Новости Воложинского района

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

На працягу трох дзён, з 10 па 13 студзеня, на базе Свята-Елісавецінскага манастыра ў Мінску праходзіў V Міжнародны калядны фестываль батлеечных і лялечных тэатраў. У ім прымалі ўдзел 5 краін: Расія, Беларусь, Украіна, Літва, Эстонія. Першапачаткова былі заяўлены 40 калектываў, да ўдзелу ў праграме адабралі 15. Сярод калектываў, большасць з якіх былі прафесіянальнымі, не згубіўся і батлеечны тэатр з Ракаўскага цэнтра народнай творчасці.

Юныя артысты з Ракава выступалі ў першы дзень фестывалю. Ім выпаў гонар адкрываць праграму народнай драмай “Цар Ірад”. Тэлевізійны сюжэт пра фестываль, у якім яны “засвяціліся”, зрабіў іх яшчэ больш вядомымі. Батлейка створана на базе драматычнага гуртка “Жаронцы”, у яе рэпертуары ўжо некалькі пастановак. Ролі выконвалі вучні 7 “В” класа Ракаўскай СШ і некалькі чацвёртакласнікаў. Лялькі для тэатра вырабіў з дрэва івянецкі разьбяр Мікалай Задрэйка, размалявала іх Лізавета Пятроўская, уборы шыла кіраўнік гуртка Хрысціна Лямбовіч, музычнае суправаджэнне спектакля забяспечыў Максім Палуйчык. За ўдзел у фестывалі Ракаўская батлейка атрымала тры дыпломы: “За вопыт асваення батлеечнага жанру”, “За ўклад у развіццё батлеечнага і лялечнага мастацтва і духоўнае выхаванне маладога пакалення”, “За выхаванне падрастаючага пакалення ў духу маральных ідэалаў славянскай культуры”.

На лыжнай трасе ў пасёлку Раўбічы пад Мінскам на мінулым тыдні праходзіў этап Кубка Усходняй Еўропы па лыжных гонках. У якасці гледачоў і балельшчыкаў штодня там прысутнічалі вучні і настаўнікі школ нашага раёна.

На працягу 10, 11 і 13 студзеня на спаборніцтвах пабывалі 71 вучань і 58 настаўнікаў Ракаўскай СШ, сярэдніх школ № 1 і № 2 райцэнтра, гімназіі № 1, Івянецкай СШ, Багданаўскага, Вішнеўскага і Сакаўшчынскага ВПК. Аўтобусы для паездкі ў Раўбічы выдзялялі ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

У канцы мінулага года работніцы швейнага цэха райспажыўтаварыства выканалі заказ РУП “Валожынскі жылкамунгас” на пашыў 50 зімовых куртак. Цёплую спецвопратку ў новым годзе атрымалі ўсе члены калектыву, якія працуюць на адкрытым паветры.

Таксама ў швейным цэху для прэміравання работнікаў па выніках 2018 года жылкамунгас набыў звыш 400 камплектаў пасцельнай бялізны.

Кінатэатр “Юнацтва” райцэнтра далучае школьнікаў гарадскіх школ да кінамастацтва з дапамогай тэматычных кіналекторыяў. Такая практыка вядзецца на працягу ўсяго навучальнага года.

Практычна адразу пасля зімовых канікулаў (10, 11, 16 і 17 студзеня) працаваў лекторый “Права дзіцяці і сямейна-бытавыя адносіны” для вучняў сярэдняга звяна. Кінагледачам прапанавалі дакументальную стужку “Што ўтойвае маска?” і прэм’ерны паказ мастацкага фільма “Грынч”. Івянецкія і багданаўскія школьнікі наведалі гэты лекторый 14 студзеня, вішнеўскія – 15-га. Пройдзе ён таксама ў Сівіцкім, Гародзькаўскім і Дорскім ВПК. У сельскай мясцовасці стужкі дэманструюцца з дапамогай перасовачнага відэаабсталявання ў школах і Дамах культуры. У студзені таксама запросяць старшакласнікаў горада на кіналекторый “Прафілактыка правапарушэнняў”, дзе ім прапануюць дакументальны фільм “Падлетак” і мастацкі – “Шлях дадому”.

Сваім выступленнем народны хор ветэранаў працы “Спяваючыя сэрцы” як бы падвёў рысу Калядным святам. Праграма, якую самадзейныя артысты вынеслі на суд гараджан 12 студзеня, называлася “Самыя добрыя пажаданні”.

У выкананні хору прагучалі параўнальна новыя песні, што з’явіліся ў рэпертуары ў мінулым годзе. Асабліва кранальным было выкананне песні “Родны Валожын” на словы С. Маляўскага, музыку напісала кіраўнік хору Г. Філяноўская. Яна была прымеркавана да Года малой радзімы, як і песня “Васільковая радзіма”, якую выканала аўтар Г. Філяноўская. На сцэну выходзілі дуэты ў складзе Ірыны Кузьміч і Уладзіміра Юхо, Галіны Філяноўскай і Антона Таўгяня. Заслужаныя апладысменты дасталіся салістам Ганне Марачэўскай, Аляксандры Журкевіч, Яўгеніі Прапаршчык, Васілю Анафрэйчуку, Галіне Ганько. Закончылі артысты сваё святочнае выступленне песняй “Спявай, душа!”. Яна стала візітнай карткай калектыву. Словы і музыку напісала Г. Філяноўская. Ад імя прысутных у зале словы падзякі спевакам выказалі кіраўнік клуба “Лэдзі” тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва А. І. Барахоўская і ўдзельніца клуба Я. А. Шышла. Яны таксама падрыхтавалі падарунак для сваіх аднаклубніц З. Ц. Вайткевіч, Т. С. Макарэвіч і Г. Х. Марачэўскай, якія спяваюць у гэтым творчым калектыве.

Прочитано 352 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Как известно, в этот период в поле комбайнеры от рассвета и до заката…»

11.08.2019
Клецкий район, поздравление комбайнёров-трёхтысячников