняў. Напісаны яны на дрэве. Асаблівую цікавасць выклікаюць узоры палехскай школы іканапісу – “Жыціе Іаана Воіна”, “Жыціе і пакуты мучанікаў Кірыяка і Іуліты”. Пазнаёміцца з новай выставай можна будзе да канца студзеня 2018 года.

Штогод педагогі агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі раёна прымаюць удзел у конкурсе на лепшую сувенірную работу.

І там сапраўды ёсць на што паглядзець і падзівіцца майстэрству і творчай фантазіі людзей, чыя прафесія іншы раз зусім далёкая ад творчасці, і займаюцца яны сваім хобі ў вольны ад работы час. Сёлета на раённы этап конкурсу было прадстаўлена больш за 70 работ, выкананых у самай рознай тэхніцы. На абласны этап прайшлі адбор каля 15 работ. Каб уявіць творчы дыяпазон канкурсантаў, варта назваць некаторыя з іх: скураная шкатулка (А. В. Зара), паштоўкі ручной работы (А. І. Собалева), выцінанка (А. У. Мурашова), лялька-абярэг (дзіцячы цэнтр “Расінка”), ікона (Л. К. Харлінская) і іншыя. Традыцыйна педагогі Івянецкага цэнтра дзіцячай творчасці пакарылі журы сваімі керамічнымі вырабамі.

Ветэранская арганізацыя раёна ў гэтыя дні ўдакладняе спісы жывых уладальнікаў ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалёў “За працоўную адзнаку” і “За працоўную доблесць”.

Шаноўныя чытачы, калі вы ці вашы родныя маюць такія ўзнагароды, і гэта пацверджана адпаведнымі дакументамі, то вы можаце значна аблегчыць збор і праверку даных. Варта патэлефанаваць у раённы Савет ветэранаў па нумары 54539.

Прочитано 487 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Главное богатство наше – люди!…»

29.09.2018
г. Мядель, Дожинки - 2018