Новости Воложинского района

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

9 студзеня ў Палацы Рэспублікі прайшла штогадовая ўрачыстая цырымонія ўручэння прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльных прэмій Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва.

На гэтай урачыстасці і святочным канцэрце з удзелам лепшых мастацкіх калектываў і салістаў краіны пашчасціла пабываць 13 членам Івянецкага аддзела “Саюза палякаў на Беларусі”. Мерапрыемства рэспубліканскага маштабу пакінула незабыўнае ўражанне.

Пасля зімовых канікулаў некалькі вучняў школ нашага раёна пачалі трэцюю вучэбную чвэрць не ў сваіх класах, а ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”.

З 10 студзеня пачалася змена “У пошуках формулы сямейнага шчасця”, дзе сабраны школьнікі, што цікавяцца ўласным радаводам, сямейнымі традыцыямі. Ад нашага раёна на гэтай змене прысутнічае вучань 8 класа Івянецкай сярэдняй школы Павел Ройка. З гэтага ж дня ў санаторна-аздараўленчым атрадзе праходзіць аздараўленне сямікласніца Ракаўскай СШ Анастасія Курыла. Актывістаў вучнёўскага самакіравання аб’яднала змена “Пакаленне Z: у пошуках свайго шляху”, якая пачалася 11 студзеня. Наш раён на гэтай змене годна прадстаўляюць дзесяцікласніцы СШ № 1 райцэнтра Лізавета Шапуцька і Аляксандра Рудовіч. Безумоўна, усе школьнікі вернуцца ў свае навучальныя ўстановы з новымі ідэямі, планамі і прапановамі, чаму будуць спрыяць шматлікія мерапрыемствы на працягу змены і зносіны з равеснікамі з розных куткоў Беларусі.

8 студзеня актывісты раённага Таварыства Чырвонага Крыжа ўручылі 8 падарункаў выхаванцам цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Яшчэ 4 падарункі яны падрыхтавалі для мнагадзетнай сям’і Аксаны Амілаўскай, якая абжывае сацыяльную кватэру ў новым доме, нядаўна здадзеным у Валожыне.

А 9 студзеня прадстаўнікі піянерскай арганізацыі гімназіі № 1 разам са старшынёй раённага савета піянерскай арганізацыі М. В. Кушнір таксама наведалі з падарункамі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, перадалі іх і ў раённы сацыяльны прытулак. У навагодняй і каляднай акцыі па зборы салодкіх падарункаў, канцтавараў і культтавараў, гульняў і цацак прымалі ўдзел усе 15 піянерскіх дружын раёна. Папярэдне піянеры наведаліся да вучняў сваіх школ, што праходзяць надомнае навучанне, да дзяцей-інвалідаў, якія жывуць у зонах школ. Хочацца спадзявацца: у гэтыя святочныя зімовыя дні ніхто з дзяцей не застаўся без падарункаў, а мары многіх сталі явамі.

Напрыканцы мінулага года Міністэрства культуры краіны выдзеліла раённым музеям грошы на набыццё работ членаў Беларускага саюза мастакоў. Івянецкаму музею традыцыйнай культуры было выдаткавана больш за 3 тысячы рублёў. Такім чынам папоўнілася калекцыя работ В. М. Ярэська.

Сям’я мінскіх мастакоў Ярэськаў мае лецішча ў пасёлку Першамайскім нашага раёна і шмат гадоў плённа супрацоўнічае з Івянецкім музеем. Усяго ў калекцыі музея 11 работ інсітнага мастацтва дадзенага аўтара, якія дэманструюцца ў пастаяннай экспазіцыі. Сярод іх і чатыры нядаўна набытыя – “Барбара Радзівіл і Жыгімонт II Аўгуст”, “Шляхціч і Марылька”, “Шчырага сэрца палёт” і “Аднойчы ўлетку”.

За актыўную канцэртную дзейнасць па прапагандзе польскай культуры і захаванні спадчыны Апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей нашай рэспублікі вырашыў адзначыць ансамбль польскай песні “Івянчанка” Дома польскага ў Івянцы новымі касцюмамі.

Касцюмы для салістак ансамбля былі пашыты па эскізах, распрацаваных у Івянцы. Кошт іх – амаль 4 тысячы рублёў. Новыя сцэнічныя ўбранні перададзены ансамблю напярэдадні Калядаў.

Фізкультурна-аздараўленчы цэнтр Валожынскага раёна прыдбаў новы спартыўны інвентар.

Для заняткаў аэробікай і фітнесам закуплены 20 фітнес-кубікаў. Таксама набыта столькі ж гімнастычных дыванкоў і 10 скакалак.

Прочитано 451 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Как известно, в этот период в поле комбайнеры от рассвета и до заката…»

11.08.2019
Клецкий район, поздравление комбайнёров-трёхтысячников