Новости Воложинского района

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

Дырэктар раённага краязнаўчага музея Н. П. Лоўчая разам з навуковым супрацоўнікам Н. У. Бобрык падрыхтавалі лекцыю з электроннай відэапрэзентацыяй “Позірк праз стагоддзе” (да 100-годдзя ўтварэння БССР). Гістарычны экскурс, падмацаваны відэарадам, музейныя работнікі гатовы правесці ў навучальных установах раёна і працоўных калектывах.

Першымі, хто пазнаёміўся з гэтай лекцыяй, сталі навучэнцы ўсіх трох курсаў прафесійнага сельскагаспадарчага ліцэя. Асаблівую цікавасць выклікалі ў моладзі 130 слайдаў, многія з якіх паказваюць пазітыўныя змены ў нашым горадзе і раёне за мінулае стагоддзе. Дарэчы, 9 лютага ліцэісты наведалі таксама музейны пакой “Родам з СССР”, адкрыты ў памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца”.

Першы ўраджай экалагічна чыстых грыбоў сабралі ў новым годзе выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. 30 кілаграмаў вешанак рэалізавана жыхарам Валожына. Аддзяленне мае ліцэнзію на продаж сваёй прадукцыі. У сакавіку чакаецца новая партыя грыбоў.

Повар дзённага аддзялення Кацярына Валер’еўна Харытонава правяла для наведвальнікаў дэгустацыю страў з вешанак. На гэты раз яна падрыхтавала смачныя бутэрброды і тарталеткі.

Убачыла свет новая кніга члена народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК Галіны Радыны-Марцінкевіч. Яна называецца “Наталяю душу”.

Гэта шостая па ліку кніга аўтара. Першая кніга “Верыць і любіць” выйшла з друку роўна дзесяць гадоў таму, у 2009 годзе. Адначасова кніга жыхаркі райцэнтра Г. Радыны-Марцінкевіч стала першай у 2019 годзе для членаў аб’яднання. Але, мяркую, не апошняй. Пачатак пакладзены. У зборніку “Наталяю душу” сабраны не толькі вершы апошніх гадоў, але і фотаздымкі з асабістага архіва аўтара, яе ўспаміны ў прозе аб гадах, што засталіся за плячамі.

У Івянецкім музеі традыцыйнай культуры адкрылася выстава “Фарбы душы”. На ёй прадстаўлены 16 жывапісных работ мастака Вячаслава Аўгусціновіча і 4 работы яго вучня Андрэя Ждановіча, якія паказваюць прыгажосць прыроды ў розныя поры года. Выстава будзе працаваць да 9 сакавіка.

Ураджэнец Смаргонскага раёна В. Аўгусціновіч скончыў Акадэмію мастацтваў і з 1986 года ўдзельнічае ў рэспубліканскіх і міжнародных выставах. Адбылася персанальная выстава ў г. Ліль у Францыі. Яго жывапісныя палотны знаходзяцца ў Савеце Еўропы ў Страсбургу (Францыя), у прыватных калекцыях у Італіі, Германіі, Кітаі, ЗША, Польшчы, Расіі і іншых краінах. Абодва мастакі прысутнічалі ў музеі падчас адкрыцця выставы, адказалі на пытанні наведвальнікаў, сярод якіх былі жыхары гарпасёлка, а таксама выхаванцы Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў і дома-інтэрната.

Жыхарка райцэнтра Алена Жданюк з вясны 2018 года займалася на курсах навучальнай праграмы “Лідарства ў мясцовых згуртаваннях”, арганізатарам якіх з’яўляецца Асветніцкая ўстанова офіс Еўрапейскай экспертызы і камунікацый. У бягучым годзе адбыўся ўжо трэці выпуск лідараў.

Падчас навучання на курсах заняткі праходзілі ў форме трэнінгаў, адбыліся чатыры сесіі. У групе займаліся людзі самых розных прафесій і ўзростаў з маленькіх вёсак і вялікіх гарадоў нашай краіны, якія жадалі нешта змяніць у рэальным жыцці. А. Жданюк прадстаўляла ініцыятыўную групу з Валожына. На рахунку групы летась было некалькі рэалізаваных ініцыятыў. Напрыклад, абсталяванне дзіцячай пляцоўкі ля новага будынка ДЮСШ, уборка калгаснага саду. Дзякуючы курсам, дзяўчына набыла новыя тэарэтычныя веды, як аб’яднаць, згуртаваць людзей і павесці іх за сабой, натхніць на добрыя справы.

Вучням Пяршайскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа надзвычай пашанцавала. Яны могуць наведваць гурток “Акадэмія талентаў”, які ў мясцовым Доме культуры вядзе член Беларускага саюза мастакоў Валерый Калясінскі.

Пад кіраўніцтвам сапраўднага скульптара раскрываюцца здольнасці юных пяршайцаў. Яны вырабляюць скульптуры з гліны: гэта розныя статуэткі, фігуркі жывёл, кубкі. У пакоі для заняткаў дзейнічае пастаянная экспазіцыя работ выхаванцаў.

Прочитано 232 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Больше вопросов должны решать местные власти…»

21.05.2019
Солигорский райисполком, прием граждан