Новости Воложинского района

Вторник, 19 декабря 2017 10:20  |  Источник  Газета "Працоўная слава"

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

На працягу двух дзён, 12-13 снежня, на базе Клецкага вытворча-харчовага завода праводзіўся абласны конкурс пекараў. У ім бралі ўдзел маладыя работніцы кандытарскага цэха Валожынскага хлебазавода Алена Сівая і Людміла Бацян.

У конкурсе былі тры іспыты: выпечка караваю, афармленне вясковага пейзажу з цеста і выпечка дыетычных гатункаў хлеба. Каравай быў дамашнім заданнем, яго канкурсанткі выпякалі на сваіх рабочых месцах. У першы дзень удзельніцы дэманстравалі ўменне ў выпяканні дыетычнага хлеба. Цікавым атрымалася заданне – аформіць вясковы пейзаж. З цеста былі выраблены самыя разнастайныя фігуркі – дрэвы, хаткі, дамашнія жывёлы. За пэўны час з іх складалася кампазіцыя на зададзеную тэму. Завяршыўся другі конкурсны дзень дэгустацыяй і падвядзеннем вынікаў. Нашы маладыя майстры ўпершыню ўдзельнічалі ў падобным конкурсе і задаволіліся заахвочвальнымі прызамі. Аднак пэўны прафесіянальны вопыт набылі, паглядзелі за працай калег з іншых рэгіёнаў Міншчыны.

Вучаніца 9 класа гімназіі № 1 Валожына, выхаванка аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва дзіцячай школы мастацтваў Вольга Лысенка і вучаніца 4 “А” класа СШ № 1 райцэнтра Вікторыя Румынская сталі пераможцамі конкурсаў “Святочная паштоўка” і на лепшую ілюстрацыю да дзіцячага верша польскіх паэтаў, якія традыцыйна ладзяцца пад эгідай Пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі.

Урачыстыя Калядныя сустрэчы сёлета праходзілі ў атэлі “Рэнесанс” у Мінску. На іх былі запрошаны каля 500 чалавек з розных куткоў Беларусі: настаўнікі польскай мовы, школьнікі, іх бацькі, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку і пераможцы конкурсаў. Оля Лысенка стала пераможцай у конкурсе паштовак, і адкрытка з уласным малюнкам стала адной з яе ўзнагарод. А малюнак Вікі Румынскай – ілюстрацыя да верша Марыі Канапніцкай пра гномаў – быў адабраны ў ліку 13 лепшых для выдання ілюстраванага календара на 2018 год, ён знайшоў сваё месца на ліпеньскай старонцы. Маляўнічыя календары былі ўручаны аўтарам. Таксама школьніцы атрымалі ў падарунак плэеры і кнігі лаўрэата Нобелеўскай прэміі польскай пісьменніцы Віславы Шымборскай. Гасцей у той дзень віталі пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі Конрад Паўлік, віцэ-спікер Польскага сейма Мар’я Коц, мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архіепархіі Тадэвуш Кандрусевіч.

Касцёльныя і царкоўныя кнігі з метрычнымі запісамі пра тых, хто нарадзіўся, браў шлюб і памёр, ад 1910-га па 1945 гады, якія захоўваліся ў раённым аддзеле ЗАГС, 8 снежня былі перададзены на пастаяннае захоўванне ў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі на Крапоткіна, 55.

Такіх кніг было 48, яны дайшлі да нас у розным стане захаванасці. Амаль паўгода два штатныя работнікі ЗАГСа рыхтавалі архіў для перадачы. Значную дапамогу ім аказвалі чатыры вучні гімназіі. Калі раней ніхто акрамя работнікаў не мог дакрануцца да архіўных кніг, іх нельга было фатаграфаваць, здымаць копіі, даведку можна было атрымаць, толькі пацвердзіўшы факт сваяцтва, то цяпер у чытальнай зале гістарычнага архіва з імі могуць працаваць усе жадаючыя.

Агульналіцэйскі бацькоўскі сход на тэму “Здароўем даражыць умейце. А жыццём даражыць удвая” прайшоў на мінулым тыдні ў прафесіянальным сельскагаспадарчым ліцэі. На ім прысутнічалі больш за 50 бацькоў выхаванцаў, якія прыехалі не толькі з нашага раёна, але і з Чэрвеньскага, Пухавіцкага, Іўеўскага.

З дакладам па асноўным пытанні выступіў дырэктар навучальнай установы У. І. Мітрошчанкаў, які закрануў усе аспекты, пачынаючы з умоў, створаных для вучобы і пражывання ліцэістаў, правільнага здаровага харчавання, барацьбы са шкоднымі звычкамі, заканчваючы работай сямі спартыўных секцый, правядзеннем мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду здаровага ладу жыцця. Прадстаўнік РАНС А. І. Сівы спыніўся на захаванні пажарнай бяспекі, асобна выдзеліў актуальную напярэдадні навагодніх свят тэму петард. Было што сказаць бацькам і начальніку інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС А. К. Карачуну, тым больш, што набліжаюцца зімовыя канікулы. Пра прафілактыку прастудных і іншых захворванняў расказаў прадстаўнік райбальніцы.

8 снежня ў Івянцы ў другі раз быў разыграны Кубак раёна па міні-футболе сярод юнакоў 2005-2006 гадоў нараджэння. Спаборніцтвы прысвячаліся Сусветнаму дню футбола і памяці настаўніка фізкультуры С. В. Скібы.

У гэтым турніры прынялі ўдзел 4 каманды. Першае месца і кубак заваявалі гаспадары – каманда Івянца. Другое і трэцяе прызавыя месцы занялі каманды гімназіі № 1 і СШ № 1 райцэнтра, на чацвёртым месцы – футбалісты СШ № 2 райцэнтра.

Прочитано 636 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Главное богатство наше – люди!…»

29.09.2018
г. Мядель, Дожинки - 2018