Новости Воложинского района

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

На базе ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама прайшоў семінар-практыкум для выхавальнікаў устаноў дашкольнай адукацыі на тэму “Выкарыстанне канструктара “Палессе” ў рэалізацыі задач вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі”. Такія дзіцячыя канструктары беларускай вытворчасці маюцца ў кожнай групе ўсіх дзіцячых садоў раёна.

Падчас семінара выхавальнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі дзіцячага сада “Лесавічок” Івянца Тамара Тадэвушаўна Печанава прадэманстравала прыёмы выкарыстання канструктара як у спецыяльна арганізаванай, так і нерэгламентаванай дзейнасці ў групах. Удзельнікі сістэматызавалі веды пра асаблівасці канструктара “Палессе” і нават самі не чакалі, што практычныя заняткі могуць стаць настолькі цікавымі. Былі выказаны меркаванні, што падобныя практыкумы ў далейшым можна сумясціць з бацькоўскімі сходамі ў дашкольных установах.

Хаця такога свята і няма ў календарах, але яно існуе ў жыцці практычна кожнага з нас. У першую суботу лютага ў школах праходзяць традыцыйныя вечары сустрэчы выпускнікоў. Мяркую, што ў гэты дзень будуць загружаны ўсе кропкі грамадскага харчавання ў раёне, нават самыя незапатрабаваныя ў звычайныя дні.

Сёлета вечар сустрэч прыпадае на 2 лютага, і ўстановы грамадскага харчавання райспажыўтаварыства ў Валожыне падрыхтаваліся да яго загадзя. Дарэчы, заяўкі на банкеты прымаліся з 1 лістапада мінулага года. Да 180 выпускнікоў зможа прыняць рэстаран “Іслач”, па 80 і 40 чалавек рассадзяць у сталовай і кафэ “ХХI стагоддзе”. І ў без таго багатым меню кропак харчавання з’явяцца новыя стравы: салата “Карыда” і рыба, запечаная з памідорамі. Праўда, гэта не самае важнае падчас сустрэчы былых аднакласнікаў, галоўнае – стварыць утульную, па-сапраўднаму душэўную атмасферу.

З першых дзён новага года поўным ходам вядзецца дабрачынная работа раённым таварыствам інвалідаў, якое ўзначальвае В. А. Субач.

Аказана дапамога ў памеры чатырох базавых велічынь інваліду II групы з вёскі Сівіца Раісе Новік. Таксама для яе і мужа дастаўлены патрэбныя сродкі рэабілітацыі і гуманітарная дапамога. У таварыстве маюцца больш за 200 дзіцячых і падлеткавых лангетак, супрацьпролежневыя пракладкі, калапрыёмнікі. 22 студзеня валанцёры з дабрачыннай арганізацыі “Адра” ачысцілі ад снегу пандус ля адміністрацыйнага будынка КСУП “Пяршаі-2014”. Хочацца заўважыць, што ачысткай пандуса, якім карыстаюцца не толькі людзі-інваліды, але і маці з каляскамі, трэба займацца пастаянна. У дадзеным аграгарадку маюцца два такія аб’екты. Дык чамусьці ў сельвыканкаме знаходзяць магчымасць трымаць пандус у належным стане, а ў сельгаспрадпрыемства да яго не даходзяць рукі...

У пачатку студзеня ў раённую бібліятэку паступілі 44 экзэмпляры новых кніг.

25 з іх – кнігі прыродазнаўчай тэматыкі беларускага пісьменніка Анатоля Бярнацкага “Незвычайнае жыццё звычайных раслін”, “Жывыя самацветы за ганкам”, “Скромнікі і франты ў свеце жывёлы” і іншыя. Усе кнігі багата ілюстраваны, у добрых пераплётах. Сярод навінак таксама кнігі на гістарычную і ваенную тэматыку аўтараў В. Міханоўскага, Марты Таро, М. Рагожына маскоўскага выдавецтва “Веча”.

Трэці год мінскае ПТУП “Фолк-прыгоды” плённа супрацоўнічае з аграсядзібай “Налібоцкія Васількі” нашага раёна. Летась на базе аграсядзібы гатавалі фітакасметыку, выраблялі навагоднія сувеніры.

20 студзеня прайшоў майстар-клас для гасцей са сталіцы па выпечцы ржанога хлеба. Гаспадары аграсядзібы таксама арганізавалі для іх знаёмства з экасцяжынай для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, пазнаёмілі са сваім музеем.

“У крузе сяброў” – так называлася праграма, з якой перад жыхарамі Валожына выступіў на мінулым тыдні народны хор ветэранаў вайны і працы “Надзея” Маладзечанскага раёна.

Гэты калектыў упершыню выступаў у нашым горадзе. Гледачы цёпла прымалі песні мінулых гадоў у выкананні хору, салістаў, дуэтаў і вакальных груп, а таксама трапныя байкі, якімі перамяжаліся песенныя нумары.

13 чалавек – спецыялісты, валанцёры і іх падапечныя, якія нарадзіліся да 9 мая 1945 года, і вязні канцлагераў, удзельнікі праекта “Прафілактыка ўзроставых кагнітыўных змяненняў у пажылых людзей г. Валожына і Валожынскага раёна”, што фінансуецца нямецкім фондам “Памяць. Адказнасць. Будучыня”, – пабывалі ў музычным тэатры ў Мінску. Яны атрымалі асалоду ад спектакля “Блакітная камея”. Транспарт для паездкі выдзеліў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Прочитано 233 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Системные проблемы мы отследили…»

17.04.2019
г.Минск, прием граждан