На малую радзіму - з паклонам да земляка

На збегу двух датаў, 95 –годдзя з дня нараджэння і трэціх угодкаў са дня смерці акадэміка Мікалая Аляксандравіча Барысевіча, на малой радзіме вядомага ва ўсім свеце земляка ў вёсцы Лучны Мост Бярэзінскага раёна 19 кастрычніка 2018 года прайшла акцыя- эстафета “Геній родам з вёскі”, ініцыяваная Бярэзінскай раённай бібліятэкай і кардынацыйным саветам грамадскіх аб’яднанняў раёна.

Вучоны планетарнага маштаба, геній фізікі, лідар навуковай эліты Беларусі, інтэлігент з бездакорнай рэпутацыяй меў простыя сялянскія карані.   Сцяжыны памяці прывялі дэлегацыю прадстаўнікоў мясцовай улады, грамадскіх аб’яднанняў, ідэолагаў, журналістаў і моладзі раёна  да бацькоўскай хаты Барысевічаў, якая стала для хлопца арлінай пароды ўзлётным касмадромам, дала крылы для палёту ў недасягальную навуковую прастору і духоўную вышыню. Маленькая вёсачка ў некалькі хат з мілагучнай назвай Лучны Мост стала мастком, які злучыў будучага прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі з вялікім светам. Тут, на сялібскай зямлі, убіралася ў сілу радаводнае Дрэва Барысевічаў з трывалымі каранямі і векавымі галінамі. Тут матуля гушкала Мікалайчыка пад сэрцам, тут ён зрабіў першыя крокі, тут прайшло яго дзяцінства ў шматдзетнай сялянскай сям’і, дзе спрадвеку шанаваліся мазалі, дзе хлопчык атрымаў загатоўку працай, дзе праз вокны бацькоўскай хаты выглядаў зоркі і спяліў мару стаць фізікам.  Адсюль, з бацькоўскага ганку ён пакрочыў жыццёвымі сцежкамі, якія не адразу клаліся пад ногі шырокімі праспектамі. Акенцы хаты, нібы вочы, пільна сачылі за ім, калі ён маленькім гадаванцам нясмела тупаў па двары; прыветна ўсміхаліся, калі ён вяртаўся са школы з чарговай пяцёркай; трывожыліся ў расстанні, калі ваенная віхура пагнала яго салдатам па дарогах вайны; сумавалі,  калі ён адлучаўся па навуковых справах у працяглыя камандзіроўкі ў далёкія краіны; плакалі, выпісваючы на шыбінах кроплямі дажджынак – слёз, сваё развітальнае “Бывай!”, калі яго душа адляцела ў Вечнасць. Повязь Мікалая Аляксандравіча з роднымі мясцінамі заўсёды была трывалай: бацькоўская хата, нібы магніт, прыцягвала свайго гадаванца ў любым узросце. Ён аб’ездзіў паўсвету, пабачыў шмат тлумных гарадоў, адчуваў самоту па роднай вёсцы, дзе яблыкі-бэры, вісяць, як зоркі над плотам. Не раз прызнаваўся:”Без роднай вёскі я ў свеце заблудзіўся, вярнуўся – нібы зноўку нарадзіўся”. Ніколі не цураўся свайго простага паходжання, казаў: “Я- з вёскі, я – хлопец свойскі”. Людзям недасведчанным здавалася, што чалавек з такімі пасадамі і тытуламі  жыве ў палацы, і каля яго завіхаюцца пакаёўкі. Акадэмік сусветнай вядомасці Барысевіч жыў у Мінску ў сціплай кватэры, не імкнуўся ўтульна ўладкавацца ў жыцці, спяшаўся выканаць тую агромністую, маштабную задачу, якую сабе акрэсліў і не жадаў марнаваць дарагі час на побытавыя клопаты. Барысевіч М.А. пражыў доўгае, узорнае жыццё - 92 гады, паспеў за гэты час неверагодна многа – хапіла б на біяграфіі некалькіх значных асобаў. Прайшоў шлях ад вясковага хлопчыка-пастушка – да акадэміка, Героя Працы, ад салдата Вялікай Айчыннай вайны – да генерала навукі. У няпоўныя 46 гадоў стаў прэзідэнтам АН БССР, якой  аддаў 60 гадоў навуковага імпэту.

Шчымліва на сэрцы: пустуе хата, сумуе без свайго гадаванца ўжо 3 гады. Пры жыцці ён заўсёды на дзень народзінаў 21 верасня прыязджаў да родных мясцінаў на паклон, каб набрацца сіл ад роднай зямліцы. Ды час не ведае зваротнай сцежкі, 25 кастрычніка 2015 года адляцеў жураўліны клін яго лёсу ў незваротны вырай. Радавое дрэва Барысевічаў пахіснулася, ды выстаяла: трымаюць атожылкі роду – сын, унукі, пляменнікі. Вялікага дуба з малымі карэннямі не бывае! У вёсцы Лучны Мост побач з бацькоўскай хатай жыве сястра акадэміка Раіса Аляксандраўна Паркалава, былая настаўніца.

