Святы вёсак працягваюць сваё шэсце

Святы вёсак працягваюць шэсце па раёне. Вось і на гэты раз такая відовішчная падзея ўскалыхнула Паўлюці, самы аддалены куточак Бараўскога сельскага Савета.

Дамовіліся і зрабілі – такога прынцыпу прытрымліваюцца жыхары гэтых мясцін. Вёска Паўлюці даўно ўжо прыпісана да ліку неперспектыўных, бо колькасць працаздольных тут можна пералічыць па пальцах адной рукі. Але жыццё ў ёй не затухае, асабліва ўлетку. “Не забывае моладзь зямлю сваіх продкаў, – кажа старшыня Бараўскога сельскага Савета Ігар Кулакоўскі. – Заснаваўшыся ў горадзе, многія з іх не пакідаюць бацькоўскія хаты, ператвараюць іх у лецішча і вяртаюцца зноў да сваіх вытокаў. Раскупілі яны і пустуючыя ўчасткі пад будаўніцтва дамоў. Людзей прывабліваюць сюды цудоўныя краявіды, багаты грыбамі лес і маляўнічае возера. Для адпачынку лепшага месца не знайсці”. Як далей адзначыў Ігар Міхайлавіч,  мясцовае насельніцтва і прыезджыя жывуць дружна, агульнымі інтарэсамі. Не дзеляць на сваё і чужое. Калі патрэбна, разам займаюцца  добраўпарадкаваннем вуліц, не адмаўляюцца выйсці на ачыстку возера альбо пасадку дрэў. Ініцыятарам добрых спраў з’яўляецца стараста вёскі Мікалай Шакаль. Ён жа і прапанаваў аднавяскоўцам арганізаваць такое цудоўнае мерапрыемства, каб адпачыць разам і выказаць словы удзячнасці родным мясцінам. Таму ідэю ўвасаблялі ўсёй грамадой.

І сапраўды, агульныя намаганні прынеслі плён. Паляна для мерапрыемства выглядала па-святочнаму прыгожа. Апошнія распараджэнні аддавала дырэктар адзела культуры і вольнага часу “Бараўскі Дом культуры” Алена Жыбуль, якая  разам са сваім калектывам прыехала  з вялікай канцэртнай праграмай. Спецыялісты гэтай жа ўстановы Вольга Сасноўская і Алена Яцук  рыхтавалі выставу вышыванак і выцінанак. Яны ж прапаноўвалі шчаслівыя білеты бяспройгрышнай латарэі. Недалёка сваю салодкую прадукцыю – мёд з уласнага падворку, выклала сям’я пчаляра Станіслава Вараксы. У паветры калыхаліся дзівосныя ваздушныя шары, якія падрыхтаваў на продаж індывідуальны прадпрымальнік Шамроў. Побач для маленькіх удзельнікаў свята рыхтаваўся батут.Трохі пазней пад’ехала гандлёвая кропка з салодкай ватай і хрумсткім папкорнам.Радасная дзятва пацягнула бацькоў рабіць першыя пакупкі.

А тым часам лавы насупраць сцэны пачалі запаўняцца гледачамі. Першыя рады паважліва саступаліся старэйшым жыхарам  вёскі. Маладзейшыя групкамі стаялі побач. Вераніца машын збоку дарогі сведчыла пра тое, што на свята завітала нямала гасцей з суседняга Вялікага Сяла. Такога наплыву людзей даўно не ведалі Паўлюці.

Словамі віншаванняў святочную праграму адкрыў кіраўнік мясцовай улады Ігар Кулакоўскі. Кранальна прагучалі радкі пра малую радзіму,  агучаныя вядучым Аляксандрам Станкевічам. На такой жа лірычнай ноце пачалі сваё выступленне самадзейныя артысты Бараўскога Дома культуры. Успомнілі ў гэты дзень і пра гісторыю населеннага пункта, які бярэ свой пачатак з канца XVIII стагоддзя, а назва пайшла ад легендарнага заснавальніка паселішча Паўлюця. Трагічнай старонкай мінулага вёскі сталі гады Вялікай Айчыннай вайны. З асобай пашананай былі названы прозвішчы ветэранаў, якія мужна змагаліся з ворагам, а потым самааддана ўзнаўлялі разбураную гаспадарку. Сярод іх вызначыліся Анатоль Шакаль, Міхаіл Небукін, Юльян Круглік, Марьян Грынявіцкі, Зоя Векша і іншыя землякі, якія засталіся прыкладам для сучаснага пакалення жыхароў Паўлюцяў.

Новым штуршком для развіцця падзей стала з’яўленне на сцэне старшыні раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Раісы Смяян. Яна не толькі выказала словы ўдзячнасці ўсім прысутным за адданасць родным мясцінам, але і ад імя свайго грамадскага аб’яднання выступіла спонсарам свята. У рамках акцыі “Белая Русь” – жыхарам сяла” першы падарунак атрымала доўгажыхарка з Паўлюцяў Ганна Францаўна Круглік. З усіх нягод, якія давялося перажыць жанчыне, самыя цяжкія ўспаміны аставілі гады гітлераўскай акупацыі. Пасля вайны яна працавала ў калгасе, выйшла замуж, нарадзіла і выгадавала шасцёра дзяцей. У сваі 92 гады яна выглядае даволі жвава і нават не адмовілася ад прапановы вядучага паказаць, як раней танчыла моладзь.

Уладальніцай наступнага падарунка у пакеце з лагатыпам “Белая Русь” стала самая юная жыхарка Паўлюцяў Марыя Шакаль. Як далей высветлілася, дзяўчына добра спявае і з’яўляецца актыўнай удзельніцай народнага лялячнага тэатра “Батлейка”. Дарэчы, сваё майстэртва яна прадэманстравала падчас канцэртнай праграмы. У гэты дзень ажыццявілася яе мара – яна стала ўладальніцай двух білетаў ў сталічны аквапарк.

Такія ж уважлівыя адносіны былі аказаны Алене і Таісіі Грынявіцкім, якія ўсё жыццё бязвыяздна пражылі ў сваёй роднай вёсцы. “Дзякуй за тое, што памятаеце”, – расчулена падзякавала адна з жанчын. Граматы і падарункі былі таксама ўручаны старасце вёскі Мікалаю Шакалю і яго аднадумцам,  якія заўсёды актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх вясковых справах. Высокую адзнаку за гаспадарлівасць, узорнае ўтрыманне падворка і дапамогу ў падрыхтоўцы да свята атрымалі Андрэй Аляксандраў, Александр Несцяровіч і  Ганна Крыловіч, дзейнасць якіх таксама была адзякавана падарункамі ад  “Белай Русі”. Не давала сумаваць і выдатна падрыхтаваная канцэртная праграма, якая нязменна суправаджалася гучнымі апладысментамі ўдзячных гледачоў. Да спадобы прыйшлося ім і выступленне народнага лялечнага тэатра “Батлейка” пад кіраўніцтвам Тамары Заблоцкай. Забаўляльны час прайшоў непрыкметна, але бяспрэчна, што ўспаміны пра свята надоўга застануцца ў памяці мясцовых жыхароў.

Прочитано 523 раз

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
http://www.minsk-region.gov.by/ru/homepage/novosti-oblasti/item/41902-svyaty-vyosak-pratsyagvayuts-svayo-shestse#sigProGalleria033a2b4c5f

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Как известно, в этот период в поле комбайнеры от рассвета и до заката…»

11.08.2019
Клецкий район, поздравление комбайнёров-трёхтысячников