Новости Воложинского района

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

За першыя дні новага года насельніцтва нашага раёна прыбавілася на некалькі чалавек.

І самае знамянальнае, што доўгачаканая дзяўчынка, якая нарадзілася 1 студзеня, няхай сабе і не ў навагоднюю ноч, а днём у 12.25, стала трэцім дзіцем у сям’і. Яна зможа прэтэндаваць на сямейны капітал у памеры 10 тысяч долараў ЗША, а сям’я папоўніла спіс мнагадзетных. Такім чынам, першай парадзіхай 2019 года стала Яніна Аляксандраўна Чаенка з вёскі Дубіна-Юрздыцкая. А дома маці з дачушкай чакаюць бацька і двое сыноў. 2 студзеня ў радзільным аддзяленні раённай бальніцы з’явіліся на свет два хлопчыкі. Жыхарка вёскі Лабы Марына Віктараўна Сулімава нарадзіла першае дзіця, а жыхарка Валожына Юлія Віктараўна Спосаб – другога сына. На немаўлят адразу надзелі сучасныя біркі, што з’явіліся ў аддзяленні летась, яны атрымалі свой першы пашпарт.

Новы кіраўнік зацверджаны ў снежні мінулага года на пасаду дырэктара ДУ “Валожынская цэнтральная раённая бібліятэка” – Марыя Зыгмундаўна Шынгер.

М. З. Шынгер – ураджэнка нашага раёна. Пасля заканчэння Багданаўскай сярэдняй школы непрацяглы час працавала ў Багданаўскай сельскай бібліятэцы. Затым была пераведзена ў раённую, дзе спачатку працавала бібліятэкарам аддзела бібліятэчнага маркетынгу, а пасля доўгі час – намеснікам дырэктара. У 2002 годзе без адрыву ад вытворчасці скончыла аддзяленне бібліятэказнаўства і бібліяграфіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Вёска Дубіна нашага раёна мае розную славу. Шмат гадоў таму яе “прыпячатаў” адмоўнымі эпітэтатамі Стары Улас. І, напэўна, з таго часу дубінцы імкнуцца заваяваць добрую славу. Так, напрыклад, яны даказалі, што іх вёска можа стаць сталіцай гумару, і з гонарам шмат гадоў апраўдваюць гэта званне. А нядаўна стала вядома, што і самыя прыгожыя дзяўчаты ў Беларусі маюць карані з Дубіны.

“Міс Беларусь-2019” Марыя Васілевіч, якая ў канцы года прызнана яшчэ і самай прыгожай дзяўчынай Еўропы, для жыхароў Дубіны проста Маша. Будучую прыгажуню яны ведаюць, можна сказаць, з маленства. У Дубіне жыла яе бабуля Галя, тут нарадзілася яе маці Алена Іванаўна, у дзявоцтве Мучынская. І ўсе канікулы дзяўчынка праводзіла ў любімай бабулі. А калі апошнім часам бабулі не стала, бацькоўскі дом трое дзяцей, якія не жывуць у вёсцы, выкарыстоўваюць пад летнюю рэзідэнцыю. Здымаць напружанне вялікага горада, падыхаць свежым паветрам першая прыгажуня нашай краіны часта прыязджае ў Дубіну.

Напрыканцы года валанцёры Таварыства Чырвонага Крыжа з ліку ліцэістаў разам са старшынёй раённай арганізацыі А. У. Трацэўскай збіралі сродкі для дабрачыннай акцыі “Ёлка жаданняў” на гарадскім рынку і ў індывідуальных прадпрымальнікаў горада.

Былі сабраны 71 адзінка новага адзення і 27 пар абутку, 22 цацкі, 2 рукзакі, канцылярскія прылады і 95 рублёў ахвяраванняў. 33 адзінкі адзення, 8 пар абутку і рукзак былі перададзены сіротам, якія вучацца ў сельскагаспадарчым ліцэі. 12 салодкіх падарункаў і рэчы ўручаны дзецям з раённага прытулку і цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дапамогу атрымалі 5 мнагадзетных сем’яў. Шчодрыя ўзносы ў скарбонку дабрыні ўнеслі прадпрымальнікі Н. У. Гасціловіч (магазін “Акіян”), С. І. Бычкоўская (“Люстэрка”), С. В. Ломаць (“Вясёлка”), А. І. Казакевіч (“Мара”), Т. А. Дабравольская (“Сям’я”), магазін аўтазапчастак па вуліцы Савецкай, А. Т. Бразінскі і іншыя, а таксама Ж. А. Доўнар і Л. Ф. Скляповіч, што гандлююць на рынку.

Зімовыя канікулы надоўга запомняцца вучням СШ № 1 райцэнтра. Яны атрымалі шмат станоўчых эмоцый ад падарожжаў і экскурсій.

90 чалавек здзейснілі інтэрактыўнае падарожжа ў Чароўны лес Дзядулі Мароза ў сядзібу “Верадова” Маладзечанскага раёна, дзе на працягу трох гадзін праходзіла забаўляльная праграма. Потым дзяцей частавалі гарачай гарбатай, яны атрымалі падарункі. 22, 23 і 29 снежня вучні розных класаў пабывалі на навагоднім прадстаўленні “Цяпло вечнай мерзлаты” ў Дзяржаўным цырку. Таксама была арганізавана паездка ў Палац культуры трактарнага завода на забаўляльную праграму і спектакль-мюзікл “Прынцэса і страшыдла”.

У Калядным турніры па міні-футболе прынялі ўдзел 5 каманд хлопчыкаў 2005-2006 г. н. з Валожына, Івянца і Багданава.

Першае месца заваявала зборная Валожына (капітан Ягор Казлоў). Прызёрамі сталі каманды Івянца і Багданава, капітаны Аляксей Рэут і Алег Сташкевіч. Камандзе-пераможы быў уручаны Кубак, членам трох мацнейшых каманд – медалі. Па выніках гульняў вызначылі двух лепшых ігракоў – Дзяніс Трус з Валожына і Аляксей Ліпніцкі з Івянца. Ім уручаны памятныя прызы.

Прочитано 242 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Следить за порядком человек обязан…»

06.03.2019
г.Дзержинск, прием граждан