Імправізаваны мітынг “За гонар маем лічыць земляком” на малой радзіме слыннага земляка стаў для сучаснікаў сапраўдным духоўным прычасцем з асэнсаваннем таго, што жыццё дастойнага чалавека – не адно сціплая рыска паміж двух датаў. З такім земляком мы , бярэзінцы, узышлі на п’едэстал гонару, ён праславіў наш край ва ўсім свеце, гэта засеў на пакаленні! Такія думкі прагучалі ў выступленнях старшынь раённага савета дэпутатаў Лашкоўскага В.В., раённага савета ветэранаў Абазовіка М. С., Капланецкага с/Савета Забаронак Л.У., лідара БРСМ Вяргейчык К.В. Апошнім акцэнтам акцыі стаў паклон печы з агністай душой, на якой грэўся Мікалай хлопчыкам. Ад яе ўдзельнікі акцыі зацеплілі свяцільнік памяці, які эстафетна панеслі ў вёску Сяліба, дзе хлопчык набіраўся ведаў у мясцовай школе і дзе ў мясцовым клубе-бібліятэцы адбылася вечарына “Святло знаёмай зоркі”. Перад святлом памяці землякі Барысевіча паспяшаліся пачысціць свае душы, свае думкі, свае памкненні, звяраючы сваё зямное мітуслівае жыццё па гэтай далёкай знаёмай зорцы. Лёс дастойны прачытаўшы па складах, імкнуліся ахапіць сэрцам, убачыць яго у поўнай велічы, каб адчуць дачыненне і роднасць, адкрыць новыя грані – здзіўлення, захаплення, гонару. Уразіў прысутных дакументальны фільм расійскіх кінематаграфістаў “Поле бою”, прысвечаны партызанскім будням будучага прэзідэнта. З прыязнасцю ўглядаліся ў знаёмыя рысы твару яшчэ маладога  Барысевіча на фотаздымках з сямейнага архіву земляка пад акорды песні “Как молоды мы были”. Паказальна, што маладому вучонаму не было яшчэ і 30-ці, калі ён стаў аўтарам навуковага адкрыцця і зрабіў царскі ўнёсак у навуку – беларускую, савецкую сусветную. Яго бесклапотнае сэрца доўгія гады было акадэмічным камертонам айчыннай навукі і білася ва ўнісон з рытмамі жыцця роднай Беларусі. Барысевіч – унікальны фізік з душой лірыка. Раман з навукай, раман са скрыпкай доўжыўся ў яго ўсё жыццё. Будучы фізік усю вайну насіў скпыпку ў паходным рэчмяшку. Скрыпка, паслухмяная ў руках Барысевіча, гучала ў бацькоўскай хаце і партызанскай зямлянцы, пад залпы Перамогі на вуліцах Берліна, і спявала калыханку ўнукам. Скрыпцы акадэмік давяраў свае думкі і перажыванні, чэрпаў натхненне і новыя ідэі. Пад час ігры на скрынцы звыклая заклапочанасць на вачах змянялася юнацкай усмешкай. Успамінаўся родны дом з заліўнымі лугамі, сагрэты сонцам лес, варожыя паязды, якія ляцелі пад адхон, снег над першым будынкам АН, ордэн Леніна, які замацаваў да сцягу акадэміі П. Машэраў за значны ўклад у развіццё навукі. Усе гэтыя памятныя эпізоды жыцця акадэміка Барысевіча паўсталі на экране пад гукі скрыпкі.

Памяць земляка не можа патухнуць, як вугельчык у шэрым попеле схаладнелага вогнішча. Рабочы кабінет Барысевіча ў інстытуце фізікі АН абсталяваны пад музей, дзе кожны прадмет – жывая памяць. Медаль імя Барысевіча з 2016 года ўручаецца перспектыўным маладым вучоным, у 2017 Год навукі прайшло гашэнне персанальнай маркі Барысевіча. Сёлета, да 25-годдзя акадэміка, 24 верасня з удзелам кіраўніцтва АН Беларусі і былых калег прайшло ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі (архітэктар А. Сардараў, скульптар К. Касцючэнка) на будынку Прэзідыума Акадэміі навук. Бярэзінцы таксама выбралі сабе “на сцяг” гэта праслаўленае імя земляка. Асаблівая нагода для гонару і знак пашаны – вуліца імя Барысевіча ў райцэнтры Беразіно ў гонар сапраўднай легенды, засечка ў летапісу жыцця, каб памяць захоўвалася не адно пакаленне. Пры Сялібскім клубе-бібліятэцы працуе міні-музей Барысевіча. У гонар земляка 20 кастрычніка на Бярэзіншчыне стартаваў Тыдзень добрых спраў у рамках акцыі года “Малая радзіма: месца добрых ініцыятыў. Аб гэтым абвясціў на вечарыне памяці ў сваім выступленні старшыня раённага савета дэпутатаў В.В. Лашкоўскі. Важна для нашчадкаў, каб яны не заблудзіліся ў гушчы мізэрных, дробязных датаў і імёнаў, а мелі належныя арыенціры ў жыцці.

Тамара Круталевіч - заг. аддзела маркетынгу

ДУК “Бярэзінская ЦРБ”, аўтар праекта  “Святло знаёмай зоркі”   

Пашпарт: МС 1459973, 

Выдадзены Бярэзінскім РАУС, 14.06.2004 г.,

Асабісты нумар 4110259В093РВ3

Прапісаны па адрасе: 223311 Г. БЕРАЗІНО, ВУЛ. Кастрычніцкая, 22 кв. 2.

Службовы тэлефон (801715)53 53 8; велком 8029 699-27-64.

Прочитано 216 раз

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://www.minsk-region.gov.by/ru/homepage/novosti-oblasti/item/35432-na-maluyu-radzimu-z-paklonam-da-zemlyaka#sigProGalleriaedc1c68626

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Главное богатство наше – люди!…»

29.09.2018
г. Мядель, Дожинки - 2018