Новости Воложинского района

Пятница, 02 февраля 2018 15:10  |  Источник  Газета "Працоўная слава"

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

13-я раённая алімпіяда па Правілах дарожнага руху прайшла 27 студзеня на базе гімназіі № 1 г. Валожына. У ёй бралі ўдзел 45 вучняў 5-7 класаў з усіх 15 устаноў адукацыі. Журы ўзначальваў в. а. начальніка АДАІ РАУС Андрэй Бобрык. Прызы для ўзнагароджвання лепшых знаўцаў Правіл прадаставілі ДАІ, ДТСААФ, РК БРСМ і раённая арганізацыя “Белая Русь”.

Увесь працэс алімпіяды быў камп’ютарызаваны. Спачатку кожны член каманды рашаў на хуткасць індывідуальнае заданне. Затым каманда разам вырашала прапанаваную дарожную сітуацыю. Яшчэ адным этапам стаў творчы конкурс “Дзеці Мінскай вобласці за дарогі без аварый”. Гэта было дамашняе заданне: прадставіць макет білборда. У камандным заліку перамаглі вучні Дорскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа. Другое і трэцяе месцы занялі каманды СШ № 1 райцэнтра і гімназіі № 1. У творчым конкурсе перамаглі таксама знаўцы Правіл дарожнага руху з Дорскага ВПК. Узнагароды атрымалі і пераможцы ў асабістым заліку, сярод іх былі прадстаўнікі не толькі каманд-прызёраў, але і вучні Пугачоўскай СШ, Івянецкай СШ, СШ № 2 райцэнтра. Абласная алімпіяда адбудзецца 23 лютага ў Пухавіцкім раёне. Гонар нашага раёна будзе абараняць зборная каманда.

З 1 лютага раённы вузел паштовай сувязі прапануе новы від паслуг “Лёгкі шопінг”. 

Заключаны дамовы з універмагам райцэнтра, фірменным магазінам “Віцязь” і “АМІ-мэбля” на дастаўку буйнагабарытных тавараў. Увогуле, любы тавар, які пакупніку нязручна самому даставіць дадому, ён можа пакінуць у краме і аформіць дастаўку паштовым кур’ерам у межах горада і раёна. Гэта могуць быць не толькі мэбля і бытавая тэхніка, але нават шпалеры для рамонту і іншыя тавары. Такім чынам могуць дастаўляцца і падарункі. Тарыфы дастаткова прымальныя, і ў многіх спажыўцоў гэта паслуга здыме шмат надзённых пытанняў.

Народны інструментальны ансамбль “АrsLonga” педагогаў Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў на працягу двух дзён, 26 і 27 студзеня, прымаў удзел у конкурсе-фестывалі ў літоўскім горадзе Рудамін.

З творчасцю нашых артыстаў у суседняй краіне добра знаёмы, і іх з задавальненнем запрашаюць выступіць падчас культурных мерапрыемстваў.

26 студзеня ў вілейскай гімназіі № 2 праходзіў занальны тур абласнога этапу Першага рэспубліканскага агляду-конкурсу піянерскіх парадна-цырыманіяльных атрадаў “Раўненне на сцяг!”. У конкурсе ўдзельнічалі прадстаўнікі Маладзечанскага, Валожынскага, Вілейскага, Мядзельскага, Мінскага і Лагойскага раёнаў.

У наш цырыманіяльны атрад увайшлі па 8 дзяўчынак з гімназіі № 1 і СШ № 1 Валожына. Рыхтаваў каманду да ўдзелу ў конкурсе цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна. Праўда, прынялі ўдзел толькі ў адной намінацыі з шасці – “флаганосцы” – “Флаг-шоу”. спецыяльна да конкурсу былі выраблены флагі, педагог дадатковай адукацыі Н. П. Шыркова паставіла кампазіцыю. Нашы дзяўчаты занялі другое месца, прапусціўшы наперад толькі каманду гаспадароў. На жаль, па ўмовах конкурсу на абласны этап праходзіць толькі адна каманда. Дарэчы, у такіх намінацыях, як “гарністы”, “барабаншчыкі”, увогуле не было ўдзельнікаў. Відавочна, нездарма вырашана аднаўляць піянерскія цырыманіяльныя традыцыі. На наступны год нашы піянеры збіраюцца паказаць сябе ў некалькіх намінацыях, як, напрыклад, “ускладанне гірлянды славы”, “пляц-канцэрт” і іншых.

За будынкам новай ДЮСШ у сярэдзіне студзеня ўстаноўлены 10 вулічных многафункцыянальных трэнажораў.

Набыты яны па мэтавым фінансаванні. Пакупка, мантаж і ўстаноўка каштавалі 12 тысяч 800 рублёў. Займацца на іх можна бясплатна. Асабліва запатрабаваны трэнажоры будуць з вясны да восені.

У нядзелю адбыўся адкрыты турнір па міні-футболе сярод хлопчыкаў 2007 года нараджэння.

У ім удзельнічалі нашы юныя футбалісты, две каманды з Ашмян і адна са Смаргоні. Першае месца дасталася гасцям са Смаргоні, другое і трэцяе занялі каманды Валожына і Ашмяны-1.

Прочитано 346 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Нужно грамотно выполнять свои должностные обязанности…»

26.07.2018
г.Минск, заседание Минского областного исполнительного комитета