Новости Воложинского района

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

З 1 па 24 ліпеня на аздараўленні ў Германіі па лініі Хрысціянскага Саюза маладых людзей знаходзіцца група дзяцей нашага раёна. На працягу летніх канікулаў у гэту краіну паедзе яшчэ адна група школьнікаў.

16 вучняў Вішнеўскага вучэбна-педагагічнага комплексу і гімназіі № 1 Валожына разам з двума настаўнікамі прымае ў гэтыя дні філіял арганізацыі горада Дармштадт. Як правіла, нямецкія сябры рыхтуюць да гэтага моманту цікавую і насычаную праграму, так што знаходжанне ў Германіі застаецца ў памяці на доўгія гады.

Спякотнае надвор’е ў чэрвені неўпрыкмет змянілася зацяжнымі дажджамі з грозамі і рэзкім пахаладаннем. Калі спачатку ўсе проста абрадаваліся такім зменам і часовай перадышцы, то цяпер надвор’е ўжо не радуе.

У ноч на 4-е ліпеня адразу ў чатырох населеных пунктах рэспублікі былі пабіты тэмпературныя рэкорды. У Брагіне (Гомельская вобласць) было зафіксавана +6,8 градуса, у Вілейцы – +6,6, у Слаўгарадзе (Магілёўская вобласць) – +7,9. А ў нашым Валожыне – +6,5 градуса. Дарэчы, такая ж тэмпература паўтарылася і ў ноч на 6-е ліпеня. Мінулы рэкорд трымаўся з 2008 года, калі тэрмометр паказаў у ліпені 8,3 градуса.

Завяршыўся рамонт харчблока ў Выганіцкім дзіцячым садзе “Бусляня”.

Свежы выгляд набыло само памяшканне, на сценах і падлозе пакладзена новая плітка. Устаноўлены новыя мыечныя ванны, сцелажы для сушкі і посуду, набыта электрамясарубка.

З 18 ліпеня на прафілактычныя работы закрываецца басейн. Мяркуецца, што працягнуцца яны да 1 жніўня.

У апошні месяц лета і школьных канікулаў аматары плавання яшчэ змогуць пацешыць душу і скарыстацца рознымі зніжкамі. Дарэчы, наш басейн стаў прыцягальным не толькі для жыхароў горада і раёна. Магчымасцю наведаць яго імкнуцца скарыстацца і тыя, хто праводзіць у Валожыне свой водпуск.

На тэрыторыі дзіцячага санаторыя “Налібоцкая пушча” распачынаецца будаўніцтва круглагадовай спартыўнай палаткі памерам 16х24 метры квадратныя. Такім чынам адміністрацыя здраўніцы паспрабуе замяніць адсутнасць спартыўнай залы.

Аснова ўжо зроблена: плошча пад будучую міні-спартзалу высыпана шчабёнкай. Крытае памяшканне не будзе ацяпляцца. Аднак у адпачываючых з’явіцца магчымасць пагуляць у міні-футбол, валейбол, правесці іншыя спаборніцтвы.

На працягу апошніх гадоў па розных прычынах закрыты некаторыя аб’екты культуры і ўстановы адукацыі раёна. Добра, калі гэтыя будынкі знаходзяць новых гаспадароў і набываюць другое жыццё. Вельмі крыўдна, калі проста прыходзяць у заняпад. Спіс такіх аб’ектаў можна ўбачыць на сайце райвыканкама.

У 2018 годзе быў прададзены будынак былой Падбярэзскай СШ. А сёлета выстаўлены на аўкцыён будынак Каменскай СШ, які знаходзіцца на балансе аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а таксама Івянецкага вучэбна-вытворчага камбіната, уласнасць упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама.

Дабрачынная каталіцкая арганізацыя “Карытас” перадала раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў партыю гуманітарнай дапамогі.

У 15 вялізных скрынках знаходзяцца рэчы для дзяцей да 3 гадоў. У гэтыя дні за дапамогай звяртаюцца бацькі з мнагадзетных, няпоўных і малазабяспечаных сем’яў. Тыя, хто маюць патрэбу, могуць атрымаць у арганізацыі хадункі, мыліцы. Ёсць і 4 біятуалеты.

Лета лічыцца самым лепшым часам для падарожжаў і экскурсій. Турыстычныя агенцтвы прапануюць самыя розныя туры.

Нядаўна 9 работнікаў лясгаса разам са сваімі калегамі з Маладзечна ў час белых начэй пабывалі ў Санкт-Пецярбурзе. Праграма ўключала аглядавую наземную і водную экскурсіі па горадзе, наведванне Эрмітажу, Смаленскіх могілак, дзе пахавана Ксенія Пецярбургская, Ісакіеўскага сабора, Петрапаўлаўскай крэпасці і іншых гістарычных аб’ектаў. Экскурсанты наведалі таксама Пецяргоф і Крандштадт. Частку расходаў узяў на сябе прафкам.

Штогод валожынцы ў дні “Славянскага базару” наведваюць Віцебск.

Вось і заўтра работнікі дзіцячага санаторыя “Налібоцкая пушча” сумесна з работнікамі прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Валожынскім раёне будуць прысутнічаць на канцэрце вядомага італьянскага спевака і акцёра Адрыяна Чэлентана.

Прочитано 269 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Такие учёбы крайне необходимы - это своего рода подведение итогов за определённый промежуток времени…»

12.09.2019
Пуховичский район, сбор по территориальной обороне