У Старых Дарогах зараз будуць гадаваць сваіх алімпійцаў. Тут адкрылі доўгачаканы ФАК
У Старых Дарогах зараз будуць гадаваць сваіх алімпійцаў. Тут адкрылі доўгачаканы ФАК

Урачыстае адкрыццё фізкультурна-аздараўленчага комплексу "Аквастар" адбылося 9 снежня ў Старых Дарогах. Доўгачаканы ФАК стаў выдатным падарункам і значнай падзеяй для ўсіх жыхароў горада, аматараў здаровага ладу жыцця, спартоўцаў. Цяпер будзе, дзе гадаваць не адно пакаленне алімпійцаў, якія прынясуць пераможную славу Старадарожскаму раёну!

Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын. Ён перадаў сертыфікат на 30 тыс. рублёў дырэктару ФАК «Аквастар» і кіраўніку ДЮСШ Старадарожскага раёна Наталлі Паўлаўскас.

Права перарэзаць чырвоную стужку было дадзена маладым спартсменам: бронзаваму прызёру Алімпійскіх дзён моладзі Беларусі па вольнай барацьбе Дзмітрыю Варончыку, сярэбранаму прызёру Міжнароднага турніру па валейболу Мікалаю Анісенка, пераможцу спартакіяды школьнікаў Мінскай вобласці па вольнай барацьбе.

Перадаў сімвалічны ключ Наталлі Паўлаўскас галоўны інжынер ААТ «Вертыкаль» Васіль Шэшка.

Фізкультурна-аздараўленчы комплекс - вялікі і светлы будынак, адзін з найпрыгажэйшых архітэктурных будынкаў горада і раёна.

Навучальныя групы па плаванні трэнерамі ўжо набраныя - гэта 50 хлапчукоў і дзяўчынак з 3-4 класаў. Будзе магчымасць прыязджаць у басейн і ў дзяцей з сельскай мясцовасці. Плануецца пачаць вучыць плаванню дашкалят.

— Напярэдадні навагодніх свят дорым жыхарам Старых Дарог і яго наваколляў такі выдатны фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Басейн у горадзе і раёне ўвогуле першы, таму ўпэўнены, што гэты аб'ект стане цэнтрам прыцягнення для ўсіх аматараў здаровага ладу жыцця. У наступным годзе будзе яшчэ адна радасная нагода для сустрэчы: адкрыем тут спартыўную залу, якая дазволіць прафесійна займацца ўсімі відамі спорту, — адзначыў старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын.

— Наведваць аб'ект змогуць спартсмены, школьнікі і іншыя гараджане. Тут прадугледжаны групы па аэробіцы, аквааэробіцы, шэйпінгу і плаванні. Будзе працаваць бонусная сістэма скідак шматдзетным сем'ям, пенсіянерам і іншым слаям насельніцтва. У спарткомплексе створана больш за 60 працоўных месцаў, - распавяла Наталля Паўлаўскас.

Паводле слоў старшыні Мінаблвыканкама, у Мінскай вобласці толькі ў адным раённым цэнтры няма басейна - ва Уздзе.

- Але мы пачалі там узвядзенне фізкультурна-аздараўленчага комплексу, у наступным годзе аб'ект будзе здадзены, - падкрэсліў Аляксандр Турчын.

Да канца 2021 года ці на пачатку наступнага адкрыюць ФАК у аграгарадку Міханавічы. Там будзе басейн для дзяцей і дарослых, пляцоўкі для гульнявых відаў спорту.