Новости Воложинского района

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

Зімовыя школьныя канікулы працягваюцца, але лагеры з дзённым знаходжаннем ужо завяршылі сваю работу. Працавалі яны з 24 па 31 снежня ўключна.

Упершыню лагерная змена доўжылася сем дзён, звычайна была шэсць. З абласнога бюджэту на аздараўленчую кампанію выдаткавалі 6762 рублі. Лагеры працавалі на базе 12 устаноў адукацыі. Не было іх толькі ў СШ № 2 райцэнтра, Суднікаўскай і Дорскай школах. Аздараўленне прайшлі 230 школьнікаў, у пераважнай большасці пачатковых класаў. Самыя вялікія лагеры былі створаны ў Івянецкай СШ – наведвалі 40 хлопчыкаў і дзяўчынак, СШ № 1 райцэнтра – 35, Ракаўскай СШ – 30, гімназіі № 1 Валожына – 25. За гэту змену рэалізавалі розныя міні-праекты. У асноўным яны тычыліся Года малой радзімы, здаровага ладу жыцця, асноў бяспечнай жыццядзейнасці. 

Напярэдадні Новага года Мінскага абласная арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа перадала ў раён гуманітарны груз ад Дацкага Чырвонага Крыжа.

194 кілаграмы вязанага адзення для дзяцей да года і пледаў, 42 кілаграмы іншага адзення. Раённая арганізацыя таварыства запрашае мнагадзетныя і малазабяспечаныя сем’і звяртацца за дапамогай, асабліва тыя сем’і, дзе ёсць немаўляты. 

Кожны са 190 членаў пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва стаў удзельнікам дабрачыннай акцыі “Прафсаюзы – дзецям”.

Для акцыі “Ёлка жаданняў” выбралі мнагадзетныя сем’і, дзе дзяцей выхоўвае адзін бацька, і сем’і, дзе бацька выхоўвае дзіця-інваліда. Такіх у нашым раёне налічылі чатыры і дзве сям’і. Члены пярвічкі падзяліліся цукеркамі з уласных падарункаў і сфарміравалі 14 набораў з ласункамі. Напярэдадні Новага года вадзіцель і спецыяліст цэнтра ў касцюмах Дзеда Мароза і Снягуркі даставілі падарункі па канкрэтных адрасах. 

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў канцы снежня мінулага года прайшло вялікае мерапрыемства “Фердынанд Рушчыц: натхненне і творчасць”. У вечарыне бралі ўдзел Марцін Вайцяхоўскі, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, прадстаўнікі сталічнай інтэлігенцыі.

Вядучымі былі работнік РЦК Уладзімір Ціханоўскі і студэнтка БДПУ імя М. Танка, выпускніца валожынскай СШ № 1 Анастасія Сафонава. Падчас вечарыны адбылася прэзентацыя работ пераможцаў раённага пленэру “Замля і неба Фердынанда”. Да гэтай падзеі быў выпушчаны каляровы каталог работ лаўрэатаў пленэру за шэсць гадоў яго існавання – з 2013 па 2018 гады. На прэзентацыі прысутнічалі студэнткі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, выпускніцы валожынскіх школ Кацярына Навіцкая і Валерыя Усцюжаніна, чые работы змешчаны ў каталозе.

Самы вядомы беларускі падарожнік і краязнавец Юры Жыгамонт у канцы мінулага года завітаў у вёсачку Душкава нашага раёна, што знаходзіцца непадалёк Ракава. Вялікай гісторыі невялікай вёскі, як адзначыў аўтар, хапіла на дзве перадачы “Падарожжа з Жыгамонтам”.

Гаспадаром вёскі быў Караль Мараўскі – паплечнік Тадэвуша Касцюшкі, удзельнік Напалеонаўскай кампаніі 1812 года, магістр масонскай ложы “Шчаслівае вызваленне”. У 22 гады ён меў званне палкоўніка, а потым – генерал-маёра. Дакладна вядома, што апошнія 15 гадоў жыцця К. Мараўскі жыў у сваёй сядзібе ў Душкаве, дзе стварыў лепшы на Міншчыне музей старажытнага посуду, зброі і іншых гістарычных каштоўнасцей. Памёр ён у кастрычніку 1841 года і пахаваны ў Душкаве, захавалася яго магіла. Наогул, у вёсцы нямала старажытных пабудоў: каплічка 1803 года, лядоўня, дом эканома, рэшткі былога панскага бровара і інш. Увогуле, надзвычай цікава даведацца гісторыю вёсачкі, пра паходжанне назвы, яе гаспадароў, а таксама паглядзець на яе сёння.

Новымі кнігамі папоўніліся паліцы валожынскай дзіцячай бібліятэкі напрыканцы года. Сярод навінак – кнігі беларускіх пісьменнікаў Г. Аўласенкі “Колькі колераў у лета” – казкі, казачныя аповесці і вершы пра зверанят, птушак, рыб і расліны, павучальныя гісторыі Валерыя Квілорыя. Аматараў чытання зацікавяць кнігі М. Яўсеевай, В. Нікольскай і іншых аўтараў.

Прыцягваюць увагу юных чытачоў і кніжныя выставы “Цуды пад Новы год”, “Святло Каляднай зоркі”, “Сустракаем Каляды і Новы год”, дзе сабрана духоўна-асветніцкая літаратура, шмат карыснай інфармацыі пра гэтыя святы.

Прочитано 327 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Больше вопросов должны решать местные власти…»

21.05.2019
Солигорский райисполком, прием граждан