Новости Воложинского района

У канцы ліпеня рабочыя філіяла КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167” прыступілі да работ на трасе Ракаў-Івянец-Дзержынова.

У гэтыя дні ўкладка асфальтабетоннага пакрыцця вядзецца ад Івянца да вёскі Камень на ўчастку прыкладна каля 5-і кіламетраў. Працуе там брыгада, якую ўзначальвае Ігар Лапуцкі.

Падчас уборачных работ у напружаным графіку працуюць установы культуры раёна.

Для стварэння працаўнікам жніва добрага настрою культработнікі арганізуюць выязныя канцэрты прама на полі. Ужо адбыліся 23 тэматычныя канцэрты практычна ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах.

Сёлета ў другі раз у раённай паліклініцы прайшоў Дзень донара. Адбылося гэта 29 ліпеня.

Бязвыплатна здалі кроў 24 чалавекі. У пераважнай большасці – самі медыцынскія работнікі. Сярод донараў былі і чатыры прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях на чале з начальнікам А. І. Сівым.

Спецыялісты Валожынскага вузла электрасувязі ўстанавілі 8 камер відэакантролю фізічным асобам. Абсталяванне прадастаўлена бясплатна.

Камеры відэаназірання з’явіліся на стаянцы для аўтатранспарту ля дамоў № 128 і № 130 па вуліцы Савецкай у райцэнтры, а таксама над пад’ездамі ў гэтых дамах. У ліпені камеры ўжо працавалі. Відэазапіс захоўваецца месяц. Тыя з жыльцоў шматкватэрных дамоў, хто пажадалі карыстацца паслугай відэакантролю, плацяць штомесячную абаненцкую плату.

Жыхары не толькі райцэнтра, але і многіх сельскіх населеных пунктаў ужо прывыклі да прыроднага блакітнага паліва, якім можна карыстацца без абмежаванняў. Праўда, ёсць у раёне вёскі, куды да гэтага часу дастаўляецца балонны газ, што стварае пэўныя нязручнасці.

У красавіку бягучага года створаны кааператыў “Вішнева-газ”, які ўзначаліў Віктар Якаўлевіч Аль. Праграма па газіфікацыі Вішнева разлічана на тры гады – 2019-2021. Уступілі ў кааператыў больш за 150 членаў, прыкладна трэцяя частка ўсіх домаўладальнікаў. Ужо распачаты праектныя работы.

У апошні дзень ліпеня раённая арганізацыя Таварыства Чырвонага Крыжа атрымала чарговую партыю ёгуртаў фірмы “Данон” з вішнёвым і персікавым напаўняльнікамі.

1952 адзінкі ёгуртаў на суму 3207 рублёў атрымалі 128 чалавек – мнагадзетныя і няпоўныя сем’і, інваліды, у тым ліку – выхаванцы дзённага аддзялення для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Фірменныя кіёскі па гандлю тытунёвымі вырабамі “Табакерка” ўстаноўлены ў цэнтры аграгарадкоў Вішнева і Багданава.

20 членаў прафсаюза ДРБУ № 167 у апошнююсуботу ліпеня пабывалі на экскурсіі ў Крэве і Смаргоні. Канчатковым пунктам падарожжа была сядзіба М.-К. Агінскага ў Залессі.

Цікава было на свае вочы ўбачыць, як вядзецца рэканструкцыя знакамітага Крэўскага замка. У Смаргоні наведалі Парк Перамогі, дзе пад адкрытым небам раскінуўся музей першай сусветнай вайны. Уразіла экскурсантаў адноўленая некалькі гадоў таму сядзіба знакамітага кампазітара Агінскага. Яны пабывалі на тэатральным прадстаўленні, якое ладзіцца па выхадных днях. Таксама наведалі зімовы сад, дзе сабраны каля 500 рэдкіх кветак і раслін.

Традыцыйныя святы вёсак, якія шмат гадоў ладзяць работнікі культуры, у Год малой радзімы набылі новы сэнс і змест.

У апошнія выхадныя ліпеня работнікі Вішнеўскага СДК правялі свята вёскі Зацішак “Родны куточак радзімы”, Дубінскога сельскага клуба – свята вёскі Дайнава “Гэта наша з табой біяграфія”, а іх калегі з Пугачоў – свята вёскі Новы Двор “Зямліцы родная старонка”. Шмат святаў запланавана на жнівень. Збяруцца разам жыхары вёсак Душкава, Вуглы, Жураўцы, Даманоўшчына. Не абмінуць і самыя маленькія населеныя пункты: разам будуць святкаваць сваё свята жыхары вёсак Засельцы-Казельшчына-Кібуці і Замасцяны-Старынкі-Шыкуці.

 

Рэгіянальныя навіны ад члена Беларускага саюза журналістаў Наталлі Штэйнер.

Прочитано 331 раз

Прямая речь

Исаченко Анатолий Михайлович

Председатель Минского областного исполнительного комитета

«…Направление работы, которое выбрано в области по устранению проблем, правильное…»

16.10.2019
г.Логойск, приём граждан