Новости Воложинского района

Вторник, 30 января 2018 10:10  |  Источник  Газета "Працоўная слава"

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

Канкурэнцыя – цяжкая справа, асабліва калі канкурыраваць даводзіцца невялікім вытворчасцям з прамысловымі гігантамі. Аднак валожынскі хлеб і, у прыватнасці, батоны па-ранейшаму знаходзяць сваіх прыхільнікаў.

Аддзел прамысловасці райспажыўтаварыства заключыў дагаворы на пастаўку хлеба, бела-булачных і кандытарскіх вырабаў з фірмамі “Захад-маркет” і “3В+” у Івянцы, і літаральна на днях прадукцыя Валожынскага хлебазавода зойме сваё месца на паліцах магазінаў гэтых кампаній.

На мінулым тыдні ў Івянцы прайшоў арганізацыйны сход клуба пажылых людзей, створанага на базе Дома культуры. Узначаліла клуб вядомы і паважаны ў гарпасёлку чалавек – Марыя Пятроўна Філіповіч, што на працягу многіх гадоў загадвала мясцовым дзіцячым яслямі-садам.

Новае фарміраванне накіравана на арганізацыю вольнага часу людзей, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але жадаюць весці актыўны лад жыцця, а не сядзець дома. Назву яму далі “Івянчане”. Члены клуба абмеркавалі прыкладны план на бягучы год. Было выказана шмат прапаноў і пажаданняў: ад наведвання басейна ў Валожыне да тэатральных пастановак у Мінску, здзяйсненне экскурсійных паездак па роднай Беларусі і агульнага наведвання кінапрэм’ер. Лютаўскае пасяджэнне клуба запланавалі правесці ў мясцовым кафэ “У францішканаў”. Настаўніца Людміла Уладзіміраўна Страчынская правядзе завочную экскурсію па Івянцы. Яна паабяцала землякам адкрыць новыя старонкі ў гісторыі пасёлка, дзе ўсе жывуць шмат гадоў.

На другім паверсе раённай бібліятэкі развешаны работы ўраджэнца нашага горада мастака Уладзіміра Сайко. У міні-выставу ўвайшлі 17 карцін розных жанраў, якія адлюстроўваюць мясцовыя краявіды, людзей, што жывуць ці жылі побач.

У мінулым годзе 28-гадовы мастак скончыў поўны курс Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Працуе ў жанры батальнай, сацыяльнай карціны, яму падуладны партрэты, нацюрморты і іншыя віды жывапісу. Спрабуе сябе ў кніжнай графіцы, аформіў некалькі паэтычных зборнікаў. Дарэчы, усе 17 карцін, створаных на валожынскім матэрыяле, мастак паабяцаў падарыць нашаму раёну.

З 30 студзеня па 22 лютага 10 вучняў старэйшых класаў Івянецкай сярэдняй школы па лініі чарнобыльскага аздараўлення выехалі ў рэабілітацыйны цэнтр “Зялёны Бор”, які знаходзіцца ў Салігорскім раёне і славіцца сваімі салявымі ваннамі. Івянецкія школьнікі першымі адкрылі аздараўленчы сезон у гэтым каляндарным годзе.

З 29 студзеня па 28 лютага РУП “Белпошта” праводзіць сярод насельніцтва краіны конкурс “Лепшая паштовая марка Рэспублікі Беларусь 2017 года”.

Тыя, хто пажадаюць удзельнічаць у конкурсе-апытанні, могуць азнаёміцца з выдадзенымі летась маркамі ў раздзеле “Філатэлія” на сайце www.belpost.by, а таксама ў аддзяленнях сувязі. Каляровыя плакаты з адлюстраваннем усіх паштовых марак і блокаў размешчаны на самых бачных месцах. У аддзяленнях сувязі патэнцыяльных удзельнікаў азнаёмяць і з умовамі конкурсу, правільным запаўненнем анкет. Марку-пераможцу выберуць менавіта шляхам апытання. Сярод тых, хто правільна назаве марку, будуць разыграны прызы. Дарэчы, практычна кожны год нехта з нашых землякоў робіць правільны выбар і атрымлівае прызы.

Мастацкі фільм расійскіх кінематаграфістаў “Рух уверх” пра перамогу зборнай СССР па баскетболе над амерыканскай зборнай на Алімпіядзе ў Мюнхене ў 1972 годзе б’е рэкорды ў кінатэатрах Расіі і нашай краіны таксама.

Больш за дзве гадзіны, што доўжыцца дзеянне, гледачы перажываюць буру самых розных эмоцый. У кінатэатры “Юнацтва” стужка дэманструецца з 28 снежня мінулага года. За гэты час яе паглядзелі больш за 350 гледачоў. Па шматлікіх просьбах дэманстрацыю фільма працягнулі да 11 лютага.

Прочитано 317 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Основа всего – нужно жить и работать в русле закона, тогда всё будет понятно и ясно…»

16.05.2018
Молодечно, прием граждан