Са спортам на ты

Пятница, 21 сентября 2018 10:40  |  Источник  Анжэла Радына

Вучаніца 10 класа Івянецкай сярэдняй школы Валянціна КАЛАНДАРАВА ў конкурсе “Вучань года-2018” стала лепшай у намінацыі “Спартсмен года”.

Шматдзетная сям’я нашай гераіні, дзе выхоўваюцца тры дзяўчынкі, пераехала ў Івянец з Таджыкістана. З маленства дзеці захапляліся спортам, таму і на новым месцы жыхарства старэйшыя дзяўчаты сталі наведваць заняткі па лёгкай атлетыцы трэнера Аляксандра Станіслававіча Чарняўскага ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Вынікі не прымусілі сябе чакаць. Валянціна і яе сястра Надзея не аднойчы былі сярод пераможцаў спаборніцтваў па спартыўнай хадзьбе і безе на доўгія дыстанцыі з перашкодамі спачатку раённага, а пасля абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Дарэчы, у 2017 годзе лепшым спартсменам у конкурсе “Вучань года” была прызнана Надзея Каландарава. Сёлета яна выступала ў складзе каманды Мінскай вобласці падчас першынства Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы, якое прайшло ў Віцебску. Дзяўчыне паступіла прапанова працягваць навучанне ў вучылішчы алімпійскага рэзерву.

Адна з апошніх перамог Валянціны – 2-е месца па спартыўнай хадзьбе на дыстанцыі 3000 м у “Алімпійскіх днях моладзі”, што праходзілі ў Мінску. Лёгкая атлетыка – не адзінае захапленне нашай гераіні. Яна нядрэнна малюе, любіць спяваць і танцаваць. Пяць гадоў дзяўчына асвойвала ігру на цымбалах у Івянецкай школе мастацтваў. Апошнім часам зацікавілася карэйскімі спевакамі.

Па характары Валянціна спакойная і ў той жа час энергічная. Яна ніколі не дасць у крыўду сваіх блізкіх і сяброў, заўсёды прыйдзе на дапамогу. Дома як старэйшая з сясцёр яна галоўная памочніца. Наогул, матуля з дзяцінства прывучала дачок да працы, таму цяпер многія хатнія клопаты яны ўзялі на сябе. У кожнай дзяўчынкі асабісты пакой, дзе неабходна падтрымліваць парадак. Наша гераіня стараецца дапамагчы і з гатаваннем ежы, асабліва ёй удаюцца блінцы і дранікі. Летам дзяўчына не толькі адпачывала, але і старалася падзарабіць. Яна ўжо мае працоўную кніжку.

На будучае Валянціна плануе стаць настаўнікам фізічнай культуры, і для спаўнення гэтай мары ў яе ёсць усе падставы.

Прочитано 336 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Главное богатство наше – люди!…»

29.09.2018
г. Мядель, Дожинки - 2018