Адзначаны даверам вышэйшага ўзроўню

Пятница, 21 сентября 2018 10:40  |  Источник  Сяргей Садоўскі

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання па Маладзечанскай сельскай выбарчай акрузе № 73 Іван Станіслававіч МАРКЕВІЧ атрымаў згоду Кіраўніка дзяржавы на назначэнне намеснікам старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта.

Імя Івана Станіслававіча даўно і добра знаёма практычна кожнаму жыхару Валожыншчыны. Шмат гадоў шчырай працы ён аддаў для развіцця нашай малой радзімы. І сёння, цесна кантактуючы з насельніцтвам і працоўнымі калектывамі раёна, ён уважліва працягвае сачыць, як развіваецца рэгіён, удзельнічае ў яго жыцці, суперажывае няўдачам і радуецца новым дасягненням...

Нарадзіўся Іван Станіслававіч 24 ліпеня 1966 года ў вёсцы Мякішы, што пад Шчучынам на Гродзеншчыне. Службу ў Савецкай Арміі праходзіў у Хабараўскім краі. Зарэкамендаваў сябе ўжо там: яго імя занесена ў кнігу Гонару вайсковай часці № 11666 Чырванасцяжнай Далёкаўсходняй ваеннай акругі. Вярнуўшыся дадому, у сваім абласным цэнтры атрымаў першую вышэйшую адукацыю – скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут па спецыяльнасці «Аграномія». На Гродзеншчыне займеў і першы працоўны вопыт, уладкаваўшыся старшым аграномам у калгас «Беларусія». Затым лёс звёў яго з Шумілінскім раёнам, дзе ўпершыню ўзначаліў гаспадарку.

Маючы дастатковы ўжо багаж ведаў і вопыту эфектыўнага кіравання сельгаспрадпрыемствам, І. С. Маркевіч пераехаў на Валожынскую зямлю – на пасаду старшыні калгаса імя Суворава. Гаспадарка дасталася Івану Станіслававічу складаная. Але ён здолеў за два гады падняць яе практычна па ўсіх паказчыках. Маладога, энергічнага, валявога, граматнага кіраўніка заўважылі і на вышэйшым узроўні. Там справядліва палічылі, што справіцца ён і з аграрнай галіной раёна. У выніку ў 2001 годзе ён быў назначаны першым намеснікам старшыні Валожынскага райвыканкама – начальнікам райсельгасхарчу, а праз год узначаліў і раённую вертыкаль улады. У свае 36 гадоў Іван Станіслававіч Маркевіч стаў самым маладым на той момант у вобласці кіраўніком раёна. І з першых жа крокаў на новай пасадзе ён узяўся за навядзенне парадку ў даручаным рэгіёне. Вынікам, а дакладней, узнагародай, стаў атрыманы Дыплом I ступені Валожыну як пераможцу абласнога агляду-конкурсу 2006 года па добраўпарадкаванні населеных пунктаў Міншчыны. Скарбонка ўзнагарод раёна і яго кіраўніка паступова папаўнялася новымі адзнакамі: дыпломамі за дасягненне найвышэйшых паказчыкаў у абласным спаборніцтве па нарыхтоўцы кармоў, за істотнае павелічэнне вытворчасці цукровых буракоў, за найбольшы выхад зерня з 1 бала-гектара ўборачнай плошчы... Менавіта тады Валожыншчына ўпершыню прадэманстравала магутны працоўны патэнцыял, перасягнуўшы 100-тысячатонны намалот залатой хлебнай збажыны... А Іван Станіслававіч рушыў вышэй па службовай лесвіцы: неўзабаве пасля заканчэння Расійскай акадэміі дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па спецыяльнасці «Дзяржаўнае і муніцыпальнае кіраванне» (дарэчы, з адзнакай!) яго запрасілі стаць кіраўніком спраў Мінскага аблвыканкама. І ў гэты перыяд Іван Станіслававіч не забываў пра нашу зямлю, якая дапамагла зрабіць паспяховы старт, і пра яе жыхароў.

Клапаціцца пра Валожыншчыну І. С. Маркевіч працягнуў і падчас дзейнасці ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання. Ён абраны намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве. Акрамя гэтага, І. С. Маркевіч з’яўляецца членам пастаянна дзеючых дэлегацый у міжпарламенцкіх арганізацыях, камісіях, рабочых групах Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з парламентамі Лацінскай Амерыкі, Украіны, Аўстрыі, Егіпта, Кіпра, Польшчы, Судана, Уругвая, Эквадора, вядзе плённую працу ў складзе Дэпутацыі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі.

З верасня 2016 года на тэрыторыі раёна народны абраннік правёў 53 сустрэчы з насельніцтвам і працоўнымі калектывамі, 19 асабістых прыёмаў грамадзян, падчас якіх пастараўся ўсямерна дапамагчы 165 жыхарам рэгіёна па самых розных пытаннях, рагледзеў 188 зваротаў грамадзян. Неаднаразова выязджаў на месцы, каб самастойна разабрацца ў складаных сітуацыях заяўнікаў.

Ён пастаянна ўдзельнічаў у значных грамадска-палітычных мерапрыемствах і святах, штогод наведваў з падарункамі выхаванцаў Івянецкага дома-інтэрната і падшэфныя сем’і. Адным словам, жыў інтарэсамі сваіх выбаршчыкаў. І працягвае гэта рабіць сёння! За Іванам Станіслававічам застаюцца яго дэпутацкія абавязкі да канца тэрміну  дзеяння паўнамоцтваў сённяшняга складу Нацыянальнага сходу Беларусі. Вось і цяпер І. С. Маркевіч у ліку членаў беларускай парламенцкай дэлегацыі наладжвае супрацоўніцтва з калегамі ў Рэспубліцы Польшча. Але хутка ён вернецца на Радзіму, і мы зноў убачымся. Ужо, так бы мовіць, у яго новай ролі, але са знаёмым амплуа: дапамагаць людзям у вырашэнні іх праблем.

Прочитано 151 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Главное богатство наше – люди!…»

29.09.2018
г. Мядель, Дожинки - 2018