Новости Воложинского района

Пятница, 14 сентября 2018 13:00  |  Источник  Газета "Працоўная слава"

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

У мінулую суботу падчас святкавання раённых “Дажынак” у Івянцы добра папрацавалі работнікі раённага вузла паштовай сувязі. Увагу да іх кропкі прыцягвала яркая роставая лялька ў выглядзе паштовай скрыні. На раённых святах яна з’явілася ўпершыню.

Паштавікі афармлялі падпіску на газеты і часопісы на чацвёрты квартал, гандлявалі маркіраванай і немаркіраванай прадукцыяй. Было аформлена 37 падпісных абанементаў, у асноўным на раённую газету, некалькі чалавек выпісалі “Советскую Белоруссию” і “Мінскую праўду”, іншыя выданні. Усе падпісчыкі аўтаматычна станавіліся ўдзельнікамі бяспройгрышнай латарэі.

Выхаванцы Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната прынялі ўдзел у мерапрыемствах з нагоды Дня горада, якія праходзілі ў Мінску.

У цэнтры ля Ратушы ладзілі фэшн-спектакль удзельніцы конкурсу “Міс Беларусь”. Па запрашэнні галоўнай прыгажуні-2018 Марыі Васілевіч Кацярына Захаваева і Вадзім Стрэльскі выканалі танец “Фламенка” на інвалідных калясках. Пераможца конкурсу прадэманстравала не толькі знешнюю прыгажосць чалавека, але і душэўную. Танцоры з Івянца ў поўнай меры адлюстравалі яе задуму і атрымалі заслужаныя апладысменты гледачоў, а таксама трапілі ў тэлесюжэт са свята Мінска.

На базе Мінскага рамонтна-вытворчага ўпраўлення прайшлі спаборніцтвы “Лепшая транспартная служба УП “Мінскаблгаз”-2018”, у якіх прынялі ўдзел 7 каманд з раённых падраздзяленняў.

Перш чым каманда Валожынскага раёна газазабеспячэння ў складзе механіка Віталія Уладзіміравіча Іванчыка, вадзіцеля катэгорыі “В” Андрэя Валер’евіча Гаспарэвіча і вадзіцеля катэгорыі “С” Ігара Міхайлавіча Войткі трапіла на гэтыя спаборніцтвы, ёй давялося прайсці выпрабаванні ўнутры ВУ “Дзяржынскгаз”, у склад якога ўваходзяць. Права прыняць удзел у абласных спаборніцтвах аспрэчвалі прадстаўнікі з Валожына, Узды і Дзяржынска. Нашы землякі сталі лепшымі. На абласных спаборніцтвах яны таксама выступілі выдатна – занялі другое прызавое месца. Паказалі трывалыя тэарэтычныя веды і прадэманстравалі майстэрства ў ваджэнні машын. Узнагародай асам-прафесіяналам сталі Ганаровыя граматы і грашовая прэмія, якая будзе выплачвацца на працягу года да асноўнага заробку. Для кармільцаў сем’яў гэта вельмі добры стымул.

У Валожынскім сельскагаспадарчым прафесіянальным ліцэі прайшоў традыцыйны сход, на які запрасілі першакурснікаў разам з бацькамі.

Перад аўдыторыяй выступілі намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама І. Л. Жданюк і начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС А. К. Карачун. Яны пазнаёмілі навучэнцаў, большасць з якіх – іншагароднія, з крымінагеннай абстаноўкай у горадзе, правіламі паводзін у грамадскіх месцах, расказалі пра адказнасць за супрацьпраўныя дзеянні. І пажадалі ім добрай вучобы, цікавага новага жыцця і не парушаць законы.

На працягу верасня ў школах раёна дэманструецца дакументальная стужка “Мы, беларусы – мірныя людзі!”.

Гэта творчы праект майстэрні Уладзіміра Бакуна – буйнейшага ў рэспубліцы вытворцы фільмаў гістарычнай тэматыкі. 40-хвілінны фільм пра ролю і месца нашай краіны ў сучасным свеце ўжо паспелі паглядзець вучні Багданаўскай, Ракаўскай, Івянецкай сярэдніх школ. Рэалізацыя праекта працягваецца.

8-9 верасня ў Маладзечне прайшлі занальныя спаборніцтвы абласной спартакіяды цэнтраў і клубаў фізкультурна-аздараўленчай работы. У іх прынялі ўдзел каманды пяці раёнаў нашай зоны.

У праграме былі спаборніцтвы па 5 відах спорту: настольны тэніс, стрытбол, міні-футбол, валейбол (жаночы і мужчынскі). Каманда нашага раёна заняла трэцяе месца. Лепшымі былі Аляксандр Болвах і Сняжана Ланько ў настольным тэнісе, другое месца заняла каманда па стрытболе ў складзе Аляксандра Даніка, Андрэя Жамоздзіка і Ягора Каляды. Трэці вынік паказалі футбалісты.

Перасовачны атракцыён 5D Мінаблкінавідэапракату з’явіўся ля кінатэатра “Юнацтва” ў цэнтры горада. Працаваць ён будзе ўключна па 17 верасня.

Згодна з абласным графікам, у Валожыне атракцыён бывае двойчы на год. Для дзіцячай і дарослай аўдыторыі маюцца 33 фільмы на любы густ.

Прочитано 69 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Лишь объединяя усилия, возможно решать стоящие перед обществом проблемы…»

21.09.2018
г.Минск, Первый Минский областной форум сельской молодежи