Новости Воложинского района

Пятница, 03 августа 2018 09:45  |  Источник  Газета "Працоўная слава", Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Для жыхароў раёна прыезд знакамітага земляка, Героя Расіі Аляксея Мікалаевіча БАЦЯНА – заўсёды падзея. “Наш чалавек-легенда” – так з поўным правам называюць разведчыка валожынцы, якія знаёмы з яго біяграфіяй.

Ветэран Другой сусветнай вайны ў складзе мотастралковай брыгады абараняў Маскву, удзельнічаў у спецаперацыях у тыле ворага, уключаючы падрыў нямецкага камісарыята ў горадзе Овруч Жытомірскага раёна. У 1945 годзе менавіта ён сыграў ключавую ролю ў выратаванні ад разбурэння фашыстамі польскага горада Кракава. Пасля, ужо ў мірны час, была служба ў знешняй разведцы КДБ і не адно жыццё з рознымі імёнамі пад прыкрыццём шматлікіх легенд.

На гэты раз праграма візіту ў Беларусь легендарнага “маёра Віхра” (Аляксей Міхайлавіч – прататып галоўнага героя рамана Юліяна Сямёнава і аднайменнага фільма) складвалася з некалькіх пунктаў. Першы дзень быў адведзены ўдзелу ў 1-м Міжнародным шахматным турніры на кубак імя Аляксея Бацяна. Мерапрыемства ладзілася ветэранамі органаў дзяржбяспекі Беларусі і Службы знешняй разведкі Расіі і прайшло ў Інстытуце нацбяспекі ў Мінску. Асабіста вітаў тытулаванага калегу старшыня КДБ Беларусі Валерый Паўлавіч Вакульчык. Аляксей Мікалаевіч прыняў удзел ва ўскладанні кветак да скульптурнай кампазіцыі супрацоўнікаў органаў дзяржбяспекі, якія загінулі пры выкананні сваіх абавязкаў, а пасля зрабіў першы сімвалічны ход на шахматнай дошцы, што азначала – турнір адкрыты. У мінулым годзе, калі вядомы беларус адзначаў 100-гадовы юбілей, па ініцыятыве расійскай грамадскай арганізацыі “Ветэраны знешняй разведкі”, фонда ветэранаў органаў дзяржбяспекі “Вымпел-гарант” і клуба творчых людзей “Пегас” падобны турнір ладзіўся ў Маскве. Тады Аляксей Мікалаевіч сустрэўся за дошкай з бадай самым знакамітым расійскім шахматыстам, грасмейстарам міжнароднага класа Юрыем Авербухам (партыя сыграна ўнічыю). Член праўлення арганізацыі, віцэ-прэзідэнт фонда, старшыня клуба Аляксей Іванавіч Мудрагей, які разам з таварышамі суправаджаў шаноўнага ветэрана ў сталіцу Беларусі і на Валожыншчыну, адзначыў: “Аляксей Мікалаевіч не проста годны прафесіянал, гэта арыенцір для многіх пакаленняў супрацоўнікаў разведкі. Яго жыццёвы і службовы шлях – прыклад для ўсіх, хто нераўнадушны да лёсу Айчыны. Мы, расіяне, шчыра ўдзячныя шчодрай беларускай зямлі за тое, што нарадзіла і ўзгадавала такую асобу. Для мяне асабіста – гонар разам з чалавекам-легендай наведаць мясціны яго дзяцінства”.

З асаблівым пачуццём у Год малой радзімы чакалі ўраджэнца вёскі Чартавічы яе жыхары. Прадстаўнікі ўлады, сацыяльнай службы, шматлікія сваякі зрабілі ўсё для таго, каб прыезд госця, за плячамі якога жыццёвы шлях працягласцю ў 101 год, стаў прыемным і камфортным.

Першым месцам, куды накіраваўся аўтамабіль з ганаровым візіцёрам, сталі могілкі бліз Чартавіч, дзе пахаваны бацькі Аляксея Мікалаевіча. Нягледзячы на тое, што вакол было мноства людзей, якім ён ветліва ўсміхаўся і з якімі актыўна падтрымліваў гутарку, калі прысеў ля дарагіх сэрцу магіл, нібы адмежаваўся ад рэчаіснасці. Было заўважна: чалавека, што ўсё жыццё адвучаў сябе ад лішняй сентыментальнасці, паглынулі ўспаміны.

У гэты ж дзень пераступіў А. М. Бацян і парог роднай хаты, дзе мала што змянілася з мінулага прыезду. Сваяк ветэрана-разведчыка Міхаіл Міхайлавіч Бацян паведаміў: у самым вялікім пакоі тут некалькі гадоў размяшчалася пачатковая школа. Калі прадстаўнікі прэсы пацікавіліся ў Аляксея Мікалаевіча, як жа можна было сумясціць прыватнае жыццё сям’і і работу навучальнай установы, пажылы чалавек – а ён заўсёды вызначаўся пачуццём гумару – адказаў: “Сядзелі амаль адзін на адным, але цесна не было. Ведаеце, чаму? Дзеці хацелі вучыцца, а бацькі хацелі дзяцей вывучыць”. Адказваючы на пытанні журналістаў, асабліва падкрэсліў: “Я шмат дзе пабываў, ведаю некалькі моў, а ў душы – па-ранейшаму беларускі хлопец з Чартавіч”.

Чакалі сваяка, суседа, сябра і ў вёсцы Пруднікі. Там, на сядзібе сваякоў Башаркевічаў, адбыўся ўрачысты абед. Шмат цёплых слоў прагучала ў бок госця ад намесніка старшыні Валожынскага райвыканкама Ігара Уладзіміравіча Шакуна, які адзначыў: “Мы, валожынцы, не перастаём ганарыцца Вамі, дарагі Аляксей Мікалаевіч, і шчыра ўдзячныя за тое, што не забываеце малую радзіму. Для нас кожны Ваш візіт – падзея, а ўспаміны – новыя радкі ў летапісе раёна”. Дарэчы, героя свайго аповяду вітала і настаўніца Сакаўшчынскай школы Марына Васільеўна Чэрнік. Яна разам з вучаніцай Анастасіяй Баталавай правяла вялікую даследчую работу ў дачыненні да біяграфіі Аляксея Бацяна. Праца была адзначана дыпломамі першай ступені ў абласным і рэспубліканскім этапах конкурсу “Дарогамі памяці”. Вынікам напружанай работы стала брашура, якую Марына Васільеўна прадставіла на міжнародным конкурсе навукова-даследчых работ “Прызма” ў Маскве і якую з найлепшымі пажаданнямі падарыла Аляксею Мікалаевічу ў хвалючы момант сустрэчы.

Прочитано 290 раз

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://www.minsk-region.gov.by/ru/homepage/novosti-oblasti/item/33497-novosti-volozhinskogo-rayona#sigProGalleria75b8ecfdba

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Главное богатство наше – люди!…»

29.09.2018
г. Мядель, Дожинки - 2018