Новости Воложинского района

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

У бягучым годзе КУП “Валожынскі раённы камбінат бытавога абслугоўвання” будуць выдзелены сродкі з раённага бюджэту. Кіраўніцтва прадпрыемства запланавала ўкласці іх у мадэрнізацыю пральні: закупіць дзве пральныя машыны, сушыльны барабан і прасавальны каток.

У лістападзе мінулага года адрамантавалі абсталяванне пральні за ўласныя сродкі. Паставілі задачу заваёўваць новых кліентаў. Цяпер яна працуе ў дзве змены. Створаны тры новыя рабочыя месцы. Апошнім часам пральня працавала ў асноўным для насельніцтва, разгубіўшы буйных кліентаў. Цяпер РКБА выйграў тэндары і вярнуў сабе старых кліентаў, набыў новых. Паслугамі мясцовай пральні сталі карыстацца зноў цэнтральная раённая бальніца і сельскагаспадарчы ліцэй. Мала хто ведаў, што ніколі не мыла бялізну ў нашай пральні воінская часць № 30695, але “заваявалі” і яе, а таксама вучэбны цэнтр Дэпартамента аховы ў Гаранях. Усё больш і больш насельніцтва горада мые свае рэчы ў пральні, асабліва цяжкія і вялікія па памерах, напрыклад, пледы, курткі і інш., карыстаюцца паслугамі гаспадары некаторых аграсядзіб.

22 студзеня ў раённай паліклініцы прайшоў Дзень донара, дабравольцы здавалі кроў на бязвыплатнай аснове.

Летась супрацоўнікі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій прыязджалі ў Валожын двойчы, яшчэ раз донары ездзілі здаваць кроў у Маладзечна. Усяго ў мінулым годзе кроў на бязвыплатнай аснове здалі 86 жыхароў раёна. У асноўным гэта ваеннаслужачыя, супрацоўнікі РАНС, РАУС, самі медработнікі.

Сёлета дабравольна здаць кроў пажадалі 30 чалавек. Ім  прапанавалі сняданак і гарачы чай, а пасля працэдуры здачы выдзелілі па 18 рублёў на абед, уручылі невялікія падарункі. Сусветная арганізацыя аховы здароўя заклікае насельніцтва планеты здаваць кроў на бязвыплатнай аснове, і усё больш людзей разумеюць сваю гуманную высакародную місію і дабравольна прыходзяць у пункты забору крыві.

Агульнавядома, што новае – гэта добра забытае старое. У часы татальнага дэфіцыту Валожынскі грамхарч выпускаў маянэз, які быў вельмі высокай якасці і карыстаўся ўстойлівым попытам у спажыўцоў. Аднак пазней уласная вытворчасць стала неканкурэнтаздольнай і сышла ў нябыт.

І вось аддзел грамхарчу райспажыўтаварыства вярнуўся да выпуску такой прадукцыі. Пробная партыя, расфасаваная ў пластыкавыя вядзерцы ёмістасцю 800 грамаў, разышлася напярэдадні навагодніх свят. Цяпер на прылаўках магазінаў райспажыўтаварыства прадаецца валожынскі маянэз “Дамашні” ў ёмістасцях па 400 грамаў. У яго ўжо з’явіліся свае прыхільнікі. Праўда, аб’ёмы выпускаюцца пакуль што нязначныя.

У мінулую суботу ў Маладзечанскім раёне прайшлі міжраённыя спаборніцтвы па лоўлі рыбы на мармышку з лёду. Кожная з раённых структур Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў выстаўляла па дзве каманды.

Некаму пашанцавала больш, некаму менш. Клявала рыба не вельмі добра. Першае і другое месцы занялі рыбакі Маладзечанскага раёна, трэцяе – Вілейскага. Нашы землякі засталіся без узнагарод. На 3 лютага запланаваны абласныя спаборніцтвы па лініі таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Праходзіць яны будуць на Сакаўшчынскім вадасховішчы.

Вучні Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната на мінулым і бягучым тыднях невялікімі групамі па 11 чалавек разам з настаўнікамі выязджалі ў райцэнтр, дзе для іх было запланавана шмат мерапрыемстваў у рамках метадычнага фарміравання сярэдняга звяна.

Вучні 9-10 класаў пабывалі на выставе птушак у краязнаўчым музеі, азнаёміліся і з экспазіцыяй самога музея. Настаўнік Васіль Уладзіміравіч Марзак правёў экскурсію па гістарычных мясцінах Валожына. Наведалі выхаванцы кандытарскі цэх аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства. Вучні 7-8 класаў таксама прайшліся па райцэнтры і азнаёміліся з найбольш цікавымі гістарычнымі аб’ектамі. Наведалі яны новы будынак ДЮСШ, дзе некаторы час з радасцю займаліся на трэнажорах. Яшчэ адзін візіт быў запланаваны ў РЦК. Кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” В. Ф. Гіруць-Русакевіч расказала пра вядомых членаў “Руні”, пазнаёміла з выдадзенымі кнігамі.

Прочитано 478 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Главное богатство наше – люди!…»

29.09.2018
г. Мядель, Дожинки - 2018