У рытме фестывалю будзе жыць Маладзечна 11 і 12 чэрвеня. Праграму музычнага форуму ведае МЛЫН.BY
У рытме фестывалю будзе жыць Маладзечна 11 і 12 чэрвеня. Праграму музычнага форуму ведае МЛЫН.BY

Самая чаканая падзея ў музычным жыцці краіны — ХХ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі — пройдзе ў Маладзечне 11-12 чэрвеня. МЛЫН.BY зазірнуў на асноўныя пляцоўкі свята і гатовы расказаць пра сюрпрызы і тэматычныя праекты, падрыхтаваныя арганізатарамі ў юбілейны для мерапрыемства год.

ХХ Нацыянальны. Дзень першы

Першы дзень маштабнага музычна-паэтычнага форуму пачнецца ў горадзе з адкрыцця выставы «Фестываль. Духоўнасць. Культура» (10:00), дзякуючы якой можна будзе прасачыць гісторыю свята, што на працягу двух дзесяткаў гадоў збірае пад летнім небам Маладзечна таленавітых паэтаў, выканаўцаў, кампазітараў, і ў той жа час запальвае новыя зоркі на беларускім творчым небасхіле.

Доўгі час яго неад’емнай часткай і галоўнай інтрыгай застаецца Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, пад час якога свае талент, чыстыя галасы і беражлівае стаўленне да беларускага слова дэманструюць юнакі і дзяўчаты з самых розных раёнаў як Мінскай вобласці, так і ўсёй краіны. У гэтым годзе яны таксама выйдуць на сцэну Палаца культуры Маладзечна (10:30) і праспяваюць любімыя творы ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам лаўрэата Дзяржаўнай прэміі прафесара Міхаіла Фінберга.

У Мінскім абласным тэатры лялек «Батлейка» адбудзецца спектакль «Казкі з куфэрка», краязнаўчым  музеі — персанальная выстава «Спявак культуры края» скульптара, ураджэнца Мінскай вобласці, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Фінскага. 

У межах праекта «Асоба эпохі» (15:00) плануецца творчая сустрэча з народнай артысткай Беларусі, лаўрэатам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Анастасіяй Масквіной, пасля якой арганізатары мерапрыемства запросяць усіх жадаючых на канцэртную праграму «Музыка беларускіх кампазітараў» народнага духавога аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага.

Ну а галоўнай падзеяй першага фестывальнага дня стануць, канешне ж, урачыстая цырымонія адкрыцця і ўзнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, а таксама прэм'ерная канцэртная праграма «Талака», прысвечаная памяці класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча і знакамітага піяніста і аўтара песень Ігара Паліводы. Урачыстую праграму, якая пачнецца ў 21 гадзіну 30 хвілін, прадставяць салісты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі прафесара Міхаіла Фінберга.

Апоўначы, у гонар ХХ, юбілейнага фестывалю, неба расквеціць салют.

ХХ Нацыянальны. Дзень другі

Другі дзень творчага форуму пачнецца з канцэрта акадэмічнай музыкі «У гонар беларускай музычнай будучыні» творчых калектываў Заслужанага калектыву «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі» і прадоўжыцца гала-канцэртам «Маладзічок запальвае зоркі»  з удзелам лаўрэатаў ІX Адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні «Маладзічок — 2021», які пройдзе ў 11:00 на сцэне канцэртнай залы Палаца культуры.

У 14:00 заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Навум Гальпяровіч закране актуальныя праблемы сучаснасці, развіцця беларускай літаратуры, ролі роднай мовы ў фарміраванні грамадскай свядомасці і культуры ў аўтарскім праекце «Суразмоўцы» тэлеканала «Беларусь 3». Яго гасцямі стануць старшыня Беларускага Саюза кампазітараў Беларусі Алена Атрашкевіч, першы намеснік старшыні грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Алена Стэльмах, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі — дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Cуша.

Музычна-паэтычная гасцёўня «Святло Радзімы. Радасць Перамогі», з удзелам беларускіх паэтаў, дзеячаў культуры і мастацтва Беларусі, адчыніць свае дзверы ў 16:00. Месцам сустрэчы аднадумцаў стане гарадскі Палац культуры, у сценах якога (17:00) пройдзе, у тым ліку, і спектакль «Паўлінка» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Канцэрт-закрыццё ХХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна — 2021» адбудзецца ў летнім афітэатры горада ў 21:30. Жыхары і госці горада змогуць атрымаць асалоду ад юбілейнай канцэртнай праграмы «Маладзечна — насустрач шлягерам» з удзелам зорак беларускай эстрады, пераможцаў конкурсу маладых выканаўцаў розных гадоў.

Песняру прысвячаецца

У нядзелю, 13 чэрвеня (18:00), асаблівым падарункам жыхарам і гасцям горада стане канцэртная праграма «Прысвячэнне песняру», прымеркаваная да 80-годдзя Уладзіміра Мулявіна.

Правіць баль на сцэне Палаца культуры Маладзечна у гэты дзень будзе Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры», які ўжо шмат гадоў з’яўляецца візітоўкай Беларусі. Склад выканаўцаў калектыву змяніўся, аднак песні, якія яны выконваюць, застаюцца любімымі многімі пакаленнямі. «Беловежская пуща», «За полчаса до весны», «Касіў Ясь канюшыну», «Старый клён», «Родина моя, Белоруссия», гучаць пад час канцэртаў, у эфіры радыё, з экранаў тэлебачання,  радуючы сваёй мілагучнасцю і напаўняючы сэрцы людзей пачуццём любові да сваёй зямлі і радзімы.

Горад, як канцэртная пляцоўка

На працягу фестывальных дзён святочную пляцоўку будзе нагадваць практычна ўвесь горад. Акрамя асноўных мерапрыемстваў гледачам і ўдзельнікам музычна-паэтычнага свята прапануюць: аўтарскі праект кампазітара Дзмітрыя Лыбіна «Гісторыя і сучаснасць. Музычныя інструменты розных эпох», канцэрт беларускай духоўнай музыкі ў рамках культурна-адукацыйнага праекта «Музыка беларускіх кампазітараў — пакаленню XXI стагоддзя» ў выкананні харавога ансамбля «Concertino» Беларускага саюза кампазітараў, новую канцэртную праграма ў выкананні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі», які пройдзе ў Чысцінскім Доме культуры і інш.

Распачнуць у гэтыя дні сваю працу і адкрытыя пляцоўкі, якія размесцяцца на Цэнтральнай плошчы, вуліцы Прытыцкага, у гарадскім парку культуры і адпачынку імя Перамогі, а таксама каля кінатэатра «Радзіма».

Акрамя таго, напярэдадні фестывалю жыхары і госці Маладзечна змогуць стаць удзельнікамі арт-праекта «Фестывальны шлях», які разгорнецца ўздоўж парка па вуліцы Вялікі Гасцінец і адлюструе яскравыя моманты і падзеі творчага фэсту.

З мэтай папулярызацыі беларускага слова, знаёмства насельніцтва з роднай мовай, паэзіяй паэтаў-класікаў і сучасных творцаў запланаваны праект «Роднае слова». Каляровыя макеты і афішы, што будуць размешчаны ў яго межах на вуліцах горада, інфармацыйных стэндах, прадэманструюць каларыт і багацце беларускай мовы, а таксама зацікаўленасці жыхароў горада да роднага слова.