Думка народа. Якім вы хочаце бачыць свайго дэпутата?

Понедельник, 05 февраля 2018 11:20  |  Источник  Газета "Прамень", Святлана ЖЫБУЛЬ

18 лютага адбудуцца выбары ў мясцовыя Саветы. Кожнаму трэба прыйсці на выбарчы ўчастак і аддаць свой голас на карысць аднаго з кандыдатаў. У выбаршчыкаў мы запыталіся, якім яны хочуць бачыць свайго дэпутата.

Ванда СУШЫНСКАЯ, пенсіянерка, в. Вялікая Гуменаўшчына:

– Мне хацелася б выказаць народным выбраннікам – дэпутатам – пажаданне, каб яны клапаціліся пра пажылых людзей. У многіх вёсках засталіся жыць у асноўным людзі сталага веку. Зразумела, што ім ніколі не будзе лішняй увага, праяўлены аб іх клопат. Дайсці яны ўжо нікуды не могуць, па інстанцыях хадзіць не будуць. Вось і трэба, каб дэпутат да іх завітваў, цікавіўся іх надзённымі пытаннямі і стараўся данесці іх да ўлад, каб вырашыць.

Віталь ЛІПНІЦКІ, аператар станкоў з праграмным кіраваннем:

– У маім уяўленні дэпутат павінен быць сумленным, адказным, мэтанакіраваным. Ён павінен усведамляць, што выбраннікі чакаюць ад дэпутатаў, каб наша жыццё з іх актыўным удзелам мянялася да лепшага. Дэпутат павінен мець сваю праграму, працаваць па ёй, а не толькі быць у якасці ганаровага засядацеля на сесіях. Выбаршчыкі маюць права спытаць з дэпутата, за якога аддалі свой голас, якія канкрэтныя справы зроблены пры яго садзейнічанні.

Марына КУТАС, выхавацель Засульскага дзіцячага сада:

– Выбары ў мясцовыя саветы для калектыву нашай установы набылі, так бы мовіць, канкрэтны сэнс у сувязі з тым, што загадчыца нашага дзіцячага сада Людміла Грынюк вылучана кандыдатам у дэпутаты і раённага Савета дэпутатаў, і сельскага Шашкоўскага. Ведаючы яе актыўнасць, арганізатарскія здольнасці, нераўнадушную пазіцыю, думаю, што ў Людмілы Зянонаўны атрымаецца добра выконваць дэпутацкія абавязкі. Усім дэпутатам, каго выбера народ, жадаю здароўя і поспехаў.

Іван РОСЛІК, электраманцёр раённага вузла электрасувязі:

– Дэпутат павінен дапамагаць сваім выбаршчыкам вырашаць іх надзённыя патрэбы, каб чалавек мог звярнуцца да яго і спадзявацца, што дэпутат дапаможа. У выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў я і мае калегі будзем удзельнічаць, выконваючы свой грамадзянскі абавязак (апусціць бюлетэнь за выбранага дэпутата ў скрыню) і прафесіянальны (забяспечыць выбарчыя ўчасткі сувяззю). Маем адказнасць за бездакорнае выкананне сваіх службовых абавязкаў.

Алена ЯНКОЎСКАЯ, сакратар прыёмнай торфабрыкетнага завода «Нёман»:

– Дэпутат абавязаны быць добрасумленным, ініцыятыўным, творчым, адказна падыходзіць да выканання сваіх грамадскіх абавязкаў, ён павінен з увагай ставіцца да людзей. Такімі мы бачым народных выбраннікаў, за якіх аддадзім свае галасы на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Кожны з нас у дзень выбараў ці датэрмінова прыйдзе на выбарчы ўчастак, каб аддаць свой голас за народных выбраннікаў.

Подробнее

Прочитано 99 раз