У Валожыне з’явілася ўніверсальная спартыўная пляцоўка каля фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Аб’ект абсталяваны такім чынам, што аматары здаровага ладу жыцця могуць пазаймацца тут валейболам, баскетболам, стрытболам, хакеем, а таксама пакатацца на каньках. Урачыстае адкрыццё пляцоўкі адбылося сёння, піша газета «Працоўная слава».
Новы спартыўны аб’ект адкрыўся па ініцыятыве райвыканкама і дзякуючы фінансавай падтрымцы Галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама.
Ганаровае права перарэзаць сімвалічную стужку атрымалі кіраўнік раёна Яўгеній Круковіч і яго намеснік Ігар Шакун, а таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Бібік.
Лагічным завяршэннем значнага для валожынцаў мерапрыемства стаў турнір па стрытболе, удзел у якім прынялі выхаванцы аддзялення баскетбола спартыўнай школы.