Новости Воложинского района

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

На мінулым тыдні ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці ў Мінску адзначалася 60-годдзе ўтварэння прафсаюза работнікаў дзяжаўных і іншых устаноў Мінскай вобласці.

За добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, актыўную работу па абароне працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза і ў сувязі са 100-гадовым юбілеем з дня ўтварэння органаў ЗАГС старшыня райкама прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў нашага раёна Т. У. Яныш узнагароджана Падзякай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Тамара Уладзіміраўна ўзначальвае прафсаюзную арганізацыю работнікаў дзяржустаноў з 2005 года.

Святочны навагодні настрой у населеных пунктах у многім стварае камунальная служба. Сёлета закуплена новых шароў, электрычных гірляндаў, кансоляў на суму 16,5 тысячы рублёў. Яны з’явяцца на ёлках і дрэвах у Валожыне, Івянцы і Ракаве.

Асабліва творча работнікі жылкамунгаса падышлі да ўпрыгажэння ёлкі ля новага будынка ДЮСШ, дзе ў гэтыя дні бывае шмат дзяцей і моладзі. Лясная прыгажуня ўбрана ў ружова-белых танах. Набыты вялізныя шары па 20-25 сантыметраў у дыяметры. Найбольшы клопат службы энергетыкаў – вуліца Шчарбіны. Гэта ўезд у наш горад, таму хацелася зрабіць яго эфектным, гірлянды ўпрыгожылі дрэвы. А на апорах на плошчы Свабоды з’явіліся новыя кансолі. Наогул, камунальная служба зрабіла свой уклад, а ў асноўным святочны настрой залежыць ад нас саміх.

Вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю маюць 67 сярэдніх медыцынскіх работнікаў раёна.

Сёлета, праўда, спіс іх не папоўніўся, хаця атэстацыя праводзілася два разы. Апошні раз – на мінулым тыдні. У 2017 годзе 5 чалавек сярод сярэдніх медработнікаў здалі іспыт на першую кваліфікацыйную катэгорыю, 8 – на другую.

Экспазіцыя музейнага пакоя “Родам з СССР”, які адкрыўся ў памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца” па вуліцы Партызанскай, папаўняецца новымі экспанатамі эпохі Савецкага Саюза.

Таццяна Лагірава з вёскі Каштаноўка перадала транзістар “Акіян”, Марыя Іосіфаўна Саўкіна з вёскі Суднікі – кнігі і газеты, жыхарка райцэнтра Надзея Матвеева – значкі, фатаграфіі. Асабліва хутка папаўняецца калекцыя значкоў, кніг, выдадзеных у пасляваенныя гады, керамічнага посуду. Культработнікам паабяцалі таксама адзін з першых чорна-белых тэлевізараў, затрымка толькі ў яго дастаўцы.

“Рэгіянальная газета”, якая выдаецца ў Маладзечне, выбірае “Асобу года-2017”. Прэтэндэнтаў вылучылі сярод герояў сваіх публікацый, улічваючы маштаб асобы, а таксама наколькі шмат водгукаў выклікаў артыкул пра іх. Сама рэдакцыя абярэ галоўную асобу года на сваім пасяджэнні 22 снежня. А чытачы і карыстальнікі Інтэрнэту будуць вызначаць героя, якому дастанецца прыз глядацкіх сімпатый. Галасаваць можна да 26 снежня.

На кандыдатуру “Асоба года-2017” вызначана 10 прэтэндэнтаў з Вілейскага раёна, 9 – з Маладзечанскага, 4 – са Смаргонскага, па аднаму – з Ашмянскага, Мядзельскага і Астравецкага. Ад нашага раёна вылучаны тры кандыдаты, пра якіх сёлета пісала выданне. Гэта Алена і Ігар Крэйнісы – за стварэнне прытулку для сабак у вёсцы Алешчаняты, гаспадар аграсядзібы “Марцінава Гусь” Алесь Белы – за кнігу “Сакатала бочачка” пра культуру піцця і загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра Ларыса Шчарбачэвіч – за арганізацыю ініцыятывы па навучанні маладых людзей з інваліднасцю.

Вучні 9-10 класаў Сакаўшчынскай сярэдняй школы 14 снежня здзейснілі экскурсію ў сталіцу нашай краіны.

Дзень пачаўся з наведвання Нацыянальнай бібліятэкі, знаёмства з незвычайным храмам кнігі, роўных якому няма на ўсёй постсавецкай прасторы. Потым школьнікі пабывалі ў музычным тэатры, дзе паглядзелі балет “Спячая прыгажуня”.

Прочитано 366 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Всегда надо поступать по закону…»

05.12.2018
г.Борисов, прием граждан