Новости Воложинского района

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

З 27 лютага па 19 сакавіка ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” пачынаецца чарговая змена “Хто ты будзеш такі?”.

Змена будзе насіць псіхалагічна-прафарыентацыйны характар. Што ўплывае на выбар будучай прафесіі і іншыя фактары прафарыентацыі, вывучаць яе ўдзельнікі. Ад нашага раёна ў “Зубраня” паедуць дзевяцікласніца СШ № 2 райцэнтра Ясенія Стома і яе равесніца з Івянецкай СШ Дзіяна Кучынская. У гэтыя ж самыя дні васьмікласнік СШ № 1 Максім Занямонец пройдзе аздараўленне ў санаторна-аздараўленчым атрадзе. 10 абавязковых працэдур і іншыя аздараўленчыя мерапрыемствы ў комплексе з правільным харчаваннем павінны даць свой плён.

У буфеце, які працуе ў раённай паліклініцы, – новыя гаспадары. Памяшканне здадзена ў арэнду ІП Базык.

Кіраўніцтва райбальніцы больш патрабавальна падышло да ўзгаднення асартыментнага мінімуму: найменш “шкоднай” прадукцыі ў продажы накшталт чыпсаў, “Кока-колы”, больш малочнай прадукцыі, гародніны. У штодзённым асартыменце ёсць салаты, мясныя вырабы. Новыя арандатары зрабілі невялікі касметычны рамонт. У гандлёвай зале засталіся два столікі, за якімі наведвальнікі могуць падсілкавацца, выпіць чаю ці кавы. Работа буфета аднавілася ў лютым. Патэнцыяльныя пакупнікі з ліку пацыентаў і медперсаналу вельмі задаволены работай гандлёвай кропкі.

Некалькі гадоў запар у цэнтры творчасці дзяцей і падлеткаў Валожынскага раёна працуе клуб для падлеткаў “Зносіны”, пасяджэнні якога праводзяцца раз у месяц.

Лютаўскае пасяджэнне было прысвечана тэме “Зносіны з равеснікамі”. На яго сабраліся вучні ўсіх трох школ і навучэнцы ліцэя. Намеснік дырэктара цэнтра творчасці Л. Д. Лысенка і культарганізатар І. С. Стасяловіч правялі заняткі ў форме дыялогу з гульнявымі момантамі. Высвятлялі сітуацыі, пры якіх у падлеткаў узнікаюць канфлікты з равеснікамі: нявыкананыя абяцанні, крыўдныя мянушкі, падслухоўванне чужых размоў, зайздрасць і іншыя. Хацець добрых адносін да сябе можна толькі ў тым выпадку, калі ты сам па-добраму ставішся да людзей. У той дзень падлеткі разгледзелі самыя розныя сітуацыі і вывялі для сябе правілы паводзін сярод сваіх равеснікаў.

Наша райспажыўтаварыства ў канцы мінулага года перадало ў арэнду больш моцнаму ў эканамічным плане Дзяржынскаму райспажыўтаварыству некалькі сельскіх магазінаў.

Такім чынам гандлёвыя кропкі ў вёсках Выганічы, Проўжалы, Раднікі і магазін № 139 “Прадукты” па вуліцы Стаўбцоўскай у Івянцы захаваліся, але набылі новых гаспадароў. Гандлёвыя аб’екты напоўніліся разнастайнымі таварамі, змяніўся і асартымент, што ў першую чаргу задаволіла пакупнікоў.

16 выхаванцаў Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната пабывалі на Масленіцы ў воінскай часці, што дыслацыруецца ва Уруччы.

З гэтай воінскай часцю склаліся добрыя адносіны, салдаты і афіцэры таксама былі ўжо ў гасцях у Івянцы. Для дзяцей старэйшыя сябры падрыхтавалі насычаную праграму: катанне на квадрацыклах, невялікі канцэрт, дэгустацыя салдацкай кашы і бліноў, ім дазволілі пастраляць з сапраўднай зброі.

На мінулым тыдні народнае аб’яднанне народных майстроў “Скарбніца” РЦК арганізавала для жыхароў Валожына экскурсію ў Смаргонь.

Уразіла валожынцаў экспазіцыя мясцовага краязнаўчага музея, усе чатыры залы якога насычаны цікавымі экспанатамі. Затым была экскурсія па горадзе, наведванне мемарыяла, прысвечанага Першай сусветнай вайне. Па дарозе ў Смаргонь валожынцы наведалі Крэва, дзе ўбачылі, як вядзецца аднаўленне знакамітага Крэўскага замка.

Адбыўся адкрыты турнір па міні-футболе сярод ветэранаў фізічнай культуры, у якім прынялі ўдзел 5 каманд: з Валожына, Івянца вясковая зборная, якая аб’яднала аматараў футбола з Сакаўшчыны і Багданава, а таксама дзве мінскія каманды.

Першае месца заняла каманда Мінска, другое і трэцяе – ветэраны спорту з Валожына і Івянца. Тройка прызёраў адзначана дыпломамі і грашовымі прызамі.

Прочитано 116 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Следить за порядком человек обязан…»

06.03.2019
г.Дзержинск, прием граждан