А.Турчын: «Будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў – гэта планамерная праца, якая не павінна спыняцца!»
А.Турчын: «Будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў – гэта планамерная праца, якая не павінна спыняцца!»

Яшчэ на адну навучальную ўстанову ў Мінскай вобласці стала больш. Сёння свае дзверы для выхаванцаў і вучняў расчыніў вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад - пачатковая школа № 15 у г. Маладзечна.

photo_2021-11-08_12-49-55.jpg

Комплекс пабудаваны ў мікрараёне №11 «Усходні», які развіваецца. Аднак ён дасць магчымасць забяспечыць патрэбнасць дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту ў дастойнай адукацыі не толькі гэтага, але і прылеглых мікрараёнаў горада. Гэтую падзею мясцовыя жыхары чакалі амаль дзесяць гадоў.

У дзень урачыстага адкрыцця новую навучальную ўстанову наведаў і старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын.

photo_2021-11-08_12-50-07.jpg

- Будаўніцтва школы-сада - цікавае і правільнае рашэнне. Важна для дашкалят, дзяцей, якія ходзяць у пачатковыя класы, а таксама іх бацькоў, каб установа была ў крокавай даступнасці ад дома, - адзначыў Аляксандр Генрыхавіч. - Сёння ў новым мікрараёне пражывае 4 700 чалавек, больш за 1 000 дзяцей. Думаю, што навучальны комплекс ужо бліжэйшым часам будзе запоўнены. Тут добрая матэрыяльная база, яна аптымальная да тых задач, якія трэба будзе выконваць і да сучасных патрабаванняў. Гэта сапраўды цудоўны аб'ект.

photo_2021-11-08_12-50-01.jpg

Ужо традыцыйна права перарэзаць чырвоную стужку і, тым самым адкрыць новую навучальную ўстанову, было дадзена не кіраўніцтву, а шматдзетнай сям'і Мікалая і Алены Талкач, чые дзеці Уладзіслаў і Цімафей зусім хутка стануць выхаванцамі комплексу.

- Старэйшая дачка не паспела павучыцца ў гэтай школе, затое сярэдні сёлета пайшоў у 1 клас, а ў наступным малодшы стане дзіцячых садоўцаў, - падзяліўся Мікалай. - Наколькі змаглі ацаніць з першага погляду, школа вельмі добрая. Такой у нас яшчэ не было. Яна - вельмі доўгачаканы падарунак для ўсіх жыхароў Маладзечна.

photo_2021-11-08_12-46-51.jpg

Узвядзенне аб'екта за кошт рэспубліканскага і абласнога бюджэту будаўнічае ўпраўленне №35 пачало ў кастрычніку 2020 года. І вось роўна праз год, якраз да пачатку другой чвэрці, у кабінетах і калідорах дзіцячага сада-пачатковай школы загучаць галасы дзетак.

photo_2021-11-08_12-50-13.jpg

Як расказала дырэктар навучальнай установы Таццяна Бурсава, у дзіцячым садзе - пачатковай школе будуць працаваць 8 груп для дзяцей дашкольнага ўзросту і 4 класы для навучэнцаў першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. У перспектыве пад поўную патрэбнасць могуць быць адкрыты 16 класаў. Усяго комплекс разлічаны на 471 чалавек, ужо з заўтрашняга дня за парты сядуць каля 60 вучняў, амаль столькі ж малых прыйдуць і ў дзіцячы садок.

photo_2021-11-08_13-01-58.jpg

— Для юных жыхароў Маладзечна і Маладзечанскага раёна тут падрыхтавана цудоўная матэрыяльна-тэхнічная база. Ва ўстанове адкрыта бібліятэка, абсталяваны камп'ютарны клас, музычная, гімнастычная і спартыўная залы, басейн, медыцынскі блок і сталовая, — зазначае Таццяна Яўгенаўна. — Пры неабходнасці малыя змогуць наведаць пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі і кабінет педагога-псіхолага, а таксама атрымаць дадатковыя адукацыйныя паслугі.

photo_2021-11-08_12-47-19.jpg

Вельмі дарэчы прыйдзецца і падарунак ад губернатара - сертыфікат на набыццё інтэрактыўнага стала, які таксама паспрыяе развіццю дзяцей.

photo_2021-11-08_12-50-19.jpg

Дарэчы, школа-дзіцячы сад — гэта не адзіны аб'ект, які будуецца ці добраўпарадкоўваецца ў Маладзечне.

Сёння кіраўнік цэнтральнага рэгіёну праінспектаваў работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі каля Цэнтральнай раённай бальніцы, будаўніцтве бібліятэкі і ЗАГСа, якія таксама вельмі неабходны гораду.

photo_2021-11-08_12-50-26.jpg

- Будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў у цэлым па вобласці - гэта планамерная праца, якая не павінна спыняцца. Вельмі важна ствараць якасную сацыяльную інфраструктуру для нашых людзей. Сёння мы адкрылі навучальны комплекс у Маладзечне. У бліжэйшы час - ФАП у Старых Дарогах, дзіцячы сад у Калодзішчах. Пачата будаўніцтва і новых аб'ектаў. Правільна гаворыць Кіраўнік дзяржавы, што іх трэба ўзводзіць там, дзе сапраўды ёсць неабходнасць, таму што гэта вялікія капіталаўкладанні. Напрыклад, школа-дзіцячы сад абышлася больш чым у 16 ​​мільёнаў рублёў. Грошы вялікія, таму і патрабуюць рацыянальнага падыходу, - падкрэсліў Аляксандр Турчын.

photo_2021-11-08_13-02-03.jpg