Заслужаны трэнер БССР - Уладзімір Анатольевіч Рыбак.
Першая перамога вучня Слабада-Кучынскай школы Капыльскага раена Уладзіміра Рыбака ў спаборніцтвах па лыжах адбылася у далекім 1966 годзе на раенных лыжных гонках. Яго адразу ўключылі ў зборную раёна. А самае галоўнае — выдалі лыжы з абуткам, паколькі каталіся яны на лыжах з мяккімі мацаваннямі.
У 1967 годзе здольны юнак паступіў ў Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры. Прымаў удзел у спартакіядзе БССР па лыжных гонках. Затым перайшоў на спартыўную хадзьбу. На першынстве рэспублікі сярод юнакоў (1968 г.) Уладзімір заняў першае месца, выканаўшы нарматыў кандыдата ў майстры спорту СССР.
Пасля тэхнікума працаваў у Капыльскай СШ №2. Спартыўны клуб СКА (Мінск) запрасіў маладога трэнера і перспектыўнага спартсмена для паступлення ў ВІЗРУ. Але лёс распарадзіўся інакш: на занятках Уладзімір атрымлівае пералом тазасцегнавога сустава.
Але спорт ён не пакінуў. З 1970 па 1995 гг. У. А. Рыбак быў старшынёй Камітэта па фізічнай культуры і спорце райвыканкама. За гэты час было шмат чаго зроблена: пабудавана асветленая лыжная траса і біатлоннае стрэльбішча з удзелам настаўнікаў фізічнай культуры і трэнераў; пры падтрымцы міністраў спорту БССР і СССР у ваенных знайшлі спісаны танкавы мост і уладкавалі, каб зручней было пераходзіць Капыльскае возера з зоны адпачынку да пабудаванага ФАКу; за кошт базавых гаспадарак за 5 гадоў было накіравана 20 чалавек на вучобу ў інстытут фізічнай культуры і Гродзенскі тэхнікум; у в. Семежава адкрыта спартыўная школа па гандболе; адкрыта ДЮСШ па конным спорце на базе калгаса «Новы свет».
Пад кіраўніцтвам Уладзіміра Рыбака пяць разоў Капыльшчына займала 1-е месца ў Рэспубліканскім сацыялістычным спаборніцтве па фізічнай культуры і спорту, восем разоў — у абласной круглагадавой спартакіядзе. чэмпіёнкамі раёна, прызёрамі ў вобласці.
У апошнія гады Уладзімір Рыбак працаваў трэнерам ДЮСШ па лёгкай атлетыцы і падрыхтаваў выдатных спартсменаў, многія з каторых накіраваны для навучання ў алімпійскія вучылішчы, у тым ліку і пераможца этапаў Кубка свету па біятлоне Аляксандр Сыман, Вольга Нагорная — чэмпіёнка Рэспублікі Беларусь у складзе каманды «Бабруйчанка», майстар спорту па футболе.
За свае спартыўныя і працоўныя дасягненні Уладзімір Рыбак узнагароджаны Ганаровымі граматамі і знакамі спартыўнага камітэта СССР і БССР, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Яму прысвоена званне «Заслужаны трэнер БССР".
Уладзімір Анатольевіч разам з жонкай выхаваў дачку. Падрастаюць двое ўнукаў. Усе яны, як і дзядуля, сябруюць са спортам. Сам Уладзімір Анатольевіч актыўна удзельнічае у рабоце савета ветэранаў па патрыятычнаму выхаванню моладзі.