З нітак падзей – клубок жыцця…

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

З мноства самых розных падзей, значных і не вельмі, знакавых і будзённых пляцецца лёс чалавека. У кожнага ён непаўторны. Вось і хударлявая, невялічкага росту дзяўчына з цяжкім грузам валасоў, сплеценых у тугую касу, напэўна, не думала, што невялікі раённы цэнтр Валожын, куды яна два разы прыязджала на практыку, а затым і размеркавалася пасля заканчэння журфака, стане для яе цэнтрам “сусвету”. Бо тут знайшла каханне і стварыла сям’ю, тут нарадзіліся яе сыны і ўнукі, і тут, нарэшце, яна ў поўнай меры раскрылася як творчая асоба. І ўжо Валожын лічыць сваёй радзімай, праўда, ніколі не забываецца, пра карані-вытокі, пра маленькую сваю Міхайлоўшчыну, куды надаецца трапіць усё радзей, але якая сніцца да гэтага часу… Ёй адрасавана нямала паэтычных радкоў. Менавіта ж у нашым горадзе раскрыўся яе паэтычны талент і нарадзіліся кнігі.

Сёлетні год надзвычай багаты на падзеі і ўзнагароды для валожынскай паэткі, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўніка народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” і маёй некалішняй калегі Валянціны Францаўны Гіруць-Русакевіч. Фінальнай кропкай у чарадзе юбілейных падзей з нагоды 65-годдзя стаў выхад у серыі “Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі” саліднага, у прыгожай вокладцы зборніка твораў. Прэзентацыя яго адбылася ў цэнтральнай бібліятэцы Мінска, якая носіць імя Я. Купалы. Гэтаму зборніку паэтка дала сімвалічную назву “На нітцы часу”…

На прэзентацыі кнігі сабраліся аднакурснікі віноўніцы ўрачыстасці, яе землякі, члены “Руні”, якія цяпер жывуць у сталіцы, і проста чытачы бібліятэкі. Бы старонкі кнігі, перагортвала вядучая імпрэзы Ганна Канановіч год за годам з жыцця юбіляркі. Гучалі вершы і песні на яе словы, напісаныя самымі рознымі кампазітарамі: Уладзімірам Гаркушам і Яўгеніяй Харук, Наталляй Гаўрыс і Людмілай Краснадубскай. Пранікнёна і шчыра ў вершах і проста расказвалі сама Валянціна і вядучая пра розныя лёсавызначальныя моманты жыцця. Асабліва кранальныя словы і ўспаміны былі адрасаваны бацькам. Песні прагучалі ў выкананні салістаў РЦК Валянціны Далговай – “Вёсачка-матулечка”, Таццяны Бандарэнкі – “Даруй, матуля!”, Ірыны Зянько – “Музыка первой любви” (дарэчы, адзіны верш, напісаны на рускай мове), Аляксандра Шаўчэнкі – “Валажанка”, Людмілы Краснадубскай – “Агонь кахання”, Вольгі Дзедуль – “Ой, дай Божанька”.

Прэзентацыя новай кнігі паэткі праходзіла ў надзвычай цёплай, сяброўскай атмасферы. У той вечар прагучала шмат добрых слоў, якіх у поўнай меры заслугоўвае юбілярка, успамінаў. Першай выступіла дырэктар выдавецтва “Чатыры чвэрці” Ліліяна Фёдараўна Анцух. З гераіняй вечарыны яе звязваюць доўгія гады супрацоўніцтва, якое ператварылася з дзелавога ў сяброўскае. Віншавальныя словы былі адрасаваны і старшынёй абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Святланай Анатольеўнай Быкавай, удзельніцай аб’яднання “Рунь”, таксама членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Марыяй Антонаўнай Шакун. 20 гадоў назад, у 1998 годзе, Валянціну Русакевіч прынялі ў творчы Саюз. Ад першага верша, напісанага ў школьныя гады і надрукаванага ў 1968-м у ашмянскай раённай газеце, да першай кнігі ў серыі часопіса “Маладосць” прайшоў даволі доўгі шлях. Але творчы мех развязаўся ўдала, і ў скарбонцы Валянціны Гіруць-Русакевіч ужо сем кніг.

“Пагрэцца ў промнях славы Валянціны”, як зазначылі самі, сабраліся і шасцёра яе аднакурснікаў па журфаку. У той дзень яны даведаліся шмат новага пра сваю сяброўку. Ад іх імя слова брала радыёжурналіст Яўгенія Арцюшкевіч. Павіншаваць гераіню з выхадам чарговай кнігі прыйшоў і ўраджэнец нашага раёна, сябра дадзенай бібліятэкі Мікола Ліннік. Знайшлі вольную хвіліну, каб сказаць словы прызнання сваёй другой маці, маладыя рунеўцы, якія вылецелі з валожынскага гнязда, – Міхась Бацян і Таццяна Косік. Сваім дзецішчам – “Рунню” – паэтка ганарыцца не менш, чым асабістымі зборнікамі. І ўкладае ў яго плённую работу, шмат сіл і энергіі.

…З нябачных нітачак-падзей тчэцца палатно жыцця. Няхай так будзе яшчэ бясконца. Нараджаюцца новыя вершы, выходзяць у свет новыя зборнікі, не пакідае натхненне. А галоўнае – не падводзіць здароўе!

Прочитано 794 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Больше вопросов должны решать местные власти…»

21.05.2019
Солигорский райисполком, прием граждан